Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Старэйшы з гасцей прамаўляў менавіта так, як чакала гаспадыня.
— Прытулі, Госпадзі, чыстыя душачкі загінулых воінаў у сваіх лепшых церамах завоблачных, бо былі яны воямі магутнымі і жыцця не шкадавалі дзеля бліжніх сваіх... І кроў іхняя на святым-белым Алатыр-камені, а слава іхняя на ўсіх пляцах звонам-гудам...
Другі госць упарта маўчаў, і Галене рабілася ўсё больш і больш няёмка ад позіркаў яго цёмных, глыбокіх, як студня, вачэй. Праўда, збольшага паломнік глядзеў у старанна наваскаваную, як было прынята ў гэтым доме на працягу стагоддзяў, падлогу.
— А ты, чалавеча, што можаш сказаць пра вояў з гэтага дома?
Паломнік падняў галаву:
— Вашы сыны верылі ў тое, за што змагаліся. Вера многае выкупляе.
Пані неўразумела прыўзняла бровы:
— Выкупляе? Што ты вярзеш, мужык?
Госць, аднак, не апусціў вачэй і працягваў тым жа спакойным, нават адсланёным голасам:
— Калі вядзецца вайна, гінуць не толькі воі... І не толькі вінаватыя. Той, хто ўзяў меч, мусіць быць гатовы адказваць за пралітую кроў. Асабліва калі гінуць тыя, хто верыў табе.
Голас пані быў халаднейшы за мокры вецер, які стукаўся ў шыбы.
— Якое права маеш ты гаварыць такое?
Паломнік нахіліў галаву:
— Я ваяваў.
Голас пані памякчэў:
— Ты, відаць, моцна пакутаваў. Але хіба ты збіраўся аддаць жыццё за нешта благое? Або цябе гвалтам прымусілі ўзяць зброю?
Паломнік ледзь заўважна ўсміхнуўся ў бараду:
— Ніхто не змог бы прымусіць мяне стаць воем, як нельга прымусіць пакахаць. Я верыў у тое, за што пайшоў на смерць. Але я занадта мала ведаў пра жыццё і смерць. І нічога не ведаў пра Таго, хто ўладарыць над жыццём і смерцю, бо Яго не было ў маім сэрцы, апантаным юнацкай прагай славы.
— Цяпер ты паразумнеў? — у пытанні была не шкадоба, а лёгкая пагарда.
Вочы госця былі зусім ясныя.
— Розум — ненадзейны правадыр таму, хто шукае шлях да Госпада. Гэта гардыня, ланцуг, які прывязвае чалавека да ягоных мерцвякоў і не дае ўзыходзіць любові да ўсяго Божага свету. У Бібліі сказана — няхай мёртвыя хароняць сваіх мерцвякоў. Малітва мацней ведаў і зброі. Я проста навучыўся маліцца. За памерлых герояў. І за ворагаў.
Пані амаль зласліва адвярнулася:
— Як хрысціянка, я не магу адпрэчыць сілу малітвы.
Галена адчула, што патрэбна ўмяшацца,— маці магла зазлаваць усур’ёз.
— Раскажыце пра свае падарожжы.
Дзядок удзячна пачаў гаманіць пра святыя мясціны, дзе давялося пабываць, пра добрых людзей, што паспрыялі ў дарозе, як і яе мосць пані Вайтылава. Вось мінулай ноччу іх прытулілі ў доме шаноўнага пана Гаеўскага, што за некалькі вёрст адсюль, і дачка пана Гаеўскага перадала ахвяру на свечку да абраза Смаленскай Маці Божае, і, вядома, яны гэтую свечку паставяць і памоляцца за маленькага паніча, які пакутуе на хваробу горла...
Пані, не слухаючы далей, узнялася і моўчкі пайшла ў апачывальню.
Пакаёўка, скіроўваючыся за гаспадыняй, злосна прашыпела паломнікам:
— Гэць адгэтуль. Разбалабоніліся. Ідзіце ў гасцявую, і каб раніцай духу вашага не было, гіцлі.
Дзядок разгублена пераступіў з нагі на нагу, не разумеючы, з чаго ўгневалася пані, перахрысціўся і сышоў. Малады паломнік нейкі час глядзеў на дзверы, за якімі знікла гаспадыня, потым зноў неяк асабліва ўсміхнуўся і, не выказваючы ні здзіўлення, ні прыкрасці, таксама павярнуўся, каб сысці.
— Пачакайце!
Галена чамусьці сказала гэта па-французску. Але госць спыніўся, на імгненне застыў у дзвярах, нахіліўшы галаву. Потым зірнуў у твар дзяўчыне.
Галена зноў адчула нязвыклую няёмкасць:
— Слухай... Ты... вы не павінны крыўдзіцца на маці. Проста той пан, у якога вы спыняліся, нядобры чалавек. Ён... ягоная частка віны ў тым, што мае браты загінулі.
— Я ведаю пра гэта,— ціха прамовіў госць.— Не турбуйцеся. Мяне нельга пакрыўдзіць. Ноччу я буду маліцца за гаспадыню гэтага дома.
Ён яшчэ раз дзіўна зірнуў на яе, быццам жадаючы запомніць нешта важнае. Дзяўчына раптам усвядоміла, які ён гожы — нават з гэтым пачварным шнарам і ссівелымі доўгімі валасамі, са сваёй худзізнай і ў лахманах... Прыгожы, як вызубраная, пазбаўленая аздабленняў зброя,— бо прыгажосць улітая ў сталь, з якой яе скавалі.
Галена глядзела, як ён спускаецца па лесвіцы, лёгка кратаючы драўляныя парэнчы тонкай рукой. Яна бачыць яго апошні раз...
Лампада ледзь асвятляла невялікі пакойчык, падобны на келлю. Перад абразамі ўкленчыла постаць...
— Прабачце, я хацела толькі запытаць...
Галене давялося паўтарыць свой зварот яшчэ раз, гучней, рызыкуючы пабудзіць дзеда, які пахропваў дзесьці за сцяной, у сумежным з малельняй пакоі для падарожных. Госць падняўся, перахрысціўшыся, нетаропка падышоў.