Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Згодны, – заўважыў Рыгор, зь весялосьці перакінуўшыся ў п'яную ўдумлівасьць. – Па сабе ведаю – чым дольш жывеш, тым большым скотам робісься.
– Менавіта! Але гэта першае. А другое, калі чалавека забіць, дык атрымаецца, што ён нявінна пацярпеў, а за гэта яму многае даруецца на тым сьвеце. Чым больш люта забіць, тым лепш. Учыні над малым сім зьверства, і заўтра ён будзе ў раі!
Рыгору нарэшце ўдалося выкінуць плеўку, скруціўшы яе ў галку. Ён закурыў і падаў пачак Лявону.
– А сам ты гатовы, каб цябе потым чэрці смажылі? У адвечным полымі, як той казаў?
– У адвечным полымі? – Лявон патрос галавой, адмаўляючыся ад цыгарэт. – Дзе там! Вось тутака і крыецца салодкая рызына, я б на’т сказаў, смоква. Заўваж, мы йдзем забіваць не дзеля карысьлівасьці і ня ў гневе, але па любові. Ратуем банкаўскіх працаўнікоў ад пекла! Душы сваёй не шкадуем дзеля блізкага! Хто ж мы пасьля гэтага? Адказ просты: мы сьвятыя!
Лявон намаляваў пальцам круг над галавой. Зараз твар і пастава ягоныя былі адухоўленыя і з гэтага асабліва харошыя. Рыгор мімаволі залюбаваўся. У гэты момант дзьверы адчыніліся і вонкі выйшла кампанія мужыкоў. Яны кашлялі, хісталіся і гучна абмяркоўвалі піва «Крыніца».
– Як вам «Крыніца», хлапцы? – зьвярнуўся да Лявона і Рыгора адзін зь іх, разгойданы бляндын.
– Я ўжо даўно яе ня п'ю, – аўтарытэтна адказаў Рыгор. – Бяры лепш «Сябар», ён лепей будзе.
– Паважаю! Гутэ нахт! – згодна ўсклікнуў бляндын, з размаху паціснуў Рыгору руку і нязграбна пабег за сябрамі. У дарогі ён іх нагнаў, і адтуль пачуўся сьмех, гучны чых і сьпевы хорам: «Майн лібхэн, гуууте наааахт!» Лявон і Рыгор пераглянуліся. Рыгор устаў і стрэльнуў недапалкам у сьметніцу.
– Па-нямецку сьпяваюць, ці што? Во сьвіньні... То ў іх ціхія песьні, то гучныя. Пайшлі мо шчэ півасіку возьмем? Ды па піццы?
Яны вярнуліся ў бар. Пасьля кампаніі застаўся пусты столік у куце, Рыгор паказаў Лявону на яго, а сам пайшоў да стойкі. Праз колькі хвіляў ён вярнуўся зь дзьвюма бутэлькамі «Сябра».
– Ты піццу якую любіш? Там ёсьць з сырам, а ёсьціка з каўбасой.
– Дзякую, – Лявон імлява ўсьміхнуўся і матнуў галавой. – Я не галодны, бяры толькі сабе. Калі раптам будзе вельмі смачна, дык пачастуеш кавалачкам.
– Ну як скажаш.
Рыгор памахаў буфэтніку, і той кіўнуў яму ў адказ. Лявон падумаў, што гэты жэст Рыгора азначае адмову ад другое піццы. Рыгор сеў і дастаў з кішэні джынсаў маленькі гайкавы ключык, растлумачыўшы, што памер 13 ідэальна падыходзіць для бутэлькавых коркаў. Ён перадаў адну бутэльку Лявону і прызыўна падняў сваю, гледзячы яму ў вочы. Яны чокнуліся за знаёмства. Рыгор адпіў колькі глыткоў, моцна паставіў бутэльку на стол і, наладзіўшыся на грунтоўную размову, спытаў:
– Ну, Лявоне, раскажы, хто ты? Чым жывеш?
– Дык няма чаго асабліва расказваць... – зьбіраючы думкі, сказаў Лявон. – Студэнт, вучуся на інстытуце. Жыву на Захадзе, у цётачкі, на трэцім паверсе. Музыку слухаю, чытаю.
Не ведаючы, пра што яшчэ сказаць, Лявон змоўк. Ён апусьціў бутэльку на стол, так і не глынуўшы. Яму ўжо хацелася спаць. Але ў Рыгора настрой быў актыўны. Ён ляпнуў Лявона па руцэ і засьмяяўся, не зусім зразумела, чаму:
– А я аўтасьлесар! Працую! Жыву ў цесьця зь цешчай! Музыку люблю! – ён рагатаў.
Лявон падумаў, што той рагоча над яго, Лявона, апісаньнем сябе і парадыруе. Гэта ані яго не пакрыўдзіла, бо ён выдатна ўсьведамляў усю беднасьць свае прамовы. Буфэтнік паднёс дзьве вялікія талеркі з піццай. Выявілася, што Рыгор масьціўся зьесьці абедзьве, «паціху», паводле ягонага выразу. Ён адразу ж ўзяўся за першую. Піццы былі набытыя ў краме, разагрэтыя ў мікрахвалёўцы і шчодра палітыя маянэзам. Лявон падумаў, ці ня зьесьці яму кавалак.
«Не, не хачу піццы. Але як хацелася бы мне стаць на колькі хвіляў ім – Рыгорам! Пракрасьціся ў ягонае цела, адчуць маянэз на ягоным языку, піўную шуму на ягоных вуснах, цяжар ягонага ўпертага ў стол чэрава, убачыць сьвет празь ягоныя вочы. Як крыўдна, як зьневажальна, што нашы змогі да тога дробныя і бедныя. Размовы, назіраньні, дотыкі – гэта ўсё, што нам даступнае ў дачыненьні да іншага чалавека. І калі на’т выказаць здагадку, што ўзаемапратачэньне ня мае сэнсу праз нашу аднолькавасьць, дык ці суцяшае гэтая думка? Не, не суцяшае... Узяць хоць бы абрыс ягоных пазногцяў: як гэта – мець менавіта такія пазногці? Ніколі не пазнаю», – так разважаў Лявон, назіраючы, як Рыгор кусае ды жуе.
Ягоныя разважаньні былі нечакана перапыненыя. Да іхнага століка падыйшоў буйны пэнсіянэр і, закрануўшы нагою столец, зрабіў даволі моцны шум і напалохаў Лявона, які ўжо засынаў. Лявон і Рыгор дружна паднялі да яго твары.
– Тата?! – усклікнуў Рыгор. – Як вы тутака апынуліся? Вы ж звычайна ў ваннай мыецеся, сьцюдзёнаю вадзіцай?
– Цябе вельмі доўга не было. Я ўсхваляваўся, – тата падцягнуў нагавіцы на каленях і зноў зрабіў шум стольцам, сядаючы. Ён дастаў з унутранай кішэні хустку і грунтоўна высмаркаўся, пасьля чаго прамакнуў ноздры, нацягнуўшы хустку на мезенец.
– Вы паглядзіце на яго! Ён усхваляваўся! – нахабай Рыгор спрабаваў схаваць зьбянтэжанасьць, але было відаць, што ён пачырванеў.
– Лявон, – назваўся Лявон, каб зьмякчыць.
Ён падаў руку, і тата павольна і асьцярожна паціснуў яе. Татава далонь, як і Рыгорава, была вялікая, шырокая і цёплая. «Цікава паглядзець, як яны паціскаюць рукі адзін аднаму. Дзьве вялізарныя клюшні, якія прыкладаюць узаемныя намаганьні».
– Кліч мяне татай, сынку. Лявон, кажаш? І колькі табе гадкоў? – Тата ўва ўпор глядзеў на Лявона цяжкім позіркам, трохі спадылба, і Лявону зрабілася ніякавата.
– Кіньце, тата! Гэта мой новы сябар. Мы зь ім у апарні пазнаёміліся, – абыякава сказаў Рыгор і павярнуўся да Лявона. – Мой цесьць – рэдкі чалавек! Дабрэйшая душа, і сьціплы да крайнасьці. Напускае на сябе прасьцяцкі выгляд, а сам акрамя клявэсыну нічога ня слухае.
– Новы сябар, кажаш? – нарасьпеў вымавіў тата і падняў тоўсты паказьнік на Лявона.
– Так! Слухайце, які мы зь Лявонам анэкдот злажылі. Сустрэліся неяк раз тры цара: будыйскі, юдэйскі і хрысьціянскі ды паспрачаліся, хто больш дабра людзям зробіць. Будыйскі цар загадаў усім жыхарам свае сталіцы раздаць па кнізе. Юдэйскі цар загадаў усім жыхарам свае сталіцы раздаць па кішэні золату. А хрысьціянскі цар загадаў усіх жыхароў свае сталіцы пакараць сьмерцю. Будыйскі і юдэйскі цар пытаюцца – што ты такое нарабіў? гэта ж не дабро, а зло! Хрысьціянскі цар адказвае – дурні, ня ведаеце, у чым дабро! мае людзі нявінна пацярпелі, і зараз патрапяць наўпрост у рай!
Лявону не было сьмешна. Аднак ён зьдзівіўся, што Рыгор ня толькі зразумеў іхную размову, але і пасьпеў яе пераварыць. Тата, таксама бязь ценю ўсьмешкі, заўважыў, што назаві адзін цар іншых дурнямі, дык тыя адразу б абвясьцілі яму вайну. «Вайну!» – паўтарыў ён з націскам. Павісла паўза. Нарэшце Рыгор рэзка ўстаў, пахіснуўшыся.
– Ну ўсё! Хадзем дадому! – сказаў ён тату. – Лявон, рады быў знаёмству. Дай мне свае кантакты, можа шчэ сустрэнемся.
Лявон прадыктаваў адрас і тэлефон. Рыгор занатаваў іх на мятую паперку, дапіў залпам піва і рушыў да выйсьця. Тата таксама ўстаў, моўчкі паціснуў Лявону руку і пайшоў усьлед. Gf Лявон сядзеў у замяшаньні. Што магла значыць уся гэтая сцэна? Чаму Рыгор занэрваваўся? Саромеецца свайго цесьця?
Зьявіўся буфэтнік, узяў пустыя бутэлькі і спытаў Лявона, ці будзе ён даядаць піццу. Лявон паматаў галавой. Буфэтнік прыбраў талеркі й, зірнуўшы на яго, з усьмешкай падміргнуў у бок выйсьця, дзе толькі што зьніклі Рыгор з татам.
– Так сябруюць, так сябруюць!
Голас у буфэтніка быў тонкі і пакеплівы, яму відавочна карцела пабалбатаць, але Лявон на сёньня ўжо перапоўніўся зносінамі і прамаўчаў. Нясьцерпна карцела прылегчы і паспаць. Ён прымусіў сябе спачатку ўстаць, потым дайсьці да дзьвярэй бара, потым да выйсьця з лазьні. Там было неба, і яму палягчэла.
4. Як Лявон ды Рыгор змовіліся