Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
1986
ПЯТРО З ДАБРЫНІ
Міжгародні аўтобус.
Дарога далёкая, недзе за сем гадзін язды, дык міжволі нагледзішся i наслухаешся, што робіцца-дзеецца ў салоне, што за людзі твае выпадковыя спадарожнікі. Бывае, нехта спадабаецца паважнай гутаркай i такімі ж паважнымі паводзінамі, нехта насцярожыць падазронымі позіркамі i мітуснёй, нехта прыцягне ўвагу маўклівасцю i заклапочанасцю, a хтосьці так абрыдзе балбатнёй, выхілкамі, непавагай да суседзяў па паездцы, што зненавідзіш яго на ўсё жыццё. Адным словам, кожнае падарожжа — штосьці знаёмае, адно i тое ж, клопатнае i крыху стамляльнае, але разам з тым i асвяжальнае на ўражанні, на сустрэчы з людзьмі. Такое ж было i ў маёй леташняй паездцы па дарозе «Рэчыца — Мінск». Як помніцца, тады ў Светлагорску пасажыраў прыбавілася. Заскочылі маладзенькія, чырванашчокія дзяўчаткі-модніцы («З вёскі, паступілі некуды вучыцца»,— падумаў я), увайшла са старой, перавязанай аборкаю сумкай старая кабета («едзе ў Бабруйск альбо ў Мінск да дзяцей»), а пасля зайшла i аблюбавала за мной месца дзябёлая, рыжаватая i крышку рабаціністая, але вабная маладзіца i амаль услед, паставіўшы ў аўтобусны багажнік чамадан i развітаўшыся на пероне з пажылой кабетай, заявіўся гонкі, сіваваты мужчына ў сціплым шэрым касцюме, ведучы перад сабой малога, гадоў трох, паўнаватага, рыжанькага хлопчыка, вельмі падобнага на жанчыну, якая толькі што зайшла. Селі разам. Значыць, гэта была адна сям'я. Пра ix я падумаў тое ж, што маглі падумаць, мабыць, i вы: былі ў бацькоў, у адной з вёсак за горадам, а вось цяпер вяртаюцца туды, дзе цяпер жывуць. Зноў жа — у тыя ж Бабруйск альбо Мінск, куды неўзабаве памкнецца наш аўтобус.
Хутка вярнуліся з ведамасцю ад дыспетчара два шафёры, адзін сеў у кабіну, другі — на пярэдняе месца, i вялікі, з мяккімі, пакрытымі белымі чахламі крэсламі, аўтобус пачаў вырульваць з перона на вуліцу. Кабета на пляцоўцы пайшла побач i замахала рукой рыжанькаму ўнуку i яго бацькам.
— Шкадуе, што рана ад'язджаем, што не ўсё яшчэ зрабілі...— незычліва прамовіла маладзіца.
Мужчына не адказаў, толькі, здалося мне, нялёгка ўздыхнуў i ўсеўся ямчэй — здаецца, адкінуў назад спінку крэсла i прылёг.
Як i казаў, хочаш ці не хочаш, але мне прыходзілася ўсё чуць. Спачатку я, канечне, не зразумеў, з каго i з чаго кпіць маладзіца, а затым, калі яна пачала болей гаварыць, пачаў пакрыху i здагадвацца.
— Я ўжо не раз гаварыла, а цяпер скажу цвёрда: больш да тваёй мамачкі не паеду,— ужо гнеўна дадала яна.— Добра гэта ці блага, залюбіш ты ці не залюбіш — мне ўсё роўна. Не пакажу больш носа — i ўсё. Ты як хочаш: не дарагая табе свая сям'я, не шкадуеш, не клапоцішся пра нас, даражэйшая мамачка i яе гарод — ездзі адзін, рабі. Даставай дровы, матэрыялы, хату рамантуй, гной выкідай, соткі ўпарадкавай. Аблізніся (яна так i сказала: аблізніся) — i назад. Ледзь упаўзі ў кватэру — i на канапу! Што табе з таго, што мне трэба дзяцей у школу адправіць, у кватэры прыбраць, абед падрыхтаваць, у час на работу паспець, а пасля пабегаць па магазінах, вячэру зрабіць, бялізну памыць ды прыглядзець, як дзеці ўрокі вучаць... Не, больш сюды я ні нагою. Не хачу ні сумак цягаць, ні здароўе апошняе лажыць на сотках. Не хачу, каб людзі з мяне смяяліся, што дурная як пень...
Слухаючы, я аж хітнуў сам сабе галавой: старая, як i гэты свет, гісторыя — нявестка не ладзіць са свекрывёю, адваблівае ад яе сына.
Мужчына доўга маўчаў, a маладзіца ўсё выгаворвала i выгаворвала тое, што, мусіць, непакоіла яе ўжо даўно.
— Знайшла дурных! Калі якая цяжкая работа, дык адразу ж звоніць нам: «Прыедзьце, памажыце, Пятро i Зоя!» Што там вашы клопаты?! Галоўнае — мае. Але як памагчы, даць што — дык найперш Васільку i Верачцы...
Яна то гаварыла шэптам, то, забываючыся i абураючыся, павышала голас — скардзілася, папікала i тое, што не чула нічога ў адказ, здаецца, яшчэ болей распальвала яе. Я перастаў усміхацца: не, тут не звычайнае жаночае непаразуменне, тут — ужо сапраўдны канфлікт.
— Хоць бы калі разочак запытала: можа, i вам, Пятро ды Зоя, памагчы? Купіце ўжо i вы такую мэблю, якую маюць Васілёк i Верачка, а заадно вазьміце халадзільнік, тэлевізар каляровы. Усе жывуць як людзі, дык i вы пажывіце ўжо... Толькі падайце голас — памагу, падзялюся. Дык не. I не папытае ніколі пра тое, што трэба, i не дасць. I ты, цямця-лямця, не загаворыш пра гэта. Сорам, ніякавата ўсё табе! А вось Васілёк i Верачка не саромеюцца выцыганьваць ад маці i ад цябе. Саплякі яшчэ, a ўжо вунь што маюць! Не ты, старэйшы, a Васілёк «Жыгулі» мае, а Верачка на «Масквіч» збірае. I збярэ. Ды што я кажу? Не збярэ, а забярэ ад маці, а то яшчэ i ў цябе апошняе падчысціць. А ты, дурань, укалвай i на сваёй рабоце, i на матчынай гаспадарцы, памагай ім грошы зарабляць! Сябе не глядзі: ат, не трэба мне пышноты-дурноты, я i так, як ёсць, пражыву. Не ў лапцях жа хаджу i не на лаве сплю!