Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
— Я выдатна разумею, што крытыка, як і крытыкі (зрэшты, як і пісьменнікі) бываюць розныя. Праўда, крытыкі ў маёй свядомасці не дзеляцца на тых, якія мяне хваляць, і тых, якія мяне лаюць. Справа не ў тым, каб цябе пахвалілі. Прыемна, вядома, калі напісаны твор знаходзіць у крытыка такое ж разуменне, як і ў аўтара, калі крытык не вышуквае ў ім тое, што з асалодай потым асудзіць…
— Калі ён разумее ўнутраныя законы, па якіх ствараўся твор, ягоны пафас…
— Абсалютна правільна. Але ў той жа час бывае так, што крытык па розных прычынах не прымае манеры аўтара і загадзя настроены непрыязна. Менавіта гэтая яго настроенасць выдае сябе з самага пачатку, нярэдка з загалоўка, і я ўжо ведаю, што будзе далей. Больш таго — яшчэ ў працэсе работы над аповесцю я ўжо прадбачу, што скажа пэўнага толку крытык, прадбачу ўвесь нескладаны ход яго матывіровак і разваг. Чытаць яго рэцэнзію не мае сэнсу, бо аўтар і рэцэнзент як бы стаяць на розных берагах ракі і кожны бачыць нешта адваротнае таму, што бачыць яго апанент. Пра такога крытыка трапна гаворыць прыказка: яму пра Фаму, а ён пра Ярому. Бывае і так, што крытык лае аўтара зусім не за тое, за што ён яго лае, а тое, што сапраўды абурае крытыка, старанна ім замоўчваецца, і ён адыгрываецца на дробязях і рэчах, якія пры жаданні можна тлумачыць па-рознаму.
Прыемна чытаць рэцэнзію, няхай самую строгую, дзе крытык імкнецца зірнуць на праблему тваімі вачыма і судзіць цябе з тваёй жа пазіцыі. Пры гэтым даўно заўважана, што зусім таксама як першы крытык імкнецца падхапіць любой цаной сапраўдны промах аўтара, каб выкарыстаць яго супраць апошняга, таксама другі крытык ахвотна гатовы пераацаніць найменшы поспех пісьменніка, але і той і другі пакідаюць ісціну за рамкамі сваіх разваг. Зрэшты, яно і зразумела. Абараняючы або ганьбуючы пазіцыю аўтара, кожны з крытыкаў зброяй уласнай аргументацыі перш за ўсё абгрунтоўвае ўласную пазіцыю, да якой твор аўтара часам мае вельмі далёкія адносіны, з’яўляючыся толькі зачэпкай для крытычнага самавыяўлення. Што таксама зразумела.
— У мяне ўзнікала такое адчуванне, што ў наступных пасля «Сотнікава» аповесцях, асабліва ў «Абеліску», ёсць унутраная палеміка, хоць і не прамая, не «спецыяльная», з тым, што пісалі некаторыя крытыкі пасля з’яўлення «Сотнікава»…
— Магчыма, хоць такой задачы — улічыць заўвагі крытыкаў або палемізаваць з імі на старонках сваіх твораў — я перад сабой не ставіў. Я ўжо не кажу пра тое, што, калі завязваліся спрэчкі вакол якой-небудзь з маіх аповесцей, наступная была ўжо ў рабоце… Магчыма, тут справа ў тым, што часам да праблем, якія я толькі закрануў у якой-небудзь аповесці (яны былі для мяне бакавымі), я вяртаюся пазней, каб заняцца імі грунтоўна.
У кожнай асобнай рэчы не можа быць поўнай карціны вайны, усіх высунутых часам праблем. У маленькай аповесці можа быць толькі адзін які-небудзь эпізод, нейкі адзін момант, адна маленькая грань таго часу. Як можна патрабаваць усёй паўнаты карціны вайны ад аднаго аўтара, калі ўся наша літаратура да гэтага часу яшчэ не можа ахапіць усю аграмадную паўнату Вялікай Айчыннай вайны?.. I паколькі я таксама не лічу гэтую тэму вычарпанай ні маёй творчасцю, ні літаратурай у цэлым, у кожнай сваёй новай рэчы стараюся вярнуцца да таго, што было ўпушчана або не знайшло месца ў папярэдняй, і гэта, магчыма, таксама можа стварыць уражанне, што я ў сваёй творчасці палемізую з крытыкамі…
— Я хачу напомніць пра другое сваё пытанне: як вы самі сябе адчуваеце ў ролі крытыка?
— Не надта ўпэўнена. У літаратуры я прывык мысліць вобразамі, тут жа іншая форма мыслення, якая патрабуе некалькі іншых навыкаў. Адна справа атрымліваць уражанне ад пэўнага твора і зусім іншая — абгрунтаваць гэта ўражанне, перавесці яго ў лагічны рад сілагізмаў. Тым не менш часам узнікае патрэба выказацца ў друку з нагоды таго ці іншага твора, асабліва ў тых выпадках, калі твор, як мне здаецца, не ацэнены належным чынам або ацэнены неаб’ектыўна.