Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка
- Автор: Копыл Илья
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Інстытут Беларускай гісторыі і культуры
- ISBN: 978-9984-897-11-0
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Нябышына. Акупацыя вачыма падлетка». Краткое содержание книги:
Ілля Копыл
Пасля тых трагічных падзей да майго бацькі прыйшлі стараста і яшчэ некалькі мужчын. Яны доўга размаўлялі, абмяркоўвалі пытанне, як уратаваць жыхароў вёскі ад знішчэння як з боку немцаў, так і з боку партызан. Гэтыя мудрыя мужыкі ўжо тады прыйшлі да высновы, што ў злачынствах супраць насельніцтва ў часы акупацыі партызаны адыгрывалі не апошнюю, а можа, галоўную ролю.
15. Стараста
Як я ўжо казаў, старастай нашай вёскі прызначылі самага сціплага, бяскрыўднага чалавека Кастуся Шульгата. Немцам спадабалася яго ўнушальная камплекцыя. У яго не хапіла смеласці і рашучасці, каб паспрабаваць адмовіцца ад пасады. Ды і хто б рызыкнуў спрачацца з акупантамі? Пасля гэтага ён рэдка выходзіў на вуліцу, каб менш сустракацца з людзьмі. Пасада прыгнятала яго. Можа, ён адчуваў нейкую віну перад людзьмі? Але ў чым тут была яго віна? На яго месцы мог апынуцца любы вясковец.
Стараста шмат турбот дастаўляў майму бацьку. Калі да старасты прыязджалі прадстаўнікі нямецкай адміністрацыі, каб вырашыць якое-небудзь пытанне, напрыклад, атрымаць справаздачу па падатках ці арганізаваць выдзяленне падвод для гаспадарчых работ, Кастусь Шульгат так хваляваўся, што нічога не мог патлумачыць. Тады адзін з яго сыноў бег да майго бацькі і той ішоў яго выручаць. Добра, што немцы хоць і выказвалі незадавальненне, але старасту не білі. Дый наведваліся яны да нас у вёску не часта.
Больш жахліва і складана было, калі наступала ноч. У хату старасты ўрываліся партызаны і пачыналі над ім здзекавацца. Яны збівалі яго прыкладамі, кулакамі, нагамі, называлі яго здраднікам, нямецкім прыслужнікам. Яго сыны, Леанід ці Мікалай, беглі па начной вуліцы да нас, грукалі ў дзверы і крычалі: «Дзядзька Піліп, тату партызаны забіваюць!» Дзядзька Піліп, гэта мой бацька, хутка апранаўся і бег ноччу ратаваць старасту ад партызан. Усю вайну з твара старасты не сыходзілі сінякі, гузакі, кровапацёкі. Па яго твары можна было даведацца, былі ноччу партызаны ці не. Ратуючы старасту, мой бацька падвяргаў небяспецы і сябе. Не аднойчы партызаны чапляліся і да яго. Але паступіць інакш ён не мог.
Калі нашу вёску вызваліла Чырвоная Армія, адразу прыехалі з Бягомля НКУСаўцы, каб арыштаваць старасту. І зноў мой бацька яго абараніў. Ен сказаў НКУСаўцам: «Тады бярыце і мяне, я ўсю акупацыю падтрымліваў старасту і дапамагаў яму». Больш Шульгата не чапалі, ён спакойна пражыў да глыбокай старасці. Калі я, ужо будучы дарослым, прыязджаў у сваю вёску на адпачынак, яго сыны, пры сустрэчы са мной, дзякавалі мне за добрыя, смелыя ўчынкі майго бацькі. З малодшым сынам Кастуся Леанідам мы былі аднагодкамі і сябравалі.
16. Аперацыя «Котбус»
Мы, жыхары вёскі Нябышына, гэту вайсковую аперацыю немцаў супраць партызан называлі першай нямецкай блакадай.
Я пісаў ужо, што на працягу 1941–1942 гадоў мы немцаў амаль не бачылі. Пачынаючы з 1943 года, калі з’явіліся партызаны, у нашай вёсцы было наладжана патруляванне. Так склалася, што адзін тыдзень патрулявалі немцы. Яны праязджалі цераз вёску на трохкалёсным матацыкле. Іх было 2–3 чалавекі. Яны, як правіла, не спыняліся і адразу паварочвалі на Докшыцы. Рэдка, але бывалі выпадкі, калі яны спыняліся і заходзілі да каго-небудзь у хату е пытаннем: «Матка, яйка?»
Наступны тыдзень вёску патрулявалі партызаны. Дакладней, гэта быў адзін партызан, і ён нёс службу нязменна. У яго таксама быў транспарт — веласіпед. У нашай вёсцы гэтага партызана ведалі ўсе. Яго прозвішча было — Звераў. Старэйшыя жыхары яго памятаюць і зараз. У нас склалася такое ўражанне, што графік патрулявання немцы і партызаны распрацоўвалі сумесна.
На пачатку траўня 1943 года і немцы і партызаны патруляванне раптам спынілі. Мы гадалі: «Чаму?» Ад няяснасці стала неспакойна. А ў гэты час немцы рыхтаваліся да правядзення вайсковай аперацыі супраць партызан, якая называлася «Котбус». У гэты самы час партызаны рыхтавалі для сябе сховішча ў непралазных балотах і лясах, пакінуўшы каля вёсак невялікія групы, пераапранутыя ў вясковае адзенне. Іх галоўная мэта — збор інфармацыі аб дзеяннях немцаў і мясцовага насельніцтва.
Падсвядома мы разумелі, што аперацыя супраць партызан патрэбна. Яны актыўна сталі правакаваць немцаў, каб падштурхнуць іх на карныя дзеянні супраць мірнага насельніцтва. Трагедыя ўжо накрыла Шуняўку і Вітушцы. Якая вёска ў партызан на чарзе, мы не ведалі, жылі як на гарачым вуголлі. Таму мы жадалі, каб партызаны былі як мага далей адсунуты ад нашай вёскі. Але мы не ведалі, як будуць ставіцца немцы да насельніцтва ў час правядзення вайсковай аперацыі. Мой бацька і большасць жыхароў вёскі вырашылі не рызыкаваць, а ратавацца.