Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
— Я вас слухаю...
Нават не здзівіўся! Нібыта жыве ў нейкім іншым свеце, і падзеі гэтага не могуць узрушыць яго.
Дзяўчыне з цяжкасцю ўдалося падабраць словы. Яна здагадваецца, што госць мае незвычайную біяграфію, ён не з мужыкоў — гэта відаць, прабачце. У тым, што ён сёння гаварыў, ёсць нейкая дзіўная, незразумелая ёй праўда, адрозная ад той праўды, на якой выхоўвалі яе самую. На жаль, ёй няма з кім размаўляць пра такія... філасофскія, не пасуючыя дзяўчыне матэрыі.
— Вы сказалі, што мёртвыя павінны хаваць сваіх мерцвякоў. А ў гэтым доме толькі мерцвякі — сапраўды жывуць... А жывыя — цені, каштоўныя толькі сваёй памяццю аб памерлых.
Галена сама не верыла, што можа гаварыць такое,— маці, пачуўшы, не даравала б ніколі. І з кім гаворыць? З бадзягам, выпадковым госцем. А той уважліва слухаў, злёгку нахіліўшы галаву, і яго доўгія валасы звісалі гладкімі пасмамі паўзверх запалых шчок, і ў цьмяным святле вочы здаваліся ненатуральна вялікімі — як дзве азярыны.
— Давайце прысядзем, ваша міласць... Вось тут, на лаўцы... Зручна? — Ён прыладкаваўся насупраць яе на невялікім зэдліку.— Мне шкада чуць ад вас такія горкія словы. Бо вы маеце рацыю — мёртвыя не мусяць уладарыць над чалавекам. Але так здараецца амаль заўсёды. Так, гэта цяжка... Але хто сказаў, што нам павінна ў гэтым жыцці быць лёгка? Праўда і ў тым, што нельга, каб магільныя камяні засланялі неба. Мінулае, з якога не пракладзеныя сцяжынкі ў будучыню, перастае існаваць. Бо для Госпада няма мінулага і будучыні. І няма іх для душаў.— Памаўчаў, неяк вельмі пранікнёна прамовіў: — Прабачце мяне за дзёрзкае пытанне, але... Чаму вы не выйшлі замуж? Гэта быў бы ратунак — і для вас, і для ўсяго гэтага дому. Новае жыццё... Дзеці... Працяг роду...
Галена пачырванела, радуючыся, што ў цемры гэтага непрыметна. Чаму яна наважылася быць шчырай?
— Вы можаце сабе ўявіць, каб у гэтым доме-труне з’явіліся жаніхі? Дый нават калі б было не так — наўрад ці я змагла б звязаць свой лёс з чалавекам...— Галена хацела дадаць — «звычайным», але гэта было як прызнаць незвычайнай сябе. І, каб згладзіць няёмкасць, яна проста папрасіла госця, як і тады, у зале, расказаць пра свае падарожжы.
І той загаварыў... Безумоўна, ён колісь атрымаў выдатную адукацыю — добра валодаў словам і тым, што называецца «паэтычным мысленнем». Але была яшчэ адна неацэнная якасць — ён не баяўся сказаць нешта не так, недастаткова прыгожа ці разумна, не думаў пра ўражанне, якое робіць на суразмоўцу. У расповедзе паўставалі бясконцыя дарогі, то засыпаныя сумётамі, то ўсланыя восеньскай лістотай, то пыльныя, спякотныя, на якіх босая нага пакідае такі след, быццам узляцела птушка.
...Скіт з пачарнелага ад часу дрэва, на выспе пасярод зарослага лілеямі возера, і манах-чарнец корміць з рукі лебедзяў... Манастыр са сценамі, абпаленымі пажарам вайны, з вышчарбінамі ў сценах ад куль, і абраз у правым нефе міраточыць... І кожная аблачынка здаецца ўвасобленай малітвай, пазалочанай сонцам — Боскай увагай.
— Я пайду з вамі.
Паломнік упершыню нібыта ўзрушыўся:
— Гэта немагчыма...
Галена да болю сціснула свае далоні, быццам рыхтавалася скочыць з абрыву.
— Не лічыце гэта дамскім капрызам. Я больш не магу так — пахаванай жыўцом. Я не спешчаная, бездапаможная засцянковая паненка. Паверце, я дастаткова моцная і непатрабавальная, магу шмат прайсці пешшу, і згатаваць ежу, і ўвогуле зрабіць любую чорную работу. Шмат жанчын ходзяць гэтак жа, як вы, па святых мясцінах,— і прагаварыла хутка, нібыта баючыся сваіх слоў: — І... я пайду за вамі, куды б вы ні пайшлі.
Госць нахіліў галаву:
— Паўтару — гэта немагчыма. Я разумею, што вы атрымалі незвычайнае выхаванне. Можна сказаць, спартанскае. Але вы ўспрымаеце мяне праз свае рамантычныя ўяўленні. Я не той, кім вы мяне палічылі. Я ўсяго толькі варты жалю грэшнік.
Галена нават усміхнулася:
— Гэта не тыя словы, якімі можна мяне адпудзіць. Праз гадзіну я буду сядзець ля прыдарожнага крыжа, там, на павароце за сядзібай. Нікому не ўдасца мяне затрымаць ці адгаварыць. І я не буду прэтэндаваць на асаблівую ўвагу. Я разумею, вы — святы чалавек і жаночыя вабнасці вас не кранаюць. Тым больш,— горка ўсміхнулася,— я не магу асабліва чымсьці ў гэтым плане пахваліцца. Бачыце, маці не навучыла мяне нават прыстойнай дзявоцкай сарамяжнасці.
Госць глядзеў на яе, і ў цёмных вачах ягоных люстравалася яе пакута.
— Ты вельмі прыгожая, Галена. Павер. І я мог бы закахацца ў цябе — смяротна, на ўсё жыццё закахацца. Каб не быў... тваім братам.
Апошнія словы госць прашаптаў так ціха, што Галена хутчэй здагадалася, чым пачула.