Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Зьмяркалася. На лесьвіцы было ўжо цёмна, і Рыгор, спусьціўшыся на першы паверх, намацаў на сьцяне ўключальнік і запаліў сьвятло. На лаўцы ля пад'езду гутарылі ў прыцемках дзядзька Васіль і дзядзька Міхась. Іхная спрэчка зараз перажывала спакойную фазу, і была больш падобная да шчырае размовы.
– Не магу адмовіць Талстому ў велічы, Міхась, – напаўголасу даводзіў дзядзька Васіль. – Але і ты мусіш пагадзіцца, што Талстой – ня больш як нязграбны і недарэчны вучань Флябэра. Няспраўны, але зь вялікай фізычнай сілай.
– Васі-іль! – з крыўдай і дакорам адказваў дзядзька Міхась. – Ды як ты можаш іх наогул параўноўваць! Флябэра, які напісаў пару сьлязьлявых жаночых раманаў і Талстога, які пакінуў 90 тамоў жывое глыбокае думкі, філёзафа, асьветніка, змагара за праўду!
– Слухайце анэкдот, – сказаў Рыгор, загадзя ўсьміхаючыся. – Заходзіць аднаго разу Набокаў у гастраном па піва і бачыць: Талстой купляе бутэльку гарэлкі, а на вуліцы яго Флябэр чакае. Набокаў зьдзівіўся і пайшоў па свае справы. На другі дзень заходзіць Набокаў ізноў па піва і бачыць: Талстой ізноў купляе бутэльку гарэлкі, а на вуліцы яго Флябэр чакае. Набокаў зьдзівіўся і пайшоў. На трэці дзень, калі ўсё паўтарылася, Набокаў ня вытрымаў і пытаецца Флябэра – чаму Талстой увесь час гарэлку купляе, а ты ані разу? Флябэр адказвае – ён «Анну Карэніну» з маёй «Мадам Бавары» сьпісаў, дык цяпер цэлы месяц прастаўляецца.
Дзядзька Васіль зарагатаў, трасучы выстаўленым уверх сухенькім адзінцам, а дзядзька Міхась захлынуўся з абурэньня і колькі сэкунд маўчаў, спрабуючы набраць у грудзі паветра. Не чакаючы адлупу, Рыгор махнуў ім рукой.
Рыгор пайшоў ува ўсю сілу. Спазьніцца ён ня мог, бо пэўны час сустрэчы ніхто не пазначаў, але яму карцела хутчэй дабрацца да месца. Да тога ж ён нечакана падлавіў сябе на тым, што адчувае боязь перасьледу, нічым не абгрунтаваную. Рыгор пасьмяяўся сам зь сябе: ну хто, хто можа гнацца за ім? Але трывожнае пачуцьцё засталося. Увечары, у прыцемку, ішлося прыкметна лягчэй і хутчэй. Запаліліся ліхтары, і ён пачаў назіраць за сваім ценем, як той, насычана-чорны, узрастае з-пад ног, бляднее, рашчыняецца па меры падаўжэньня і, нарэшце, саступае месца новаму, ад наступнага ліхтара. Насустрач трапляліся ночныя матылькі ды нейкія невялічкія жукі, што праляталі мэтліва і нячутна, удзень ён аніколі такіх ня бачыў. Калі яны траплялі пад сьвятло ліхтароў, на асфальту можна была заўважыць іхныя ценьчыкі, дробныя і бясформавыя.
Дарога была нескладаная, але доўгая, нават даўжэйшая чымся да працы. Прайшоўшы, па адчуваньні, палову шляху, Рыгор узгадаў, што ня ўзяў з сабою падсілкавацца. Усе крамы былі ўжо зачыненыя, і ён зьлёгку запанікаваў. Ён паляпаў па кішэнях і знайшоў-такі маленькую мятную цукерку, якую адразу ж адправіў у рот, а фаньцік сунуў назад у кішэню.
Да брамы вайсковага гарадку Рыгор наблізіўся ўжо поўнай ноччу. Бліжэйшы ліхтар не гарэў, над галавою змрочна высіліся вялізныя хвоі. Весьнічкі сталіся зачыненыя, гузіка пазваніць ён не знайшоў. Сама брама была вельмі высокая, з тоўстых жалезных дубцоў, з вострымі дэкаратыўнымі дзідамі зьверху. Пра тое, каб пералезьці празь іх, можна было і ня думаць. Ён хвіліну пастаяў ля брамы, у надзеі, што яго заўважаць. Ледзь відомы наперадзе КПП быў незаселена цёмны. «Антоооось!» – крыкнуў ён, адважыўшыся парушыць цішыню. Пастаяў яшчэ хвіліну – ці пачуе Антось? «Няўжо Андрон мяне падмануў? Не, ня мог ён гэта зрабіць!» Рыгор раззлаваўся. Ён пайшоў уздоўж плота, разважыўшы, што ў ім можа сустрэцца якая шчыліна. Але плот быў непрыступны, белыя бэтонавыя пліты без адзінае шчыліны цягнуліся наперад і наперад. Прайшоўшы мэтраў пяцьсот, Рыгор у роспачы стаў шукаць у кішэнях яшчэ адну цукерку. Ён паабяцаўся цяперака заўсёды мець пры сабе дзясятак цукерак. «А раптам Антось адыходзіў у прыбіральню, прыкладам? Акрамя таго, можна ж паспрабаваць падлезьці пад брамай», – ён узрадаваўся на гэтую новую мажлівасьць і павярнуў назад.
За паўгадзіны ягонае нябытнасьці нічога не зьмянілася. Будка КПП цямнела за брамай, весьнічкі былі зачыненыя. Між брамай і асфальтам можна было прасунуць хіба што руку. Думка пра вяртаньне ні з чым разьюшыла яго. У прыкрасьці Рыгор схапіўся за дубцы і патрос іх. Брама трошкі варухнулася. Ён пашукаў вачыма замок або завал, але створы брамы нічым не злучаліся. Мабыць, брама зачынялася электрычнымі штурхачамі, зьмешчанымі ў падмурку. Рыгор паспрабаваў рассунуць створы, і яны зь вялікай цяжкасьцю паддаліся, утварыўшы шчыліну, у якую ён бязь лішніх роздумаў пачаў шчаміцца. Моцна прыціснула жывот, але ён напружыўся і вырваўся ўнутар. Створы пругка злучыліся за ім. «Як усё проста сталася. Вось толькі куртку прыйдзецца зараз праць». У цемры не было відаць, ці запэцкалася куртка, але Рыгор у гэтым не сумняваўся. Ён як мог атросься. «Халера зь ім, якая справа Антосю да маёй курткі? Брудная яна ці не, усё роўна».
Рыгор наблізіўся да КПП і зазірнуў у вакно. Там бачыўся стол зь нязьменнымі газэтай і алоўкам, і фатэль за ім. Далей была цемра. «Можа, ён сьпіць на падлозе? Яны ж тут вайскоўцы, а значыцца спартанцы». Рыгор абышоў будку вакол. З далёкага боку ў будцы была дзьверка, зьнізу засьветленая ліхтаром, а зьверху пакрытая чорным ігольчастым ценем ад галін суседняе хвоі. «Шкада, Лявона няма – падзівіўся бы на прыгажосьць», – Рыгор адважна штурхнуў дзьверку. Яна была незачыненая; сьвятло ліхтара і чорны ўзор імгненна трапілі ўсярэдзіну і ляглі на падлогу, часткова асьвятліўшы шафу ля задняе сьцяны. «Анікога. Дзе ж цяпер шукаць гэтага чортава Антося?» Ён увайшоў у будку, памацаў рукою па сьцяне побач зь дзьвярыма. Уключальнік сапраўды знайшоўся, загарэлася сьвятло. Ігольчасты ўзор ізьнік, але затое ў пакоіку адразу зрабілася ўтульна. Рыгор рассудзіў ненадоўга застацца ў КПП і адпачыць. Можа, Антось убачыць сьвятло і прыйдзе даведацца, хто яго ўключыў? Рыгор прычыніў дзьверы, паставіў торбу на падлогу і, паддаўшыся натхненьню, расчыніў шафу. Ягоныя надзеі спраўдзіліся: на адной з вольных ад папер палічак ляжаў пачаты пакунак дробных пернічкаў. Ён з палёгкай згроб яго, зачыніў шафу, сунуў пернічак у рот і сеў за стол. Пернік быў чэрствы, амаль каменны, і прыйшлося пасмактаць яго перад тым, як раскусіць. Але гэта было лепш за нічога, і на душы ў Рыгора трохі паспакайнела. Ён прыцягнуў газэту, яна менавалася «Савецкая Беларусь». Рыгор перагарнуў яе апошняй старонкай уверх, але крыжаванкі там не было. Не было яе і на папярэдняй. «Дзіўна, навошта ж тады аловак?» Рыгор гартаў газэту ў пошуках якіх падкрэсьленьняў ці пазнак на палёх, але ўсё было чыста. У шуфлядах было пуста.
Ён жаваў пернічкі і глядзеў на жоўта-сіняе адлюстраваньне нутробаў КПП у ваконным ішкле. Зьлева, з боку брамы, адбіткі не парушаліся нічым, а праваруч праз адлюстраваньне шафы прасьвечваў ліхтар. Рыгор уявіў, што нехта глядзіць на яго звонку, нябачны і пагрозьлівы. Яму зрабілася ніякавата, і пернікі ўжо ня лезьлі ў горла. Ён запіхаў рэшткі пакунка ў кішэню, устаў і, змацаваўшыся, пагасіў сьвятло. За колькі страшных сэкунд, пакуль палачкі ў вачох мяняліся месцамі з коўбачкамі, ягоная кашуля прыліпла да сьпіны. Нарэшце рэзкасьць навялася, і ён убачыў за вакном усё тое ж: пустынны адрэзак дарогі і нерухомыя хвоі. Яму раптам прыйшло ў галаву, што Антось можа сачыць яго з-за цёмных камялёў, але ён прымусіў сябе ня думаць пра гэта. Закурыў. Лаючы Андрона зь ягонымі парадамі ды сваю даверлівасьць, Рыгор так моцна пстрыкнуў пальцам па цыгарэце, абтрасаючы попел, што яна трэснула. Нічога не заставалася, як пайсьці шукаць Антося наўзгад, спадзяючыся толькі на шацунак.
Ён ляпнуў дзьвярыма КПП і рушыў углыб вайсковага гарадка. Хвоі неўзабаве скончыліся, і ўздоўж дарогі пацягнуліся двухпавярховыя пабудовы. Вулічныя ліхтары гарэлі спраўна, але ні ў водным з будынкаў не сьвяцілася ні вакенца. «Цікава, што гэта: казармы, канцылярыі, склады ўзбраеньня? Ці ёсьць там хтосьці? Трэба пайсьці паглядзець, усё роўна мне ўжо губляць няма чаго. На’т калі наскочу на ахову, дык прыдумаю якую казку. Прыкладам, што прышоў наведаць стрыечнага брата і нясу яму альбомы паглядзець», – Рыгора засьмяўся з абсурду сытуацыі. Ён сунуў у рот пернічак і падыйшоў да бліжэйшага ўваходу. Перад тым, як пацягнуць клямку, ён агледзеўся і – шацунак! – заўважыў на другім баку дарогі, наперадзе, сьвятло ў вакне другога паверху. Рыгор пасьпяшаўся туды. Звонку не праглядалася, што знаходзіцца за вакном, яно было зачыненае жоўтымі фіранкамі са зварушлівымі карункавымі бакамі. Дзьверы ў будыніну зьмяшчаліся рыхтык пад гэным вакном. Рыгор насьцярожана ўвайшоў, рыхтуючыся да непрыемнасьцяў. Лямпачка над уваходам асьвятляла пачатак лесьвіцы наверх, справа і зьлева сыходзілі ў прыцемкі калідоры. Ён падняўся на другі паверх і адразу пазнаў патрэбны пакой па яркай палосцы сьвятла з-пад дзьвярэй. Рыгор патрываў. Усярэдзіне слухалі бурлівы фінал нейкага скрыпічнага канцэрту, і гэта надало яму сьмеласьці. Ён пастукаў. Пачуўся шум крэславых ножак па падлозе і імклівыя крокі. Дзьверы адчыніліся, і ён адразу пазнаў Антося праз круглыя акуляры. Антось быў менавіта такі, як уяўлялася Рыгору: сярэдняга росту і сярэдніх гадоў, худзенькі, вельмі ахайны мужчына са сьветлымі валасамі і пшанічнымі вусікамі. Вусы дзіўна выглядалі на ягоным мяккім твары з дробнымі недарослымі рысамі.