Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Дзьве вежы». Краткое содержание книги:
Фараміраў голас сьцішыўся да шэпту.
– Але вось што я вызнаў ці здагадаўся й трымаў у сэрцы таямніцаю з тых часоў: Ісільдар зьняў нешта з рукі Неназывальнага. А пасьля выправіўся прэч з Гондару, каб назаўжды зьнікнуць з вачэй сьмяротнага люду. Тут, я мяркую, і адказ на Мітрандыравы роспыты. Але ж я лічыў гэта толькі заняткам шукальнікаў старажытных ведаў. Нават калі мы абмяркоўвалі словы прароцтва, я не зьвязаў тое "нешта" з Конам Ісільдара. Бо, адпаведна адзінай легендзе, вядомай нам, Ісільдар патрапіў у засаду й быў забіты орцкай стралою, а Мітрандыр аніколі не распавядаў нам болей.
Што такое ёсьць на самай справе гэтая рэч – пакуль па-за маімі здагадкамі. Мо скарб вялікай пагрозы й сілы. Можа, нейкая лютая зброя Чорнага Ўладара. Калі скарб гэты дае моц у бітве, то Барамір – як я яго ведаю, чалавек ганарлівы й бясстрашны, а часта й неразважна дзёрзкі, заўжды заклапочаны перамогаю Мінас Тырыту (і ўласнай славаю), – Барамір мог пажадаць скарб, паддацца спакусе. Як шкада, што выправіўся па разгадку прароцтва менавіта ён! Старэйшынам і бацьку належала абраць мяне, але ж ён дамогся права ехаць як старэйшы й дужэйшы (і сапраўды так!), і спыніць яго ня здолелі.
Але ж ня бойся болей! Я ня ўзяў бы гэты скарб, нават калі б ён валяўся на дарозе. Нават калі б Мінас Тырыт руйнаваўся б і я адзіны мог выратаваць яго, выкарыстаўшы зброю Чорнага Ўладара дзеля нашай перамогі й маёй славы. Не, Фрода, сын Дрога, такой славы й перамогі я не жадаю.
– Сьветлая Рада таксама не жадала, – дадаў Фрода. – I я нават болей. Я не хацеў мець аніякіх справаў з гэтым.
– Бо сам я, – працягнуў Фарамір, – хачу бачыць, як расквітнее зноў Белае Дрэва ля палацу каралёў, як вернецца Срэбная карона й мір у Мінас Тырыт. Не, у Мінас Анор, як у даўніну, высокі, поўны сьвятла й радасьці, нібы зіхоткая хараством каралеўна сярод каралеўнаў, а не гаспадыня рабоў, няхай і добрая, рабоў, якія самі хочуць застацца рабамі. Вайною мы ратуем сябе ад зьнішчальніка, што прагне паглынуць й пажэрці ўсё, але я не люблю мечаў і стрэлаў за іх вастрыню й згубнасьць і не шаную ваяра паводле ягонай славы забойцы. Я люблю толькі тое, што яны абараняюць, горад людзей Нумэнору. I хачу, каб яго любілі за памяць дзён, старадаўнасьць, і прыгажосьць, і за цяперашнюю мудрасьць. Я не хачу, каб яго баяліся, але каб ставіліся да яго з глыбокай павагаю й пашанаю, як шануюць людзі годнасьць найстарэйшага й наймудрэйшага сярод іх.
Таму не палохайся мяне! Я не прашу цябе распавядаць мне болей. Я не прашу нават пацьвердзіць, ці блізкая мая здагадка да праўды. Але ж калі ты даверысься мне, то, магчыма, я дапамагу табе парадаю ў тваёй справе, якой яна ні была б, а можа, і ня толькі парадаю.
Фрода не адказаў. Хоць амаль паддаўся спакусе, бо так прагнуў дапамогі й добрай рады, так хацеў падзяліцца з гэтым суворым юнаком, чые словы падаваліся мудрымі й шчырымі, усім, што ляжала на сэрцы й у розуме. Аднак нешта стрымала яго. Страх перапаўняў яго, страх і далеч: калі ён з Сэмам, як падалося, засталіся адзінымі з усяго Зьвязу Пярсьцёнка, дык толькі на Фрода й ляжыць цяпер адказнасьць за таемнасьць. А лепей незаслужаны недавер, чым пасьпешлівая балбатня. Спомін Бараміра, жудаснай зьмены, народжанай прагай пярсьцёнка, жыва паўставаў перад Фродавымі вачыма, калі пазіраў на Фараміра – такога адрознага брата, але ж такога, такога падобнага.
Колькі часу бязгучна рушылі ў цішыні – шэра-зялёныя цені пад старымі дрэвамі. Над галовамі сьпявалі птушкі й сонца блішчэла на гладкім даху, на паверхні цёмнага лісьця заўжды зялёных лясоў Ітыльёну.
Сэм у размове ня ўдзельнічаў, хоць прыслухоўваўся й адначасна вострым хобіцкім слыхам адзначаў усе нягучныя галасы ляснога гоману навокал. Прыкмеціў, што за ўсю гаворку аніводнага разу Глыкса не згадалі. Тое задаволіла, хоць і адчуваў: наўрад ён больш аніколі не пачуе гэтай мянушкі. Таксама меркаваў: хоць іх крочыць усяго пяцёра, шмат людзей зусім непадалёк. Ня толькі Маблунг і Дамрад мільгацелі ў ценях наперадзе, але мноства людзей спрытна й таемна рушылі пааберуч да нейкага прызначанага месца.