Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
Галоўны корпус Iнстытута прыкладнога i дэкаратыўнага мастацтва ўжо ў вестыбюлi сустрэў шыкоўным барока ў ляпнiне высокiх сьценаў i столi. Стаяў, задраўшы галаву, уражаны, як дзядзька ў Вiльнi, а тут — прафесар у акулярах.
— Здраствуйце, — першым прывiтаў Гаўрыла.
Стары схiлiў галаву, глянуў на яго з-за шкельцаў акуляраў, што зьехалi на носе, спытаў:
— А вы чому ў кашкецi?
Хуценька сьцягнуў з галавы кепку:
— Я не успел сняць...
— А чому вы са мною размаўляеце па-расейску?
Зусiм сумеўся:
— Я з Беларусi.
Прафесар спачатку ўсьмiхнуўся, потым нахмурыўся:
— Колы я шов з Украiны вчыцца ў Рым, у Акадэмiю мiстэцтва, то па дарозi вiвчыв iталiйску мову...
Украiнскую мову, каб гаварыць на ёй, Гаўрыла ведаў i любiў. Проста Кiеў, адкуль прыехаў, быў не такi, як Львоў, раўнiвы да свае мовы, меў да яе стаўленьне савецкае, блiзкае да таго, што ў Беларусi. Львоў гэтакай грэблiвасьцi альбо абыякавасьцi не дазваляў нiкому, у iм усё дарэшты, а мова — найперш, казала, што тут Украiна. Гэта настолькi ўражвала Гаўрылу, што ён адчуў, нiбыта тут куды больш, як нават у Беларусi, ратавалася яго роднае беларускае слова. I адразу, у той жа дзень, прысаромлены, загаварыў моваю Тараса Шаўчэнкi.
Мова Украiны яму заўсёды была моваю “Кабзара”, якi зьявiўся ў роднай хаце ў Чыкалавiчах яшчэ да вайны, ляжаў на стале побач з Бiблiяй, калi не хадзiў з рук у рукi па людзях, — чытала ўся вёска. Яго прынёс брат Мiкола, якi ведаў Шаўчэнку напамяць. Цяпер Гаўрыла сам з сабою загаварыў вершамi Тараса, бо, як i брат, шмат iх насіў у галаве, аж цэлыя паэмы, як “Кацярыну”, “Сон”.
Лечу, лечу, а вiтер вiе,
Передо мною снiг бiлiе,
Кругом бори та болота,
Туман, туман i пустота.
Людей не чуть...
Чытаў i бачыў роднае Палесьсе, i дзiвiўся: адкуль усё тое, што вакол Чыкалавiч, ведае Тарас?
Урокi жыцьця, ня кажучы пра ўрокi мастацтва, Львоў даваў кожны дзень. А найчасьцей — Бакшай. З выгляду прафесар як быццам нiчога прафесарскага ня меў: нехлямяжа-шыракаплечы, як селянiн, апрануты заўсёды вельмi проста, у вясковае, хадзiў то з торбачкаю, то з кошыкам, плеценым з лыка, падшытым рагожкаю, i студэнты ведалi, што ў той рагожцы ляжаць фарбы, пэндзлi, анучы, хлеб, сала. З кожным студэнтам гаварыў па-сялянску скупа, слоў не падбiраючы, як бацька з сынам. Як аднойчы — да Гаўрылы:
— Ты дзеда хочаш слухай, хочаш ня слухай, але шмат працуй, i тады ўсё будзе добра.
Жыў Бакшай за Карпатамi, праз горы ад Львова, ва Ужгарадзе, i калi яго не было ў iнстытуце, студэнты жартам казалi, што стары iшоў праз перавал на лекцыi i заблудзiў у гарах, цяпер, можа, дзе ў лесе на пень вытрас з рагожкi фарбачкi ды пiша пейзажык, i як напiша, падмацуецца салам ды хлебам, горнай вадою зап’е, успомнiць, куды iшоў, i прынясе на лекцыю новы эцюд — тады ўсiм будзе пра што гаварыць.
Жартуючы, старога любiлi.
Мiж тым за вонкавай сялянскай шарачковасьцю ў настаўнiку жыў глыбока адукаваны мастак. Ён вучыўся ў Парыжы, там скончыў мастацкую акадэмiю, якраз у самы росквiт постiмпрэсiянiзму, ведаў увесь заходнееўрапейскi жывапiс i тут, у Львове, яго веды вызначалi шмат якiя напрамкi i методыкi выкладаньня мастацкiх навукаў. Праўда, каменьня ў ягоны бок ляцела шмат. У той час кiруючая iдэалогiя змагалася з заходнееўрапейскiмi ўплывамi, з iмпрэсiянiстамi, якiх ён любiў, i тое каменьне кiдалi цi ня ўсе, хто хацеў выслужыцца перад уладамi. А ён i не апраўдваўся нi перад кiм. Хiба тады не маўчаў, калi ў бойку ўвязвалiся студэнты.
Тыя, хто папярэднюю навуку прайшоў у Кiеве цi Харкаве, Маскве цi Ленiнградзе, даводзiлi, як там вучылi:
— У мастацтве ўсё павiнна быць як у жыцьцi. Мастацтва — гэта праўда жыцьця.
Ён слухаў, iранiчна ўсьмiхаўся i казаў:
— Мiстецтво це не е життя, мiстецтво це требо придумать, алэ придумать требо так, що б було бiльш переконавчо, як саме життя.
Аднойчы ўвосень, найсамай залатой парою, Бакшай прывёў студэнтаў у Стрыйскi парк пiсаць тое золата. Усе разышлiся, кожны — шукаючы матыўчык да душы, а Гаўрыла надумаў падпiльнаваць, што будзе пiсаць Бакшай i пiсаць тое самае. Прафесар доўга не выбiраў. Вытрас са свае рагожкi фарбы, палiтру, пэндзлi, расклаўся на вялiзным каменi i хуценька пачаў накiдваць на кардонку кашлаты клён. Праз нейкi час да яго неўпрыкмет, з-за спiны, падышоў Гаўрыла i зьдзiвiўся: клён у натуры стаяў зялёны, там-сям крануты чырвонай охрай, а стары ляпiў фiялетавай. Ня бачыў у натуры колер? Тут i варухнулася каварная думка: сёньня я табе, дзед, дакажу, як трэба бачыць i тон, i колер. Паставiў эцюднiк за сьпiною ў Бакшая i весела, нiбы ўжо ўзяў верх над прафесарам, пачаў класьцi фарбы, i чым далей, тым сьмялей. Клаў ды паглядаў старому пад руку: а можа, перакрые фiялетавую iншым колерам? Не, iншым ня крыў. Напiсалi, кожны сваё i кожны па-свойму, спакавалi эцюднiкi, вярнулiся ў iнстытуцкую майстэрню. Ну, кажа, паказвайце, хто што зрабiў. Усе выставiлi эцюды, паставiў свой i Бакшай. Гаўрыла як глянуў на яго i на сваю работы — жахнуўся. Зялёныя ды чырвоныя колеры, якiя бачыў у натуры, пажухлi, клён выглядаў цьмяным, агнём, што быў у парку, не гарэў, а ў Бакшая стаяў жывы, што нi мазок — драбок агню, кожную сьветлую плямку вылучаў мазочак фiялетавай.