Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
У пятнаццатым годзе ў нас нарадзіўся Алежка. Я жыла тады ў бацькоў у Полацку, Кірыл быў на фронце, ён служыў палкавым свяшчэннікам у Галіцыі, часта пісаў пра пакуты рускага салдата-акопніка ў той вайне. Праз год улетку прыехаў на пабыўку, падарыў на кароценькае шчасце і паехаў. І тут я, ведаеце, неяк бы падрасла ці пасталела, можа, пад ягоным уплывам ці таму, што стала маці, але менавіта з таго лета ў мяне мала што засталося ад дэмакратызму маёй маладосці і ўпершыню прыадкрылася вялікая таямніца бога. А можа, таму, што час перамяніўся — насталі доўгія гады разрухі ў тыле, няўдач на фронце, людскіх трагедый. Якраз улетку таго года загінуў у баі пад Рыгай мой стрыечны брат Юра, каторага я так любіла. Слаўны быў, чысты хлопчык, пайшоў з патрыятычных перакананняў вольнаапрадзяляюшчымся ў артылерыю, але паступова расчараваўся ў вайне, незадоўга да пагібелі пісаў поўныя ўпадку пісьмы і загінуў, ратуючы батарэю ад непрыяцеля. Помню, мяне тады ўразіла гэта — зненавідзеў вайну, франтавыя парадкі, начальства, а калі настаў час — праявіў геройства і загінуў, да канца выканаўшы свой абавязак. І я думала: што гэта — вышэйшая доблесць ці хлапечае глупства? Я ўсё прымервалася да характару брата і не магла зразумець, ці здольна я на такое…
— Ну, а вам нашто было прымервацца? Вы ж жанчына. Ды яшчэ маладая мамаша, — сказаў Агееў.
— Напэўна, у тым і ўся справа, што стала маці. Гэта, ці ведаеце, заўжды мяняе псіхалогію жанчыны, асабліва ў трудны час, прывязвае да дзіцяці, ведаеце, да мужа таксама. Я гэта зразумела, калі дачакалася нарэшце Кірыла — прыйшоў неяк пад восень у семнаццатым, змораны, абвашыўлены, душэўна надламаны. Кастрычніцкі пераварот ён сустрэў спакойна, без асаблівай радасці, але і без гора — сам ён паходзіў з сялян, ведаў жыццё бяднейшых класаў, блізка прымаў іх інтарэсы і клопаты. Многае ў старым рушылася, бурылася, перайначвалася, але, здавалася, усё гэта рабілася дзеля выгады працоўных мас, для карысці народа. А калі для народа, дык якія маглі быць сумненні — народ мы паважалі з дзён нашай маладосці, для народа мы гатовы былі на ўсё. І калі ў нас разбурылі маёнтак Бротберга, спалілі бібліятэку, паламалі дарагую мэблю, скульптуру, Кірыл абурыўся — усё гэта дужа б спатрэбілася для новай народнай улады. Але маёнтак няхай, маёнтак, урэшце, дзела нажыўное, а вось тое, што расстралялі дырэктара народнага вучылішча, які ўсім сэрцам і справамі служыў менавіта народу, гэта ўжо было чорт ведае што! А расстралялі толькі таму, што той спрабаваў не даць рабаваць маёнтак, маючы на ўвазе перанесці туды вучылішча, дык яго расстралялі як абаронцу буржуазіі, а маёнтак спалілі. І хто? Тыя самыя цёмныя, паднявольныя мужыкі, дзеці якіх вучыліся ў народным вучылішчы ў гэтага самага дырэктара Івана Іванавіча Посных. Можа быць, гэты выпадак упершыню, а пасля і многія да яго падобныя вымусілі мяне зразумець, што людзі дзеляцца не па саслоўнай ці класавай прыналежнасці, не па прафесія і пасадах, а на добрых і злосных і што на аднаго добрага ў жыцці трапляе дзесяць злосных. І што дабрата немагчымая без бога, а са злом у чалавеку абавязкова пасяляецца д’ябал, якому ўжо ніхто не дасць рады.
Пасля грамадзянскай вайны Кірыл атрымаў прыход у родным мястэчку. Да нас тут доўгія гады раскашаваў айцец Піліп Заяц, гэта, я вам скажу, быў далёка не лепшы са служак боскіх, ды і з сыноў чалавечых таксама. Тыповы поп-абірала, абібок і п’яніца, якіх тады нямала развялося ў правінцыі. Гэты ўмеў прыладзіць рэлігію да свае асобы, ды так спрытна, нібы яна была для яго і створана богам. Пападдзя таксама папалася ў пару да бацюшкі, такая ж прагная і карыслівая, зрэшты, яна і кіравала папом і прыходам — цёмная, злосная баба. Да рэвалюцыі прыхаджане штогод падавалі скаргі, ездзілі ў сінод нават, але Заяц, дзе трэба, умеў прыкінуцца ягнём, а тым, хто паскардзіўся, пасля люта помсціў. Апошні раз скаргу на яго склала маладая фельчарка, дык ён давёў яе да самагубства — атруцілася морфіем. І мёртвай яшчэ помсціў — не даў пахаваць на могілках, закапалі за плотам каля дарогі. Але ўсё ж не скаргай, дык смерцю сваёй яна дамаглася, што Зайца знялі з прыхода, замест прызначылі айца Кірыла. Пераехалі мы ў гэтую во хату. Некалі тут мінула дзяцінства мужа, пасля прайшло дзяцінства нашага Алежкі. Я ў школе ўжо не рабіла, была простай хатняй гаспадыняй, пападдзёй, жылі мы пераважна з гарода ды з таго нямногага, што ахвяравалі прыхаджане. Трудна жылося. Але тады ўсім трудна жылося. Я палюбіла гэты дворык, і дом, і суседзяў на вуліцы — усе яны былі працавітыя, бясхітрасныя людзі. Я старалася з усімі жыць у міры і згодзе, чым магла памагала мнагадзетным, вулічным рабятам, у нас паявіліся сябры з простанароддзя. Інтэлігенцыя — настаўнікі, саўработнікі неяк з намі не надта вадзіліся, але бог і імі, я іх разумела. Пасля стала горш, айцец Кірыл захварэў, стаў кепска спаць, часта нерваваўся, хаця спраўна адбываў службу, ездзіў на трэбы, сумленна рабіў усё, што належала рабіць прыходскаму свяшчэнніку. Але разгортвалася барацьба з рэлігіяй, і, як гэта нярэдка бывае, гэтая барацьба стала персаніфікавацца, набываць канкрэтны характар. Панятна, што айцец Кірыл стаў першым аб’ектам гэтай барацьбы. Часта сталі парушаць парадкі абедні — то выкрыкі, то п’яная свара. Пасля сталі яго выклікаць — пераважна ноччу — у ГПУ, у сельсавет, а то на дыспуты з народам. Ён не працівіўся, паслухмяна хадзіў, удзельнічаў у дыспутах, дзе, канечне ж, верх браў не ён. Верх заўжды быў за Коськам Брытым — не ведаю дагэтуль, дзе тут ад мянушкі, а дзе ад прозвішча. Але аднойчы, калі айцец Кірыл расказваў аб паходжанні святога Евангелля, гэты Коська Брыты сразіў яго воклічам: «А ты сам бога бачыў?» Айцец Кірыл узяўся тлумачыць, што бога немагчыма ўбачыць, што гэта хутчэй нраўственнае паняцце, чым персона, але гэты Брыты дабіў яго рэплікай аб тым, што «нраўственнасць ці наравітасць — гэта ад кабылы, якая не хоча ісці ў аглоблі, а мы, маўляў, людзі свабодныя, цяпер нам воля, і пляваць мы хацелі на бога».