Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 89
Перейти на страницу:

– Да брамы падыдзеш дый гукнеш яго. Клічуць Антосем. Ён звычайна ля КПП бадзяецца. Як ісьці туды ведаеш? Ну і насьмяшыў ты мяне, браценік. Я б табе сам Макарава падагнаў, але выяўляцца не хачу. Будзь! Шчасьліва.

Андрон, як звычайна, рэзка спыніў размову і рушыў прэч. «Якая ўдалая сустрэча! – радаваўся Рыгор. – Вось і са зброяй ужо нешта зразумелася. Возьму пару альбомаў у таты, ён не зьбяднее».

Тым часам Лявон ужо чакаў на лаўцы непадалёк ад уваходу ў лазьню, перакінуўшы руку за сьпінку і пагульваючы чаромхавай галінкай. Ён не разьлічыў часу і прышоў значна раней за дамову. Шляхам Лявон стаміўся, і думкі пра гарачы пар, задуху і навал целаў выклікалі агіду. Не пайду ў лазьню. Нашмат больш прыемна назіраць на беласьнежны дым з тонкага высокага коміну – як ён тоўста і павольна падымаецца, радзее і расьсейваецца ў ярка-сінім небе. Ці гэта ня дым, а пар? Цішыня нічым не парушалася, толькі аднаго разу міма прайшоў старэча, ціхай і няўпэўненай хадою, з валасамі колеру дыму. Лявон сеў ніжэй, каб абаперці галаву на сьпінку лаўкі, заплюшчыў вочы і колькі разоў глыбока ўдыхнуў пах чаромхі.

– Гэй, Лявоне! Сьпіш ці што? – Лявон прачнуўся ад Рыгорава голаса. – Ну даеш! Я думаў, ты ўжо парышся даўно. Пойдзем!

Лявон сеў, паставіўшы локці на калені, і спрабаваў засяродзіцца. Старэча з валасамі колеру дыму. Мыцца ў лазьні. Рабаваць банк.

– Пачакай... – сказаў ён. – Давай пяць хвілінак пасядзім яшчэ, я прачухаюся.

Рыгор сеў побач і штурхнуў нагой нагу Лявона.

– Ну, як ты, дружа? Чаму ня выспаўся? Дзе ўначы скакаў? – пытаньне была жартаўлівае, але Рыгор чакаў адказу зь лёгкай напругай.

– Спаў я ўначы... стаміўся, пакуль сюды ад хаты дабраўся, вось і прыснуў.

– Нічога, зараз я цябе так папару, што надоўга прачнесься! У мяне сёньня венічак жорсткі.

Лявон кіўнуў.

– Ну, а пра банк памятаеш яшчэ? Пойдзем банк рабаваць? – кажучы гэта, Рыгор раптам захваляваўся, што Лявон забыўся пра іхную папярэднюю размову дый зноў успрыме ягоныя словы як жарт.

Але Лявон ізноў кіўнуў, ягоны твар быў цалкам сур'ёзны. Рыгор не зразумеў, што гэта было – пасіўнасьць ці рашучасьць, але рассудзіў пакуль што ня ціснуць на Лявона і паглядзець, як ён будзе паводзіцца далей.

– Вось і выдатна! Я на’т наконт зброі вызнаў. У бліжэйшыя дні здабуду. Па банку ёсьць прапановы?

Лявон вадзіў туфляў па пяску і маўчаў. Рыгор па-свойску стукнуў яго ў плячо:

– Прачынайся, дружа! Я кажу – які менавіта банк адкаркуем? Ці ты не зразумеў, пра што гаворка?

Але Лявон усё зразумеў. Ён цьвёрда паглядзеў на Рыгора і сказаў, што ўжо добра прачнуўся, што яму патрэбныя грошы, і што калі адкаркоўваць банк, дык ужо які вялікі; ў маленькім пэўна і грошай мала. І Лявон прапанаваў напад на галоўнае аддзяленьне Беларусбанка, на Паўднёвым Захадзе, побач з мэдінстытутам.

– Ха, я таксама пра яго адразу ж!.. – Рыгор узрадаваўся супадзеньню іхніх думак. – Колькі гадоў таму праходзіў тым раёнам і бачыў яго. Вялізная такая будыніна. Хутчэй за ўсё, там яны грошы і захоўваюць! Але на’т калі і ня там, дык патрэніруемся на ім. Можа даведаемся, дзе сапраўды захоўваюць. Схопім якога бухгальтара ды выпытаем! Як мяркуеш, у які дзень лепей? Давай можа ў пятніцу ўвечары, дакладней не зусім увечары, а пасьля абеду?

Другая палова пятніцы была Рыгоравым ўлюбёным часам тыдню. Ужо даўно ён дамовіўся з татам, што ў аўторак і ў пятніцу ён можа маяцца зь сябрамі і піць дзе заўгодна, галоўнае – вярнуцца начаваць дадому.

– Не атрымаецца, – адмовіўся Лявон. – Акурат у пятніцу ў мяне іспыт, таму ня ведаю дакладна, у колькі вызвалюся.

– Іспыт? Добра. Іспыт – гэта сур'ёзная справа. А па якім прадмеце?

– Так, рыхтавацца трэба... Сэмэстар іскончыўся, і я мушу трымаць іспыт, каб перайсьці на наступны курс.

Рыгору здавалася, што на інстытуце трымаюць колькі іспытаў па розных прадметах, але ён ня стаў удакладняць, з боязі здацца невукам. Ён крыху саромеўся перад Лявонам, што ня мае вышэйшае адукацыі.

– Добра, дамовіліся! Тады давай у суботу зранку. Потым, можа, яшчэ і ў лазьню пасьпеем, – Рыгор засьмяяўся. – Або наадварот, спачатку ў лазьню, а потым у банк?

– Не, пасьля лазьні ўжо сілаў ня будзе, – з сумневам адказаў Лявон.

– Праўда. Значыць так: сустрэнемся ў наступную суботу а дзясятай каля ўваходу ў банк дый зробім справу. А потым ужо будзем разважаць. Калі раптам што зьменіцца, дык я табе напішу. А цяпер пойдзем! Годзе сядзець!

– Наконт суботы дамовіліся. Але даруй мне, Рыгору… я не пайду ў лазьню... Ніякавата мне. Вярнуся лепш дадому, – Лявон прадбачыў гарачыя пратэсты, але нічога ня мог з сабою зрабіць, агіда да мыцьця не праходзіла. Ён хацеў дахаты.

– Як не пайду?! Мы ж намасьціліся! Я ж сьпяшаўся! – Рыгор быў так шчыра засмучаны, што Лявону зрабілася сорамна.

– Пэўна, ураніцу зьеў нешта ня тое, – паспрабаваў абгрунтаваць адмову Лявон. – Хочаш, ты парся, а я цябе тут пачакаю? Потым пагутарым.

Але харчовая тэма з усімі ейнымі цяжкасьцямі была вельмі блізкая Рыгору, і ён, са спачуваньнем пляснуўшы Лявона па плячы, не дазволіў чакаць.

– Усё роўна ж піва ня вып'еш, калі са страўнікам праблемы. Дый мяне напружваць будзе, што ты мяне тутака чакаеш сядзіш. Давай, тупай дахаты, лякуйся. Сьпішамся. Посьпеху табе на іспыце!

«Усё ж ён крыху дурнаваты, гэты хлапец», – спыніўшыся на лазьнёвым ганку, Рыгор глядзеў, як сыходзіць Лявон. Ягоная постаць павольна выдалялася і раптам здалася яму самотнай і сумнай, захацелася дагнаць яго, зрабіць нешта добрае. Але тут дзьверы ў лазьню расчыніліся, і на ганак шумна вываліліся вымытыя да зьзяньня мужыкі. Рыгор адвярнуўся і рушыў унутар.

А Лявона раптам наведала дзіўнае пачуцьцё – быццам ён з кожным крокам памяншаецца памерамі, становіцца празрыстым і ўсё лягчэйшым. Ён спыніўся і пакруціў галавой, праганяючы адчуваньне. Дастаў з заплечніка сок, напіўся, і гэта дапамагло.

5. Як Рыгор здабыў зброю

Аўторкам увечары Рыгор зьдзейсьніў свой плян. Позна вярнуўшыся з працы, млява павячэраўшы кукурузавым пірагом ды выпіўшы гарбаты з ванільнымі сухарыкамі, ён паскардзіўся таце на нястраўнасьць і галаўны боль. Тата ўсхваляваўся, распытаў пра зьедзенае і выпітае за дзень і даў Рыгору чорную таблетку актываванага вугалю. Пасьля чаго яны пажадалі адзін аднаму добрай ночы і разыйшліся па пакоях. Не заводзячы музыкі, Рыгор сеў ля дзьверэй і прыслухоўваўся, чакаючы, калі тата пойдзе ў лазенку. Ён ведаў татаву звычку падоўгу плёскацца пад душам перад існом і вельмі спадзяваўся на яе сёньня. Нарэшце сапраўды пачуўся скрып дзьвярэй і цяжкія крокі. Палілася вада; спачатку гучна, а потым раптам цішэй – гэта тата зачыніўся ў лазенцы. Дзеля пэўнасьці Рыгор пачакаў у засадзе яшчэ хвілінак пяць, страхуючыся ад мажлівага вяртаньня таты – магло здарыцца, што той забыўся пра рушнік ці чыстыя майткі.

Зьмеркаваўшы, што час надыйшоў, Рыгор ціхутка адчыніў дзьверы і на дыбачках рушыў у калідор, насьцярожана заміраючы. Вада ў лазенцы лілася. Хоць часу на выкраданьне было шмат, ён ня бавіўся. Увайшоўшы ў пакой таты, схапіў фатэль і падсунуў яго пад кніжны стэляж леваруч, балазе ён добра ведаў, дзе ў таты зьмяшчаюцца альбомы. Узьлезшы на фатэль, ён правёў пальцам па глянцавым карэньчыкам. Які альбом абраць з добрай сотні, было незразумела. Рыгор тыкнуў пальцам наўздагад і трапіў на сярэдняе таўшчыні кнігу ў сьветла-шэрай вокладцы, з назвай «Fra Filippo Lippi. Life and Works». Пагарнаў. У пачатку ішло трохі тэксту на ангельскай, а за ім – каляровыя ілюстрацыі з павялічанымі фрагмэнтамі і камэнтарамі. Карціны былі галоўным парадкам на рэлігійную тэму, чужую Рыгору, але ён рассудзіў, што імпартовы альбом павінны пэўна спадабацца калекцыянту. «Прасіцьму калаш, а на пісталеце сыдземся». Ён заціснуў кнігу пад пахай, рассунуў пакінутыя тамы па палічцы, каб не засталося пустэчаў, вярнуў фатэль на месца, і, выходзячы ў калідор, акуратна прычыніў дзьверы. Пракраўся ў свой пакой, хутка дастаў з шафы спартовую торбу, сунуў туды альбом, абуўся і высьлізнуў з кватэры.

1 ... 8 9 10 11 12 13 14 15 16 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)