Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Агееў нерухома ляжаў на спіне, калі расчыніліся дзверы і цётка Бараноўская прынесла яму абед — чыгунок маладой бульбачкі, вялікую кварту малака. Паставіла ўсё на скрынку, уздыхнула.
— Во паесці. Каб хутчэй паправіліся.
— Дзякуй, хазяюшка, — крануты яе клопатам, сказаў Агееў і, зірнуўшы на малако, запытаў: — А ў вас хіба ёсць карова?
— Няма каровы. Гэта суседка, дзякуй ёй, прынесла. Я ў мяне нічога няма. Апроч курачкі. Для разводу. Ды вунь яшчэ кот Гультай.
— Там мне прынеслі сала і гэта… Дык вазьміце, падзелімся.
— Не, што вы! — страпянулася гаспадыня. — Гэта вам. Вы хворыя, вам трэба папраўляцца.
— Скажыце, а яшчэ хто-небудзь ведае, што я ў вас? — запытаўся Агееў і насцярожыўся, чакаючы адказу. Бараноўская з-пад цёмнай, нізка завязанай хусцінкі здзіўлена зірнула на яго.
— Ну што вы! Як можна! Я нікому — нічога. У такі час, што вы…
— Ну, дзякуй, — з палёгкай сказаў Агееў. — Вы ўжо прабачце за мяне такога. Можа, хутка папраўлюся. Я вас пастараюся не падвесці, цётка.
— Ды я нічога, ляжыце. Я ж разумею. У мяне ж таксама сын быў, зрэшты, вельмі на вас падобны. Такі вось чубаценькі. Дваццаць шосты гадок…
— Быў?
Бараноўская журботна патупілася, ражкамі хусткі дакранулася да вачэй. Агееў сцяўся ў прадчуванні кепскага і пашкадаваў, што задаў гэтае пытанне.
— Быў. Загінуў Алежка.
Яна ўсхліпнула адзін толькі раз, тут жа, аднак, перасіліла сябе, уздыхнула і загаварыла спакайней, усё стоячы ля парога:
— У Заходняй працаваў. Ён жа чыгуначны інжынер быў, інстытут скончыў. Толькі гадок папрацаваў у Ваўкавыску, усё мяне клікаў, збіралася, праўда, хоць паглядзець, як ён там. У мяне ж, апроч яго, нікога не засталося. І во не паспела, усё гарод парадкавала. А як усчалася вайна — ні слуху ні духу. Тыя, каго не мабілізавалі ў армію, дадому вярталіся, а Алега ўсё няма і няма. Чакала, чакала яго, ужо прадчувала нядобрае. Аж і праўда, тыдзень назад жанчына адна прыйшла са станцыі, да маці вярнулася, тожа ў Заходняй рабіла, дык кажа: няма вашага Бараноўскага, на дарозе самалёт бомбамі накрыў, раніла яго ў грудзі і памёр у яе на руках. Партфель яго перадала, я адразу пазнала, той самы, з якім некалі дамоў прыязджаў, колькі разоў харчы туды пакавала. Адкрываю, а там яго сарочкі, — трохі збянтэжана Бараноўская зірнула на Агеева, і той ураз сцяміў, чыя гэта кашуля на ім. — Дзве сарочкі, ну, і бялізна там, кніжкі, дакументы. Аказваецца, разам яны ішлі, ад немцаў ратаваліся, і вось папаў пад бамбёжку.
— Да, шмат людзей пагінула, — памаўчаўшы сказаў Агееў, каб неяк парушыць тужлівую паўзу. — І ваенных, і цывільных.
— Пагінула. І яшчэ гінуць. Во ў нас у мястэчку… Ненасытная яна, гэтая вайна, мусіць, такой яшчэ не было.
Агееў маўчаў. Што ён мог сказаць ёй, чым памагчы яе гору? Страціць дарослага сына — што можа быць горай для маці? Нават уласную пагібель нельга параўнаць з такой стратай — ён ужо бачыў што-колечы на вайне, ды і да вайны ведаў, як гэта жахліва наогул. Цяпер ён зразумеў, чаму ў яе такі жалобны выгляд і такі спакутаваны голас. Сапраўды, нібы ў манашкі.
— Вось тут хачу вам паказаць, — сказала Бараноўская, трохі спакайнеючы, і палезла кудысь за сена. — Во, калі што, тут адна дошачка паднімаецца. Во, ад самага нізу. А там за сцяной маліннік, гарод і бульбоўнік да самага рова. Раптам калі што… Час такі, самі разумееце. Вы ўжо прабачце…
— Усё зразумела. Дзякуй вам, цётачка, — амаль расчулена сказаў Агееў.
Яны ціхенька выйшла — выслізнула з ягонай нары, і ён з горкай усмешкай падумаў: сапраўды настала часіна! Замест таго каб ён, камандзір Чырвонай Арміі, бараніў ад ворага гэтую цётку, аберагаў яе спакой і жыццё, дык яна сама мусіць аберагаць ягонае жыццё і клапаціцца пра яго бяспеку. Цяпер ён цалкам пад яе ўладай і залежыць ад яе ласкі і клопату. Вядома, ён вельмі ўдзячны ёй, і ўсё ж… Не проста было яму прыняць як належнае яе клопат і адолець пачуццё ўласнай ніякаватасці, невыразнага сораму нават.