Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
«Іспыт адбудзецца сёньня ў 9-00. Аўдыторыя 304». Аб'ява была напісаная сіняй асадкай на аркушы ў клетачку. Лявон адзначыў элегантавасьць почырку Адама Васілевіча, ненадоўга задумаўся – ці купляў ён спэцыяльна сшытак, каб выдраць зь яго аркуш на аб'яву? – прачытаў яе яшчэ раз і нарэшце ступіў на лесьвіцу. Трэба было падняцца на трэці паверх. Лявон ведаў цьвёрда, што першая лічба ў нумары аўдыторыі азначае паверх. Яму ніхто гэтага не казаў, але аднойчы здагадка спусьцілася на яго звыш, як адкрыцьцё. Лявон ішмат разоў правяраў тэорыю першае лічбы на справе, і яна працавала заўсёды, без выняткаў. Таемнае веданьне выклікала ў яго некаторы гонар за сябе, але нядоўга: сакрэт другой і трэцяй лічбаў ён разгадаць ня здолеў, колькі ні ламаў галаву. Пытаць ж Адама Васілевіча не хацеў, бо разьвязаньне магло стацца нагэтулькі простае, што зрабілася б сорамна за сваю тупасьць.
На трэцім паверсе Лявон трохі павагаўся, направа ісьці ці налева, і пайшоў калідорам налева. З аднаго боку калідору цягнуліся вокны, з другога – дзьверы аўдыторый, памаляваныя шэрым глянцам. Нумары пачаліся з 330 і цяпер патроху памяншаліся. Калідор яшчэ раз павярнуў налева, і неўзабаве Лявон убачыў дзьверы з нумарам 304 і прышчэпленым аркушам «Іспыт».
Ён дастаў з заплечніка пакунак апэльсінавага соку і адпіў дзеля адвагі колькі глыткоў. Пастукаўся і пацягнуў дзьверы; яны паддаліся не адразу, толькі пасьля некаторага намаганьня, здавалася, што створа зьлёгку прыліпла да вушака. «Пэўна, гэта праз фарбу. Дзьверы памалявалі тоўстым плястом, і зазоры зьменшыліся да шчыльнага прыляганьня. Да тога ж фарба глянцавая, а глянец схільны ліпнуць да глянцу», – думаў Лявон, прыадчыняючы і зноў зачыняючы дзьверы.
– Лявоне! Гэта вы? – гучна спытаўся з аўдыторыі Адам Васілевіч. – Што вы там чыніце, га? Заходзьце.
Голас Адама Васілевіча, як заўсёды, меў асаблівую інтанацыю, што надавала кожнаму вымаўленаму слову адценьне скепсысу і пакепу, ці то з суразмоўцы, ці то з тэмы гутаркі. Першым знаёмствам Лявон не заўважыў гэтай манеры; калі ж пачаліся лекцыі, яна зрабіла рыхтык тое ўражаньне, на якое і была разьлічана: Адам Васілевіч здаўся яму прымудроны і ўседасьведчаны. Але пакрысе чары разьвеяліся, і Лявон стаў адрозьніваць маску ад схаванага за ёй чалавека, ня надта мудрага і нават ня вельмі разумнага, але затое бяскрыўднага, а ў некаторых праявах чульлівага і мілоснага. Ён шчыра любіў сваю працу і на лекцыях часта дасягаў тога натхненьня і душэўнага ўздыму, якое рабіла яго падобнага да захопленага самелье, як у дзень першага знаёмства зь Лявонам.
Лявон набраўся сьмеласьці і ўвайшоў. Углыб і ўверх аўдыторыі падымаліся шырокія прыступкі з партамі, а па-за імі, наверсе, сьвяціліся сонцам вялікія вокны. Ён наблізіўся да подыюму, на якім стаялі кафедра і стол. Над сталом схіліўся Адам Васілевіч, раскладваючы квіткі.
– Зноў сьпіцё? Давайце сюды залікоўку. Цягніце квіток! – Адам Васілевіч сеў за стол, сашчапіў на жываце далоні і іранічна паглядаў на Лявона. – Напомню правілы: калі адказваеце адразу, без рыхтоўлі, дык атрымваеце адзнаку вышэйшую на адзін бал.
Квіткі ўяўлялі сабой усё тыя ж аркушы ў клетку, іх было зь дзясятак. Яны ляжалі тварамі ўніз, і на некаторых выпукла праступалі сьляды напісаных слоў. Лявон уявіў, як Адам Васілевіч сядзіць увечары на кухні ўва ўтульнай паласатай піжаме і піша ў сшытак пытаньні да іспыту, адрываючы старонкі па меры напісаньня. Ці спачатку адрывае, а потым піша? На абрусе? Гэтым маглі б тлумачыцца адбіткі слоў праз паперу. П'е ён перад існом чай ці гарачае малако?.. Павагаўшыся – узяць бліжэйшы да сябе квіток ці адзін зь сярэдніх, зь няроўна адарваным кутком – Лявон пацягнуў сярэдні.
Адам Васілевіч загадаў прачытаць білет услых. Выслухаўшы, кіўнуў і напомніў Лявону яшчэ адно правіла: білет можна замяніць, але тады адзнака панізіцца на два балы. Лявон крыху расчараваў Адама Васілевіча, не выказаўшы жаданьня ні адказваць без рыхтоўлі, ні цягнуць зноўку. Хоць ён ведаў дакладны адказ толькі на другое пытаньне, досьвед папярэдніх іспытаў падказваў яму, што новы квіток можа быць яшчэ больш няўдалы. Пытаньні не палохалі яго, і гэта было ўжо добра. Трэцяе пытаньне нават спадабалася яму. Узяўшы ў Адама Васілевіча чысты аркуш і асадку, ён падняўся на колькі прыступак і сеў на край парты, гледзячы ў білет. Адам Васілевіч устаў і прайшоўся па подыюму.
– Хай вас не зьдзіўляе, што я дадаў у квіткі пытаньне пра словы маёй жонкі, Марысі Мікалаеўны, сказаныя на гадавіну нашага вясельля. Разуменьне выказанай ёю думкі вельмі значнае для кожнага адукаванага чалавека. Я цьвёрда памятаю, што расказваў пра гэтую думку ў маіх лекцыях, і калі вы слухалі ўважліва, дык не маглі не запомніць яе, – ён з усьмешачкай паглядзеў на Лявона.
«Каханьне – гэта вышэйшая мэта кожнага чалавека», – Лявон выдатна ведаў гэтую бессэнсоўную на ягоны погляд фразу жонкі Адама Васілевіча, той спыняўся на ёй раз дваццаць. Адам Васілевіч любіў адысьці ад тэмы лекцыі і расказаць пра сваё жыцьцё ды пра сваю жонку. Слухаць яго Лявону падабалася, жыцьцёвыя пэрыпэтыі Адама Васілевіча ня ўражывалі бурлівасьцю, але былі забаўныя, як і кожная тэма ў ягоным выкладзе. Ён быў добры апавядальнік, эмацыйны і захапляючы, умела паглыбляўся ў дэталі і нюансы, але ня грузнуў у іх. Прыкладам, ён вельмі жыва і ярка маляваў свой сямейны побыт: усхваляваную куплю першага аўтамабіля, анэкдатычныя зносіны зь цешчай, лаянку з суседзямі, традыцыйны заквас капусты, падарожжы ў абутковую краму, цяжбу зь нядбайнымі страхарамі, празь якіх у яго цякло са столі, і многа іншых немудрагелістых, але вясёлых здарэньняў. Разьвеяўшыся аповядам, Адам Васілевіч наколькі мажліва сур’язьнеў і прамаўляў чарговага разу сакральнае выслоўе жонкі пра каханьне, пасьля якога рабіў шматзначную паўзу. Меркавалася, што Лявон, як кожны адукаваны чалавек, усё разумее, і тлумачэньні залішнія. Аднак Лявон не разумеў, і пасьля шэрагу спробаў страціўшы надзею спасьцігнуць сутнасьць гэтых слоў, проста забаўляўся кантрастам паміж глыбакадумнай сур'ёзнасьцю фразы і пакеплівай манерай лектара, якой ён не зьмяняў нават тут. Выходзіла, што Адам Васілевіч жартуе з жонкавых слоў, сам тога не заўважаючы.
Занатаваўшы патрабаваную фразу на паперу, Лявон перайшоў да першага пытаньня. Якія вынікі сэмэстру? За гэты сэмэстар Лявон яшчэ больш глыбока вывучыў жыцьцё Адама Васілевіча, ягоныя погляды на грамадзтва і палітыку (ён сам называў іх дэмакратычным сацыялізмам), навуку (ён пачытаў вышэй за ўсё фізыку і мэханіку, спасылаючыся на сувязь паміж прагрэсам тэхнікі і ўзроўнем жыцьця), мастацтва (перавага аддавалася фатаграфіі), рэлігію (асабісты Бог адмаўляўся, але меркавалася існаваньне вышэйшых цывілізацый на іншых плянэтах, якія час ад часу кіравалі ходам зямной гісторыі), здароўе (ягонай асновай лічыліся захаваньне распарадку дня і слушнае харчаваньне) і спорт (найгарманічнейшым відам спорту быў прызнаны біятлон). Лявон пэдантоўна перапісаў усё гэта на аркуш, у канцы трохі напругшыся над біятлонам. Ён заўсёды блытаў біятлон з баскетболам, пакуль аднойчы не даведаўся, што па-ангельску «бол» значыць «мяч», і адсюль вынікала, што ў баскетболе гуляюць зь мячом, тым часам як у біятлоне ніякага мяча няма. Але, каб не мыліцца, яму кожны раз даводзілася аднаўляць гэты лягічны ланцужок у памяці.