Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
А страх усё ж быў. Калi i тут не хiтраваць i не манiць. Хiба ж ня ён i гнаў ад Прахава ў тую начную цемень, шытую яшчэ зiмовым сьнегам i ўжо вясновым дожджыкам, на бераг Дняпра? Бег, не дапiўшы гарбату ў кубку. з кавалкам пiражка ў руцэ.
Белая лесьвiца ў неба
Сталiца мела свой нораў: то апускала на дно глыбозных, нiбы расколы д’ябла, яроў, заманьвала ў старадаўнiя пячоры, у нетры хрысьцiянскай ды славянскай даўнiны, з каменю ды смаловага дрэва клала пад ногi сходы, доўгiя вiхлястыя лесьвiцы, а то ня менш доўгiмi ды вiхлястымi падымала на стромы, пагоркi, горы, званарнi ды муры, заваблiвала вышэй i яшчэ вышэй. А з усiх лесьвiцаў былi дзьве, што вызначалi жыцьцё наперадзе, вялi ў сьвет i да сябе самога. Адна — унiз, у нетры Кiеўскай Русi, ключы ад якой ляжалi ў руцэ Прахава. Другая — з белага мармуру, угару, i там, куды вяла, здалёк былi вiдаць белыя, з таго мармуру, калоны, белыя залы, ля ўваходу ў якiя стаяла маладая прыгожая жанчына ў сьветлай сукнi, з доўгай чорнай касою, перакiнутаю цераз плячо, стромая i лёгкая, усьмiхалася насустрач кожнаму, хто зьнiзу падымаўся да яе.
— Завiце мяне Тацянай Нiлаўнай. А прозьвiшча — Яблонская. Я буду вучыць вас жывапiсу...
Вядомая ў Кiеве мастачка ставiла перад студэнтамi першага курсу гiпс, збан i казала: малюйце. Хацела адразу ўбачыць, хто як трымае ў руцэ аловак. А яны — таксама нецярплiвыя: што вы цяпер пiшаце? У той час шмат гаварылi пра яе апошнюю работу “Перад стартам” — студэнцкую зiму на лыжах. Карцiна дыхала маладой сьвежасьцю, расхiнутасьцю, свабодаю пачуцьцяў, выяўляла вобраз самой мастачкi, блiзкi студэнтам, а друк накiнуўся: уплыў варожага iмпрэсiянiзму. Чаму варожага? Усе чакалi: чым яна адкажа на крытыку? I адказала чатырохмятровай карцiнаю “Хлеб” — той самай, сабе ня здрадзiўшы, шчырасьцю характараў, багацьцем сьвятла, пленэрнай натуральнай пластыкай. Зьбянтэжылiся ахоўнiкi сацрэалiзму: ёсьць аптымiзм, але чаму так мала лiтараў на мяху са збожжам — “К-п iм. Лен.”? I дзе тут, у самае жнiво, парторг? Дзе старшыня калгоспу? Прыгожая дзяўчына ў цэнтры — уся iдэя?
Аднойчы настаўнiца зайшла ў клас, а там спрэчкi вакол яе карцiны. Цiха села за стол — слухае. Як усе замоўклi, яе раптам заўважыўшы, яна прадоўжыла размову:
— Ой, далася мне гэтая работа! Усё, здавалася, знайшла. Сьвятло, тон, вобразы, настрой, а не хапала стрыжанька — натура наравiстая, разьлятаецца. Чым паяднаць? I вось прыходзiць да мяне дадому дзяўчына — з вёскi малако насiла. Чарнявымi вачыма кiнула па маiх непрыбраных пакоях ды кажа: я вам памыю падлогу. Адразу падол спаднiцы за пояс заткнула, рукавы кофты закасала — дзе вада, ануча? А твар аж зьзяе радасьцю, здароўем. Ня дзеўка — песьня. Тут я адразу: стой, мая ты красачка, я ж цябе шукала!.. I — за аловак.
Вучыла: хочаце быць мастакамi — назiрайце за жыцьцём, лавiце мастац кую дэталь, нават няўлоўную, заўважайце iмгненны абрыс, жэст, рух, характар, вобраз — у адным штрыху, настройвайце сябе на кожнахвiлiнны пошук. Казала i паказвала, як гэта робiцца. Выкладала i малявала. Такая была методыка: у аснове — мастацкi вопыт, пошук, тэмперамент.
— Чаму пасьля “Хлебу”, якi вас так уславiў, вы раптам адышлi ад складаных тэм i кампазiцыяў у побыт асобнага чалавека, у сцэнкi, настроi? Вас “Хлеб” стамiў, расчараваў? Узялi адпачынак?..
Хвалi студэнтаў адна за адной пакiдалi вучэльню, сьпяшалiся да сваiх мальбертаў, з-пад апекi настаўнiкаў разьязджалiся па краiне. На месцы былых вучняў прыходзiлi новыя, але i ў новых было зьдзiўленьне:
— Вы пачалi пiсаць народным прымiтывам? “Лета” — вы цi ня вы пiсалi? А “Май”? А “Лебедзi”? А “Калыска”?..
Яна казала:
— Працуйце. Шукайце.
Ня ўсе ўсё разумелi:
— Але ж вы сябе знайшлi. Шукаеце, каб знойдзенае ды ўхваленае страцiць?
Яна цярплiва паўтарала:
— Заўсёды шукайце. Спынiцеся — згубiце тое, што знайшлi. Гэта ня форма, гэта — зьмест, лёс мастака. Прырода не дае паўтораў. Тут ёсьць усё, але ўсё абнаўляецца.
Ужо Гаўрыла быў у Львове i пазьнейшых спрэчак студэнтаў з Тацянай Нiлаўнай ня чуў. Але i там сачыў за яе творчасьцю. Там былi iншыя настаўнiкi, а пра яе думаў. Пытаўся невядома ў каго: цi разумна зрабiў, што зьмянiў Кiеў на Львоў? Закончыўшы вучэльню, хацеў вучыцца далей? Яблонская запрашала ў iнстытут, што ў Кiеве, дзе сама выкладала. Ён не пайшоў. Манументальны жывапiс, куды намецiў сабе шлях, там вывучалi, была кафедра, ды памёр яе стваральнiк i карыфей Крычэўскi, а без яго на кафедры ўсё мiзарнела. На раздарожжы, крыху разгублены, папрацаваў мастаком на кiнастудыi, але кiно патрабавала iншага мастацтва — бутафорыя не захапiла. I тады падаўся ў Львоў.
Заходняя сталiца Украiны была шмат чым непадобная на ўсходнюю. Два амаль роўнавялiкiя, адной краiны i аднаго народа гарады выдалiся не аднаго твару i не зусiм адной культуры. Гэта Гаўрыла адчуў адразу.