Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Галена не задумвалася пра свой лёс. Вядома, калі так здарыцца, што трэба будзе пакінуць Гайвароны — прычынай гэтаму стане толькі герой і пакутнік. Такі ж, як яе браты. А пакуль спраў хапала. Хаця б — клапаціцца пра тых, у каго няма нават абрабаванага маёнтка. У Гайвароны, не баючыся, заходзіў і сляпы лірнік, і гаманлівая цыганская чарада, і паломнікі, што крочылі па святых мясцінах, знаходзілі тут начлег і хлеб. Вось і цяпер... Дзяўчына заспяшалася да дома па цёмнай прысадзе, раскідваючы лёгкімі крокамі апалую лістоту, ужо не залатую, а ржавую, быццам высахлая кроў,— перад ганкам бачыліся дзве шэрыя постаці, і нават здалёк у іх адчувалася асаблівае змірэнне, уласцівае тым, хто жыве з чужой літасці.
Маці ўжо стаяла на ганку. Дакорліва зірнула на дачку. Чаму Галена так і не перастала адчуваць ад такіх позіркаў пякучую хвалю сораму — рыхтык як у дзяцінстве, нават калі правіна была зусім нязначная?
Паломнікі ішлі з Жыровічаў, ад цудатворнага абраза Маці Божае. Сівенькі дзядок увесь свяціўся нядаўнім далучэннем да цуда — здавалася, што кавенька ў яго руцэ дрыжыць таксама ад узрушэння. Стары бясконца прамаўляў словы ўдзячнасці і малітвы слабым, бы кепска нацягнутая струна, голасам, і здавалася, нібыта ён размаўляе на птушынай мове. Дзед Галене спадабаўся — у яго змірэнні не было ні прыніжанасці, ні сялянскай хітрынкі. Не было іх і ў другога госця. Галена вырашыла чамусьці, што той былы жаўнер — нават жахлівая худзізна не папсавала дарэшты высокую плячыстую паставу, а праз левую палову твару цягнуўся пачварны шнар — падобна, што ад шаблі, ад чаго куточак вока быў адцягнуты ўніз. І рукі ў яго былі не сялянскія — з тонкімі пальцамі. Хоць паломнік яшчэ малады, але доўгія валасы і барада напалову сівыя. Вочы цёмныя, але гэткія ж празрыстыя, дабрэнныя, як у дзеда. Як і належыць паломнікам, абодва ўвешаныя абразкамі і ладанкамі. Маладзейшы госць маўчаў. Толькі калі сядаў за стол у пакоі для чэлядзі, пад яго вопраткай нешта грукнула... Зброя?! Але каўнер кашулі трохі расхінуўся, Галена ўбачыла ланцуг, цёмныя шнары... І зразумела, што госць носіць вярыгі. Чамусьці ёй зрабілася непрыемна ад гэтага адкрыцця, і дзяўчына сышла ў свой пакой.
Восеньскія цёмныя вечары цягнуцца доўга, вельмі доўга... Нават калі запаліць камін і разгарнуць дасланы з апошняй поштай раман — шчымлівае пачуццё закінутасці, загубленасці ў бясконцай восеньскай цемры апаноўвае душу невымоўным жалем. І калі ў доме запальвалі свечкі, маці запрашала ў свой пакой гасцей — кім бы яны ні былі... І ўважліва выслухоўвала сто разоў чутыя навіны ці малітоўныя песняспевы... Так, і яшчэ абавязкова пыталася, што госці ведаюць пра братоў Вайтылавых. Звычайна пахаджане былі папярэджаныя пра такі інтарэс і адказвалі нешта накшталт: «О, гэта героі! Волаты!» — і пані ўцірала шчаслівую слязу. Калі ж нехта не ведаў пра братоў-герояў, гаспадыня сурова падціскала вусны і траціла інтарэс да прыхадня. І ейная маўклівая пагарда была горшай за крык ці аплявуху.
Высокае грувасткае крэсла, у якім сядзела пані Вайтылава, належала яшчэ іх продку, легендарнаму Вайтылу, мечніку князя Вітаўта, які і заснаваў маёнтак на землях, падараваных за верную службу. Дрэва ад часу зрабілася зусім чорнае, абіўку мянялі некалькі разоў — цяпер гэта быў зеленкавата-залацісты габелен. Але мядзведжая галава, частка герба Вайтылавых, усё гэтак жа пагрозна шчэрылася са спінкі. Сённяшнія госці стаялі нават не на сярэдзіне пакоя, а ў парозе — недарэчныя постаці ў шэрым радне на фоне паліраваных драўляных панэляў сцен. «А маці пастарэла...» — нечакана падумала Галена, якая сядзела справа ад матчынага крэсла на зэдліку са сваім вышываннем,— чырвоныя гронкі арабіны на залацістым шоўку. Так, маці пастарэла — дадалося сівізны, і авал твару ўжо не такі дасканалы, і паглыбіліся горкія зморшчыны ад крылля носа да куточкаў вуснаў.