Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
А аднойчы, павярнуўшыся нечакана, – быццам нейкі сьверб на скуры падказаў, што ззаду назіраюць, – заўважыў, як нешта маленькае й чорнае сьлізнула за камель дрэва. Тады раскрыў рот, каб абвесьціць пра гэта, дый закрыў. Сказаў сабе: "Ну, я ж ня ўпэўнены, бачыў я насамрэч ці не, і нашто нагадваць ім пра старога мярзотніка, калі яны вырашылі забыцца на яго? Каб я толькі здолеў на яго забыцца!"
Рушылі, пакуль лес не парадзеў, схілы зрабіліся страмейшымі. Тады збочылі направа й неўзабаве сягнулі маленькай рачулкі, што цякла па вузкай цясьніне, той самай рачулкі, што далёка наверсе высочвалася з каменнага азярка, а цяпер ператварылася ў жвавы струмень, які скакаў па камянёх у глыбокім ручве, зацененым навіслымі падубамі й самшытам. Унізе, на захадзе, у смужным сьвятле раньняга сутоньня разьвіналіся панізьзі й шырокія паплавы, а ўдалечы паблісквала ў сонечных промнях шырокая стужка Андуйну.
– Тут, на жаль, я мушу абысьціся з вамі няветліва, – сказаў Фарамір. – Спадзяюся, вы даруеце таму, хто ветлівасьць паставіў вышэй за свае загады забіць ці асьляпіць. Але аніхто, нават чалавек Рохану, які змагаецца побач з намі, ня мае права бачыць сьцежку, па якой мы крочым зараз. Я павінен завязаць вам вочы.
– Як пажадаеце, – азваўся Фрода. – Нават эльфы Лорыйну робяць гэтак, і межы цудоўнага Лорыйну мы перайшлі з завязанымі вачыма. Гном Гімлі паставіўся да таго ня надта добра, а хобіты – спакойна.
– Я прывяду вас не ў такое цудоўнае месца. Радуе, што вы ахвотна пагаджаецеся й мне ня трэба скарыстоўваць сілу.
Фарамір нягучна паклікаў, і Маблунг з Дамрадам выйшлі з-пад дрэваў і вярнуліся да яго.
– Завяжыце нашым гасьцям вочы, – загадаў ён. – Надзейна, але зручна, каб ім не было непрыемна. Рук ня зьвязвайце. Яны абяцаюць не падглядваць. Я даверыўся б ім, каб яны ішлі з заплюшчанымі вачыма, але ж калі спатыкнесься, міжволі можаш падняць павекі. Вядзіце іх так, каб яны не спатыкаліся.
Ахоўнікі завязалі зялёнымі шалікамі хобітам вочы й нацягнулі каптуры плашчоў амаль да ротаў, тады ўзялі па хобіце за руку й хутка павялі. I апошнюю вярсту Фрода з Сэмам прайшлі ў цемры, мяркуючы, куды іх вядуць і як. Спачатку сьцежка рэзка спускалася, а тады зрабілася такая вузкая, што давялося ісьці ланцугом, кранаючы плячыма каменныя сьцены пааберуч. Ахоўнікі кіравалі хобітамі, паклаўшы рукі ім на плечы. Раз-пораз трапляліся цяжкія месцы, і тады сяброў падымалі, праносілі колькі й ставілі на зямлю зноў. Шум імклівай вады заўжды быў праваруч і ўсё гучнеў. Нарэшце спыніліся. Маблунг з Дамрадам хутка павярнулі хобітаў некалькі разоў, і сябры страцілі ўсялякае адчуваньне напрамку. Потым ускараскаліся троху наверх. Пахаладнела, і гук струменю сьцішыўся. А тады падарожнікаў паднялі й панесьлі ўніз па доўгай лесьвіцы з мноствам прыступак. Завярнулі за кут. Раптам зноў зацьвірчэла вада, зараз надта гучна, з плёскатам і глёкатам. Падавалася, яна бяжыць паўсюль вакол. Тады адчулі нібыта драбнюткі дожджык на шчаках і руках. Нарэшце Фрода й Сэма зноў паставілі на ногі. З момант стаялі сьляпыя, крыху напалоханыя, ня ведаючы, куды іх прынесьлі, а вакол ніхто не казаў ані слова.
Тады ззаду пачулі голас Фараміра:
– Дазвольце ім бачыць!
Шалікі зьнялі з вачэй, каптуры адсунулі – і хобіты заміргалі, а потым вохнулі з подзіву. Бо стаялі на падлозе з шлігтаванага каменю, на ганку груба вычасанай каменнай брамы, якая зеўрала цемраю ззаду, а наперадзе вісела танюткая завеса вады, так блізка, што Фрода мог крануць яе выцягнутаю рукою. Вакно пазірала на захад. Касыя промні натомленага сонца падалі на завесу, і іхняе чырвонае сьвятло разьбівалася на мноства шматкаляровых пырскаў і праменьчыкаў штоймгненна зьменлівых колераў. Быццам хобіты стаялі перад вакном нейкай эльфавай вежы, завешаным пераплеценым золатам і срэбрам, лаламі, сапфірамі й амэтыстамі, што палалі зыркім халодным полымем.
– У добры час патрапілі вы сюды, якраз каб атрымаць узнагароду за цярплівасьць, – абвесьціў Фарамір. – Бо гэта – Вакно Захаду, Хэнет Анун, найпрыгажэйшы з усіх вадаспадаў Ітыльёну, зямлі мноства ручаінаў. Няшмат чужынцаў бачыла яго. На жаль, за брамаю няма каралеўскай залі, якая зраўналася б зь ім у харастве. Ну, хадзіце й пабачце самі!
Падчас яго прамовы сонца закацілася цалкам, і полымя згасла ў імклівай вадзе. Хобіты павярнулі й прайшлі пад нізкаю пагрозьліваю аркаю. I апынуліся ў вялікай груба вычасанай пячоры зь няроўнай нахіленай стольлю. Некалькі паходняў асьвятлялі прастору, кідаючы няпэўнае сьвятло на міргатлівыя сьцены. Тут ужо сабралася мноства людзей. Астатнія яшчэ падыходзілі, па два ці па тры, праз вузкія цёмныя дзьверы збоку. Калі вочы прызвычаіліся да паўзмроку, хобіты пабачылі, што пячора большая, чымся падалася спачатку, і што ў ёй – вялікі запас зброі й прыпасаў.