Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Ён адразу пазнаў гэтае добра знаёмае яму водгулле нямецкіх дызельных рухавікоў, якое аднекуль выплыла ў ранішняй цішыні над мястэчкам, прагырчэла здалёку і змоўкла, мабыць, у цэнтры, на плошчы. Зараз жа прагнаўшы рэшту дрымоты, Агееў напружыў слых — усё ж хата Бараноўскай была бліжэй да ўскраіны, і водгукі таго, што рабілася ў цэнтры мястэчка, не адразу дасягалі яе. А там сапраўды рабілася штось незвычайнае, данёсся якійсьці прыглушаны вокрык, можа, каманда, невыразная гамана людскіх галасоў, якую часам заглушаў рыклівы роў аўтамабіляў. І раптам рэзка і выразна ў цішыні прагучаў лямант жанчыны паблізу, можа, нават у канцы гэтай вуліцы. Ён яшчэ не заціх, гэты голас роспачны, як там жа раздаўся тоненькі дзіцячы крык: «Мама! Мама!! Мамачка!!!» Агееў павярнуўся на бок, сеў на тапчане, асцярожна, каб не прычыніць сабе болю, выцяг параненую нагу. Праз шчыліны сцен ледзьве прабіваўся сіняваты водбліск світанку, на дварэ стала ўжо віднець. І тады аднекуль справа, з дальняга канца мястэчка, пачаў наплываць шматгалосы трывожны гул — Агееў не адразу сцяміў, што гэта — плач, гоман ці, можа, суладная малітва сотняў людзей. Але тое, што гэты гул утварала мноства галасоў, не выклікала сумнення: глухое рознагалоссе, аб’яднанае рытмам і тонам, здалося, злівалася ў адзін прыглушаны адлегласцю стогн, які то заціхаў трохі, то мацнеў, паволі сунучыся ў прасторы справа налева. Агееў, аднак, здагадаўся, што там адбывалася, гэта было падобна на жах — масавы здзек ці забойства, калі сотні людзей, паднятых бязлітаснай злой воляй з наседжаных спрадвеку гнёздаў, некуды ішлі — куды іх гналі пад страхам, без веры і надзеі. Са скамянелым тварам ён слухаў, стараючыся не прамінуць ніводнага гуку, які далятаў да ягонага сховішча, каб зразумець і запомніць усё. У думках яго з глыбінь пачуцця з’явілася і пульсавала адно толькі слова: «Гады, ах гады!..» І ў гэтым слове-праклёне сканцэнтравалася яго нянавісць і яго разгубленасць перад злом, якое абрынулася на мястэчка.
Мінула, мабыць, не надта шмат часу, але ўжо добра развіднела, і мястэчка, чутна было, стала нібы растрывожаны пчэльнік. Ужо цяжка было вылучыць асобныя гукі ў гэтым жалобным працяжным хоры, які складаўся з ляманту і стогну, што быццам мацнеў, то часам цішэў, то рассыпаўся на асобныя гнёзды гора і роспачы. І тут зусім побач, мабыць, на гэтай вуліцы, прагучала чутна і выразна:
— Шнэль, шнэль…
— Не штурхай, гніда, сам пайду!..
— Ідзі быстра, шнэль, чаво стала?..
— Пан паліцэйскі, нельга ж так хутка, я стары чалавек…
— Шнэль, юда паршывая!..
— О божа, о святы заступнік…
Зноў паблізу ўсё сціхла, напэўна, людзі павалакліся на сваю апошнюю галгофу, змоўк і канваір. І раптам, як маланка ўначы, узляцеў да самага неба крык малення і роспачы:
— Мама! Мама!! Мамачка!!!
І — ціхла. Ні слова ў адказ, ні крыку. Агееў увесь сцяўся на тапчане ў абсалютным зняменні — што там? Што там здарылася — гукі не вытлумачылі яму нічога. Але трагедыя навокал прадаўжалася, і ён быў яе нябачным сведкам, бяссільным яе ўдзельнікам. Або няўдзельнікам, што, зрэшты, азначала адно і тое ж, таму што было нясцерпна пакутна ўсё гэта чуць і не магчы нічога.
Тым часам тое, што чулася зводдаль, што даносілася да яго гулам і пошумам, памалу падкаціла бліжэй і рассыпалася на асобныя галасы, крыкі, плач. Успыхвалі і знікалі рэзкія словы каманд, сэнс якіх, аднак, цяжка было зразумець адсюль. Дзесьці, можа, на суседняй вуліцы, трывожна бляяла каза — па казлянятах, ці што. Некалькі разоў глуха прамычэла карова. Там жа пачуліся злосны вокрык і лаянка, падобна, гэта выганялі кудысь жывёлу. Агееў падумаў, што быццам яшчэ не забіваюць нікога, як тут жа за вуглом гулка ляснуў вінтовачны стрэл, і некалькі курэй з кудахтаннем кінуліся па вуліцы. Раздаўся здзеклівы мужчынскі рогат, і ён зразумеў: гэта завіхалася паліцыя. Ён і яшчэ чакаў стрэлаў, але іх не было болей, здаецца, пачаў ціхнуць шум здалёку, і ў гэтай паўзе цішыні раптам выразна пачулася характэрная, быццам картавая нямецкая гаворка. Прыемна сцішаны, амаль спакойны мужчынскі голас нешта сказаў па-нямецку, але Агееў зразумеў толькі некалькі слоў: «Дзі арганізаціон, абенд…» Несумненна, гэта былі немцы, яны прайшлі за дваццаць крокаў адгэтуль па вуліцы, ён бы мог зняць іх з пісталета, калі б мог згледзець. Трымаючыся за тапчан, ён зірнуў у адну шчыліну ў сцяне, у другую — за сцяной была гушчэча малінніку, бульбяныя барозны і далей вытыркаўся вугал суседскае хаты. Болей там нічога не было відаць.
Тым часам шум людскіх галасоў пакаціўся хвалямі з нейкага аднаго месца, наўкось цераз вуліцу, мабыць, з плошчы ў цэнтры мястэчка. Цяпер ён заставаўся ў аднолькавай сіле, не мацнеючы і не слабнучы болей. Агорнуты трывогай, Агееў чакаў і слухаў. Слухаць гэта так доўга было пакутна нават для яго, запёртага ў гэтай клетцы, а як жа там, на плошчы, падумаў Агееў. І тут зусім не ў лад са сваім настроем ён адчуў у сабе злосць: як жа можна было дапусціць такое? Трэба ж было нешта зрабіць, можа, уцякаць ці хавацца, але напэўна не падпарадкавацца, зрабіць ўсё, каб сарваць немеры фашыстаў. «Вось толькі што можна зрабіць?» — падумаў ён. Заўжды зручна меркаваць збоку, здаля — там жа, пад рулямі аўтаматаў, мабыць, усё было болей трудна і страшна. Асабліва калі падумаць, колькі там малых і старых, дзяцей і жанчын. Той, хто мяркуе здалёку ці праз нейкі час, заўжды мяркуе болей разумна, але ці болей сумленна — во ў чым пытанне.