Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
1 ... 130 131 132 133 134 135 136 137 138 ... 174
Перейти на страницу:

– Я памятаю, што ў Бараміра быў незвычайны рог, – вымавіў Фрода нарэшце.

– Твая згадка слушная, як і мае быць у таго, хто насамрэч бачыў яго, – прызнаў Фарамір. – Тады, можа, ты ўявіш яго сабе: вялікі рог дзікага бугая з Усходу, акаваны срэбрам, з надпісам старажытнымі літарамі. Гэты рог перадаваўся старэйшаму сыну ў нашым родзе цягам мноства пакаленьняў. I, кажуць, калі ён пакліча на дапамогу зь любога месца ў старажытных межах Гондару, гук ягоны абавязкова пачуюць здольныя дапамагчы. Пяць дзён як я выправіўся на гэтую справу. А адзінаццаць дзён таму, недзе ў гэткую самую гадзіну, я пачуў покліч таго рога – з поўначы, але слаба, нібы ўзгадка пра гук варухнулася ў памяці. Прадвесьцем ліха падалося тое мне й майму бацьку, бо аніякіх зьвестак пра Бараміра мы ня мелі зь ягонага сыходу, і аніхто з памежнай варты ня бачыў, каб ён пераходзіў мяжу. А на трэцюю ноч пасьля таго з мною здарылася дзіўнейшае.

Я сядзеў уночы ля Андуйну, цёмна-шэрага пад бляклым маладзіком, назіраючы за няспыннаю плыньню й слухаючы шапаценьне трысьнягу. Мы заўжды пільнуем берагі побач з Азгіліятам, частку якога цяпер захапілі ворагі й робяць адтуль набегі на нашую зямлю. Але тою ноччу, падавалася, усё, увесь сьвет, спала пад покрывам цемры. I тады я пабачыў – ці мне падалося? – човен на водах, шэра-срэбны, маленькі, дзівоснага выгляду, з высокім носам. Анікога не было, каб веславаць ці кіраваць ім.

Жах агарнуў мяне, бо човен срабрыста зьзяў. Але ж я падняўся, і крочыў да берагу, і пайшоў па вадзе, мяне вабіла. Тады й човен павярнуў да мяне, і запаволіўся, і падплыў так блізка, што я мог крануць яго рукою, але не адважыўся пакласьці руку на яго. Човен сядзеў глыбока ў вадзе, быццам цяжка нагружаны, і мне падалося, калі ён праплываў побач, што ён амаль да краёў поўны чыстай вадою, якая й сьвяцілася срэбрам. Агорнуты ёю, у чоўне спаў ваяр.

На каленях ягоных ляжаў паламаны меч. На целе ягоным зеўрала шмат ранаў. Я пазнаў Бараміра, майго брата, – памерлага. Я пазнаў ягоны рыштунак, ягоны меч, ягоны твар, такі дарагі мне. Толькі аднаго я ня ўбачыў – ягонага рога. I аднаго не пазнаў – файнага пасу, нібы сплеценага з залатога лісьця. "Барамір! – загукаў я. – Дзе ж твой рог? Куды сыходзіш ты, о Барамір?!" Але ж ён зьнік. Човен павярнуў на плыні й рушыў, пабліскваючы, у ноч. Тое было падобна на сон і не было сном, бо ж за ім не прыйшло абуджэньне. Але я не сумняюся цяпер, што ён загінуў, і рака вынесла яго ў спрадвечнае мора.

– Як шкада! – вымавіў Фрода. – Бо гэта насамрэч Барамір, якім я бачыў і ведаў яго. Залаты пояс дала яму ў Латлорыйне панна Галадрыель. Яна й апранула нас у тое, што ты бачыш, – шэрую эльфаву вопратку. I фібула мая таксама зробленая там.

Ён крануў срэбна-залаты ліст, які зашпільваў ягоны плашч вакол шыі. Фарамір прыгледзеўся да яго ўважліва.

– Якое хараство! Так, гэта праца тых самых майстроў, – пацьвердзіў ён. – Дык, значыць, вы праходзілі праз зямлю Лорыйну? Лаўрэліндарэнан яна звалася ў даўніну, але ўжо даўно жыцьцё яе й справы неспасьцігальныя людзям, – дадаў, пазіраючы на Фрода з новым зьдзіўленьнем. – Зараз шмат дзівоснага ў табе я разумею лепей. Ці не распавядзеш ты мне болей? Бо горка думаць, што Барамір загінуў, амаль ужо ўбачыўшы ганак роднай сядзібы.

– Мне няшмат чаго ёсьць сказаць, апрача таго, што ўжо прамовіў. Хоць вашэцеў расповед поўніць маё сэрца тугою. Напэўна, спадару прымроіўся толькі прывід, цень ліхога кону, які, магчыма, ня прыйдзе. А мо тое было якое падманнае ліха Ворага. Бо я бачыў твары сьветлых ваяроў даўніны ў азёрах Мерцьвяковых багнаў, і тое падалося мне прывідам варожага ліха.

– Не, не такое – пабачанае мною. Бо ягонае ліха поўніць сэрца агідай і жахам, а я адчуў горыч і жаль.

– Але ж як такое магло адбыцца насамрэч? – спытаў Фрода. – Аніякі човен не пераадолее камяністыя пагоркі ад Тол Брандыру, а Барамір хацеў вярнуцца дадому, перайшоўшы Энтую, праз палі Рохану. А ўвогуле, як можа які заўгодна карабель ці човен прайсьці скрозь пену вялікіх вадаспадаў і не патануць пад імі, асабліва ж да краёў наліты вадою?

– Ня ведаю. А адкуль той човен?

– З Лорыйну. У трох такіх мы веславалі ўніз па Андуйне да вадаспадаў. Чоўны таксама былі эльфавы.

– Ты прайшоў праз Затоеную зямлю, але ж сілы яе, падаецца, так і не зразумеў. Калі чалавеку давялося сустрэцца з Гаспадарыняй Чараў, якая жыве ў Залатым лесе, дык яму варта чакаць усялякага дзіва. Бо кажуць: небясьпечна для сьмяротных пакідаць сьвет, які жыве пад звычайным сонцам і часам, і няшмат тых, хто наведваў гэты лес у даўніну й вярнуўся такім, якім быў раней... О брат мой! – выгукнуў Фарамір у журбоце. – Што сказала табе яна, панна, над якою няма сьмерці? Што пабачыла ў табе? Што абудзіла ў тваім сэрцы? Чаму ты зайшоў у Лаўрэліндарэнан, чаму не вярнуўся па сваёй дарозе, не прымчаў раніцою дадому на роханскім кані?

1 ... 130 131 132 133 134 135 136 137 138 ... 174
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)