Ночы на Плябанскіх Млынах
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:
— Ну вось, і скончыліся твае страхі. Цяпер ты будзеш маім.
Валадковіч забыўся нават на тое, каб запярэчыць, што ён ня ведае страху, ірвануўся ў ланцугах, каб абняць прыгажуню, яе косы ўпалі ўніз, самі распляліся чорнымі хвалямі, у іх мільганулі зялёныя стужкі… Ці сьцябліны? Вусны наблізіліся да вуснаў… Якая яна халодная… Як зімовая вада. Вочы, у якія апантана зазіраў Валадковіч, пачалі глыбець, як віры, і ператварыліся ў прагалы… Цёмныя, як раскапаная магіла. Пах вярбены зьмяніўся пахам рачной цьвілі… І рыцар нема закрычаў, бо гэта было страшней за сьмерць.
Тыя, хто прыйшоў расстрэльваць адчайнага шляхцюка, расказвалі, што ён чамусьці быў увесь мокры – быццам на яго лінулі вадой з вядра… І нібыта ўзрадваўся прыходу катаў… І сьмяяўся, нават калі першая куля патрапіла ў ягоныя грудзі.
Ніякай жанчыны ў сутарэньнях, дзе адбыўся патаемны і хуткі расстрэл, вядома, ніхто ня ўбачыў. Пасьля пачалі рассказваць, што дух пана Міхала адправіўся на вышэйшы суд нераскаяным і ня можа пакінуць зямлі… І ягоны прывід сумна паглядаў з вокнаў ратушы цягам стагоддзяў... І калі тую ратушу нашыя нашчадкі адбудуюць – ён зноў будзе там.
Пан Беларэцкі скончыў аповед і пацянуўся да кубка з астылай гарбатай.
— Ну а зараз пан Андрусь стане нас запэўніваць, што дзяўчына, якая абразіла Валадковіча, была сьвіслацкай русалкай, — насьмешна пракаментаваў Улад. Фалькларыст паставіў кубак на стол і паважна адкінуўся ў крэсьле.
— Каментаваць міфы як рэальныя падзеі нельга, — прамовіў ён павучальным тонам, – Адзінае, у чым я перакананы – што ў аснове кожнага міфу, паданьня, легенды сапраўдныя падзеі, але часта скажоныя да непазнавальнасьці, як адлюстраваньне ў імклівым ручаі. Страшэнная трагедыя ператвараецца ў вясёлую казку пра Калабка. І, наадварот, за самымі таямнічымі і рамантычнымі легендамі хаваецца нешта будзённае і нават камічнае. Ведаеце, гэтак ідзеш па лясной сьцежцы і бачыш проста перад вачыма дзівосныя каралі з напоўненых залатым сьвятлом перлінаў... Аж сэрца зойме ад незямной прыгажосьці. Прыгледзішся — а гэта звычайнае павуціньне, пакрытае расой… Ды яшчэ дохлая казюрка ў ім вісіць.
— Ну, наконт дохлай казюркі замест рамантычных караляў гэта мы ўсе спазналі… — прамармытаў Улад, і чуйнае вуха Зосі ўлавіла за няўцямнымі словамі таямніцу, як вопытная гаспадыня па першым вуркатаньні вару пазнае, што гарбату трэба здымаць з агню.
— Уладзе, а ну расказвай, што зараз успомніў! Мы ж дамаўляліся – ніхто не адмаўчыцца.
Малады чалавек паціснуў плячыма.
— Вы будзеце расчараваныя. Ні двубою за чароўную даму, ні сустрэчы з прывідам я не перажыў. Мая гісторыя, вядома, будзе тэатральная.