Ночы на Плябанскіх Млынах
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:
Здарылася гэта са мною, калі я яшчэ сьвята верыў у рамантыку і ў тое, што тэатр – сапраўдны храм. Я пасварыўся з бацькам і сышоў з дому. Два гады заняткаў у студыі давалі падставу верыць, што жыцьцё маё складзецца цікава і слаўна, ня горш, чым у маленькага, адшуканага сапраўднымі бацькамі, лорда. Тады ў нашым гарадскім тэатры іграла антрэпрыза пана Г. Ня самая горшая, як я пасьля ўпэўніўся, але й нічым ня лепшая за іншыя местачковыя трупы. Герой-палюбоўнік з увесьчасна напудраным тварам і завітымі, як у Антыноя, кудзеркамі (ён паласкаў горла мятнай мікстурай – дзеля прыемнага паху і мяккасьці голасу); гераіня, падобная да высушанага аеру, у якім жыве крыклівая птушка бугай; субрэткі з вуснамі сардэчкам і марай пра шчодрага і непатрабавальнага купца першай гільдыі; комік з фіялетавым носам; сівагаловы “высакародны бацька” з надзвычайным уменьнем лаяцца з дапамогай медыцынскіх тэрмінаў, кшталту “Ах ты клісьцір няшчасны, трахеатамію тваю перытаніт”… Гэта быў сьвет штучны і цудоўны, грубы, прыніжаны – і высокі. Сьвет блазнаў і фігляраў, далучаны да вышэйшых ісьцінаў. Касьцюмы іспанскіх грандаў з грубага паркалю, упрыгожаныя распушанай вяроўкай і апырсканыя залатой фарбай… Кардонны месяц на прэнце і сасновая вада, якой палівалі сцэну перад кожным сьпектаклем, каб не ўздымаўся віхурай вечны пыл…
Я блытаўся за кулісамі, стараючыся як найчасьцей патрапіць на вочы рэжысёру, пану Рэўзару, мажному, як старасьвецкі буфет, дзядзьку з неверагодна пышнымі вусамі і сінім аксамітным бантам замест гальштуку, і быў неверагодна шчасьлівы, калі мне давяралі патаньчыць у натоўпе нямецкіх сялянаў, што сустракалі свайго герцага з крыжовага паходу, альбо пастаяць з пыльным, як вясковая дарога ў сухмень, апахалам ля трону ўсходняга цара. Атрымліваў я такія капейкі, што каб не пусьціў мяне таварышаваць Арцёмка Растаргуеў, артыст на другіх ролях і горкі прапойца, туліўся б я ў начлежцы ў Траецкім… Так, са шкляным богам здраджвалі пані Мельпамене многія ейныя служкі… Трупа страчвала чальцоў, як рота на полі бітвы. Тым больш час быў трывожны, пачыналася вайна, у горад увесь час сьцягваліся вайсковыя часткі, што давала тэатру публіку, але не дадавала веры ў будучыню. Адсутнасьць тае веры спраўджвалася зьнікненьнем у горадзе цукру, солі і мукі. Нават сьвечкі стала не купіць... Некалькі артыстаў мабілізавалі… Мне было сямнаццаць, але выглядаў я на ладнага дзецюка. І мне паступова пачалі даручаць ролі са словамі. Што, акрым гонару, давала права на атрыманьне дадатковага селядца ў пайку. Божа, як я ганарыўся і хваляваўся, як ночы цалюткія паўтараў ролю перад люстэркам… Асабліва мне падабалася іграць ролю вартавога ў “Гамлеце”. Таго самага, які распавядае прынцу аб зьяўленьні прывіду. На гэтым мой удзел у сьпектаклі не заканчваўся, я мяняў бутафорскую кірасу на камзол альбо расу і ператвараўся то ў прыдворнага на каралеўскім бале, то ў мніха, які ідзе за труной Афеліі, то ў воіна, які прыехаў з таямнічым Фартынбрасам… Адзін раз я нават быў самім гэтым Фартынбрасам, калі выканаўца ролі прыняў у антракце кактэйль, адным са складнікаў якога была добрая старадарожская самагонка. Вядома, я марыў пра славу… Ну ня можа быць, каб ніхто не зьвярнуў увагу, як я раскаціста вымаўляю “р” у слове “пр-рашу” і горда закідваю галаву… І калі аднойчы мае мроі спраўдзіліся, я нават не зьдзівіўся. Самавіты пан з чорнымі, завітымі ў колцы вусікамі, у такім элегантным шэрым касьцюме з ангельскага сукна, што, здавалася, сышоў з паштоўкі, пасьля чарговага прадстаўленьня перахапіў мяне за кулісамі з кампліментамі майму артыстычнаму тэмпераменту і тонкаму псіхалагічнаму малюнку ролі… Незнаёмец размаўляў па-руску з лёгкім акцэнтам. Чарнявы, тэмпераментны… Француз? Італьянец? Іспанец? Вядома, у душы я з усім, што прамаўляў мой гарачы прыхільнік, пагаджаўся, хаця дзесьці на ўскрайку сьвядомасьці сядзеў, як ушчэнт зьбяднелы карчмар на ганку пустой карчмы, сумніў: ці праўда ў маім “пр-рашу…” вібрыравалі сусьветныя эфіры? Але мы, нават пасталеўшы, ахвотней верым у прыемнае, чым ва ўласныя сумнівы.
— Ці хочаце вы, малады чалавек, сыграць Гамлета?
Ну хто б у сямнаццаць гадоў ад такога адмовіўся! Верагодней крыжадзюбу адмовіцца ад яловых шышак, а гарадавому ад гербавай бляхі. Але далей пачалося дзіўнае. Мяне прасілі сыграць гэткі монасьпектакль, прамовіць самыя знакамітыя маналогі дацкага прынца, і ня дзе-небудзь у прыватным тэатрыку, перад клумбай-жонкай і прышчавымі пляменьнікамі, а тут, на сцэне тэатру… Але – уночы. Памяшканьне будзе дзеля гэтага выкупленае ў дырэкцыі. Публікі чакаецца няшмат, але самая што ні на ёсьць выкшталцоная і дасьведчаная. І за гэта — сто рублёў ганарару. Шалёныя грошы. Здаралася, увесь збор нашай трупы за вечар не дасягаў гэтае мяжы. Укладзеныя ў маю руку дваццаць пяць рублёў авансу падбадзёрвалі, просьба нікому не расказваць пра меркаваны начны сьпектакль выглядала адкрыта падазрона, быццам курыныя пер’і на пысе хатняй коткі. Вядома, усё тлумачылася маім талентам, ад якога знаўцы хочуць атрымаць асалоду без усялякіх перашкодаў.