Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 230
Перейти на страницу:

Калі праз дашчаныя сцены застаронка пранік нясмелы світанак, ён падняўся і, адольваючы слабасць і кружэнне ў галаве, пачаў злазіць з тапчана. Ён падумаў, што лепш гэта зрабіць цяпер, пакуль вакол спяць і яго ніхто не ўбачыць. Накінуўшы на плечы сваю ватоўку, марудна апусціў ногі на зацярушаны сенам земляны дол. Усё ж рана балела, нагу проста курчыла ад болю пры кожным неасцярожным руху, і ён, сцяўшы зубы, ашчадна наступаў на левую пяту. Трымаючыся за шула, ціхенька адчыніў нізкія дзверы, выйшаў у хлеў. Аднекуль з-пад яго ног кінуўся прэч шэры вялізны кот, выскачыў з варот, засцярожліва паўзіраўся ў Агеева разумным позіркам касых вачэй на шчакастай мордзе і схаваўся ў дзядоўніку. У хляве дужа пахла сенам, перасохлым гноем, але за паламанай агародкай, здаецца, было пуста, каровы ў Бараноўскай не было. Не чутна было і якой іншай жывёлы, хлеў пуставаў. Праз трохі прычыненыя ад ветру вароты, усё хапаючыся за сцены, ён выбраўся ў двор. Рослы дзядоўнік і крапіва ля сцежкі стаялі ў халоднай расе, прыслоненыя да сцяны хаты, тырчалі нейкія жэрдкі ці, можа, дровы Бараноўскай, вузенькі дворык быў вымашчаны дробнымі каменьчыкамі, але хадзілі па ім, мабыць, няшмат: месцамі сярод камянёў ужо дружна лезла маладая траўка. Насупраць ад увахода ў хату стаяла пустая паветка, адным сваім бокам прымыкаючы да штакетніка-тыну, што адгароджваў двор ад вуліцы. Гэтая паветка, якая неўзабаве адыграе пэўную ролю ў ягоным жыцці, цяпер не звярнула на сябе яго асаблівай увагі — ён болей прыглядаўся да таго, што мясцілася далей ад вуліцы, у глыбіні гэтага даўгога, са шматлікімі хлявамі і хлеўчукамі двара. Пад агульнай страхой з хлявом відаць былі і яшчэ нейкія старыя будыніны, паветкі, куткі з ламаччам, і ўсё заканчвалася дрывотняй з невялікаю клеццю дроў пад страхой, над якой угары, у змрочным світальным небе, цямнелася магутнае суччо некалькіх старых дрэў. Ад дрывотні ўздоўж саду бегла ўніз сцежка, што знікала ў канцы гародаў ля рова, дзе яны пераходзілі ручай. Толькі пачынаўся ранак, было сонна і спакойна, мястэчка спала, здавалася, не ведаючы ні вайны, ні бяды, ні смерцяў, якія абрынула на зямлю вайна. І каторы раз Агееў адчуў, што такая цішыня яго проста здзіўляе пасля ўсяго перажытога ім за некалькі тыдняў; ён адчуваў у ёй затоеную злую трывогу, невыразнае чаканне бяды.

Як-колечы даскакаўшы на адной назе да свае кануры, Агееў адразу паваліўся на тапчан; гэтая невялікая вылазка зусім знясіліла яго, і ён успомніў, што сёння абяцала прыйсці Яўсееўна, паглядзець рану. Павязка зноў стала мокрая, напэўна, яе трэба было пямяняць, але ў яго па-ранейшаму не было ні бінтоў, ні лякарства, трэба было чакаць доктарку.

Праз нейкі час ён зноў ненадоўга заснуў і прачнуўся ад ціхага стуку ў хляве, дзверы ў застаронках ціхенька прыадчыніліся, і Агееў адразу ўбачыў Малаковіча з казыркастай кепкай на галаве.

— Ну, добры дзень. Як вы тут?

Малаковіч быў не адзін, за ім у застаронак ступіў нізенькі хударлявы хлопец у акулярах, які сціпла спыніўся ля парога і са скаванай насцярожанасцю ўставіўся ў Агеева.

— Ляжу, — няпэўна сказаў Агееў, трохі здзіўлены гэтым паяўленнем незнаёмага хлопца. Малаковіч між тым нешта вымаў з тугіх кішанёў пінжака і клаў на скрынку ў нагах. Хударлявы хлопец бокам прыткнуўся да сена каля парога; дзверы за гасцямі з таго боку клапатліва прычыніла Бараноўская.

— Доктарка была?

— Была, — сказаў Агееў. — Распаласавала нагу да клуба.

— Гэта яна ўмее.

— Яна што — хірург?

— Майстар на ўсе рукі, — сказаў Малаковіч. — А наогул яна акушэрка.

— Да-а…

— Ну, а як ваша адчуванне? — падышоў да яго Малаковіч. Ён звяртаўся да Агеева на «вы», у той час як той нядаўна стаў называць яго на «ты». Гэта, можа, было і не зусім па правілах, але ўвогуле не ўплывала на іх узаемаадносіны — усё ж Агееў па званні і па ўзросту быў крыху старэйшы.

— Ды што адчуванне! Ляжу во… Як там? Што чуваць? Дзе фронт?

— Фронт, мяркуючы па ўсім, за Смаленскам, — уздыхнуўшы, сказаў Малаковіч.

— Чорт пабяры!

Агееў паспрабаваў устаць, але ад неасцярожнага руху нагой боль працяў яго тупым магутным ударам, і ён у знямозе адкінуўся на падушку. Малаковіч прысеў на канец тапчана ў нагах.

— Прывёў сябрука пазнаёміцца, — кіўнуў ён на госця. — Харошы хлопец. Кіслякоў прозвішча. Разам у школе вучыліся. Ён эфір слухае.

— Прыёмнік? — трываючы боль, запытаў Агееў.

1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 230
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)