Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Скрабіна? – сказаў тата павольна. Абапёршыся на плячо Рыгора далоньню, ён выглянуў уніз і памахаў рукой дзядзьку Васілю і дзядзьку Міхасю, але тыя не заўважылі. – Скрабіна толькі калі разам з табой, адзін я зь ім ня спраўлюся.
– Дык я ж зараз у лазьню йду. Хіба што ўвечары, – адмовіўся Рыгор, вылез з-пад цяжкай татавай далоні і ступіў у пакой. – А вы пакуль што Скрабіна самі паслухайце, не пашкадуеце. Разумны быў мужык, сачыняў як мае быць.
Настырнасьць таты і ягоная манера класьці руку на плячо часам да крайнасьці злавалі Рыгора. Так і зараз, ён раззлаваўся, не ўтрымаўся і выдаў таце крыўдны анэкдот, які дагэтуль не зьбіраўся яму расказваць:
– Слухайце анэкдот, тата. У кампазытараў барока йдзе пераклік. – Пахэльбэль! – Я! – Палястрына! – Я! – Пёрсэл! цішыня... Пёрсэл! цішыня... Пёрсэл, халера цябе разьдзяры!! – Я! – Ты што маўчыш, ёлупень?! Слых істраціў?! Калі называюць тваё дзёўбанае ймя, ты мусіш адказваць адразу! Тры нараду без чаргі! Зразумеў, цецярук? – Так точна, таварыш Бах!
Тата скрывіўся, быццам у рот яму патрапіла брыдота, а выплюнуць яе ня было куды.
– Агідны анэкдот! Ну, першае, каб ты ведаць хацеў, Палястрына да барока аніякага дачыненьня ня мае. Ты б хоць невуцтва свайго не выстаўляў напаказ.
– Дык пофігу, тата. Што Палястрына, што Пэргалезі, усё адно. Вось гатуеце вы выдатна, тата, а ў музыцы чамусьці ўпарта харчуецеся кансэрвамі ды паўфабрыкатамі. Вы сьвежую ежу спрабуйце! Пару разоў паспрабуеце – і ўвойдзеце ў смак. Потым ужо кансэрвы ў рот не палезуць.
Тата паблажліва паглядзеў на Рыгора і пачаў разьмінаць цыгарэту.
– Жартуеш, ці што? Думаеш, я твайго Скрабіна ня слухаў? І так я яго слухаў, і гэтак. Некалі на’т захапляўся моцна. А цяпер не прымае мой страўнік гэтай манернасьці. Скрабін? Ламака і крыўляка з прэтэньзіямі на касьмічныя празарэньні. Я б так сказаў: Скрабін – гэта апошняя стадыя хваробы пад назвай «рамантызм», калі тканіны ўжо пачынаюць гніць і раскладацца.
Рыгор быў ужо гатовы – і абурыцца, і пакрыўдзіцца, і за сябе, і за Скрабіна, і за рамантызм – і спрэчка пакацілася застарэлай каляінай.
– А гэтыя вашы Палястрыны халодныя і пустыя! Як завітоўкі на іхніх парыкох. Пазалочаныя вэнзэлі зь віньеткамі. Не разумею, як вы гэта слухаеце? Шарманка, аднастайная мэханічная шарманка.
– І Альбіноні табе шарманка? – уздымаў бровы тата.
– Альбіноні наогул боўдзіла! – горача адмахваўся Рыгор. – Шкляная цацка! Ні сюжэту, ні зьместу!
– І Букстэхудэ табе боўдзіла? І Фрэскабальдзі? – фальшыва дзівіўся тата, каб яшчэ горш раззлаваць Рыгора.
– Усё лепшае, што яны панапісалі, толькі тым і добра, што месцамі падобнае да Бэтховэна!
– Да Бэтховэна падобнае? Ну можа і падобнае... Але я б гэта параўнаў зь першай зморшчынкай на твары харашуна, якая на’т упрыгожвае яго, надаючы жвавасьці, – павучальна і сур'ёзна сказаў тата і гучна высмаркаўся ў хустачку. – Але калі ягоны твар праз зморшчыны ўжо падобны да печанага яблыка... пачварнасьць, сябра, а не хараство.
Рыгор чуў словы таты, але не задумваўся над імі дый гнуў сваю лінію. Яму здавалася, што ягоныя перакананьні магутныя, нібы танк, што ён зараз раздушыць і зраўнуе зь зямлёй татавы слабыя і нелягічныя гледжаньні.
– Адна толькі «Няскончаная сымфонія» Шубэрта значнейшая за ўсе вашы напудраныя парыкі, разам узятыя. Хоць я вас і паважаю, тата, але ж... Вы хоць слухалі яго?
– Па-твойму, пакуты па Млынарысе заслугоўваюць большае цікавасьці, чымся чыстая абстракцыя? – тата запальваў цыгарэту. Рыгор ведаў, што цяпер пачнуцца пляўкі ў попельніцу, і раздражняўся яшчэ больш.
– Якая Млынарыха? Я вам пра сымфоніі кажу. Але хай на’т і Млынарыха, халера зь ёй! Млынарыха – гэта сапраўднае жыцьцё! Каханьне! А ўсе гэтыя вашы канцоны – проста нікчэмныя бразготкі. У каго няма сапраўднага жыцьця дый сапраўдных пачуцьцяў, вось той і брэнькае ў бразготкі.
– Не ўжо, сынку. Жыцьцё, ды і музыка сама па сабе – нашмат шырэйшыя за гэткія пачуцьці. Вось паспрабуй, прыбяры з гэтых песень Млынарыху, і што застанецца? Нічога, акрамя клічу самца да самкі. Аднак мусіць жа заставацца. Ты малады, як Шубэрт, гармон гуляе ў табе, – тата падміргнуў, – і скажае прапорцыі сусьвету. Справа на’т ня столькі ў сэксуальнасьці, колькі ў агульнай антропацэнтроўнасьці. Ты шануеш чалавека за пункт адліку, а ён жа ня больш за нязначную адзіначку, без якой можна лёгка абыйсьціся, – тата выпускаў дым і сплёўваў.
– Лёгка абыйсьціся, так? Ну дык паспрабуйце!
– Пачакай, а сьняданак!..
Але Рыгор, чырвоны з гневу, пляснуў дзьвярыма і выйшаў прэч. Калі ён завязаў матузкі, з пакою таты ўжо паплылі гукі нейкай дурной сарабанды. «Я яго аднойчы заб'ю, гэтага старога кабана! Пэўна, ён проста зьдзекуецца зь мяне. Ведае, што я нікуды ад яго не падзенуся». Рыгор уявіў тату ў парыку і легінсах, быццам той галантоўна танцуе на люстраным паркеце пад гукі клявэсына, і гэта трохі яго разьвеяла. Зьбягаючы лесьвіцай уніз, ён ужо больш спакойна падумаў, што немажліва быць чалавекам, ня будучы пунктам адліку. Што хіба не чалавек спарадзіў на’т гэтыя кастрацкія канцоны? І што рамантычную музыку таксама можна ўявіць у выглядзе абстракцыі, апісаўшы яе матэматычнымі формуламі, толькі значна больш складанымі, чымся формулы барока. Але дзе ж, чорт дзяры, узяць нарэшце грошы на кватэру?
На вуліцы яго сустрэла яркае сонца, і Рыгор незадаволенна адзначыў, што ўжо пачаў пацець. Дзядзька Васіль і дзядзька Міхась сварыліся каля суседняга пад'езду: дзядзька Васіль адной рукой трымаў дзядзьку Міхася за верхні гузік кашулі, а другою трос у паветры. Рыгор падзівіўся на моц спрэчкі, празь якую справа дайшла аж да фізычнага кантакту. Іншага разу ён абавязкова пацікавіўся бы пра тэму, але сёньня не хацеў спазьняцца да сустрэчы зь Лявонам. Добра было б нават крыху раней прыйсьці, каб да зьяўленьня Лявона прагрэць апарню як мае быць. А зь іншага боку, было б прыемна паказаць яму працэс ува ўсёй прывабнасьці, каб ён уразіўся.
Рыгор павярнуў за рог дому і сутыкнуўся тварам да твару з Андронам.
– Здароў, браценік, – нарасьпеў мовіў Андрон, спыняючыся і знарок павольна падымаючы руку да ўзроўню пляча, каб потым з размаху пляснуць Рыгора па далоні.
На раёне Андрона ведалі за хвацкага крымінальніка. У свой час ён адседзеў у вязьніцы за ўзлом аўто і крадзёж магнітолаў, а цяпер займаўся, паводле ягоных слоў, бізнэсам. Што гэта быў за бізнэс, Рыгор ніколі не цікавіўся. Часам яны бачыліся на вуліцы, гутарылі пра музыку, калі-нікалі мяняліся дыскамі. Ува ўсім, што датычылася музыкі, Андрон цалкам згаджаўся з Рыгорам і гатовы быў слухаць усё запар, таму хоць неяк ахарактарызаваць ягоны густ было немажліва. Рыгор нават падазраваў, што Андрон наогул ня слухае музыку, а размаўляе пра яе празь нейкія іншыя меркаваньні.
Рыгор глянуў у спакойныя злачынныя Андронавы вочы, і ў ягонай галаве бліснула і загарэлася выразная думка: няма чаго разважаць, трэба пайсьці і абрабаваць банк. Думка была ўпэўненая, цьвёрдая і ўжо адразу вырашаная. Рыгор узрадаваўся гэтай вырашанасьці і пэўнасьці будучых дзеяў. І таксама Андрону, які сустрэўся вельмі дарэчы – гэта быў менавіта той чалавек, у якога можна даведацца пра зброю.
– Пашто сумны? Маркотны ты нейкі, – ад Андрона, як заўсёды, моцна пахла адэкалёнам. Кароткая стрыжка, навюткія красоўкі, ладны спартовы гарнітурык, зашпілены даверху, што ў гарачую сонечную раніцу крыху зьдзіўляла. – Давай, раскажы старому сябру.
Яны закурылі, і Рыгор расказаў Андрону, што сілаў ягоных больш ніякіх няма трываць гукі клявэсыну. Андрон паставіўся сур'ёзна і прапанаваў дапамогу:
– Клявэсын – сапраўды брыдота, Рыгору. Нельга гэткае трываць. Хочаш, мае хлапцы яму ногі пераламаюць? – ён зрабіў няпэўны, але пагрозьлівы жэст.
Рыгор пасьпешліва папрасіў Андрона не чапаць цесьця:
– Хто яму потым ваду будзе насіць? Мне ж і прыйдзецца. Дый наогул чалавек ён нядрэнны. Ты мне лепей скажы, дзе пісталет можна здабыць? Вось як пачне тата клявэсын слухаць, я йго пісталетам і шугану! Адразу мазгі на месца ўстануць.
Андрон зарагатаў: ці можа гранатай шугануць? Рагатаў ён з роспачным выглядам, шырока адкрываючы рот і вочы, з чаго здавалася, што сьмех струмяніць не весялосьць, а пагрозу, і што ён любога моманту можа кінуцца на суразмоўцу і пачаць зьбіваць. Рыгора заварожваў гэты эфэкт, вось і цяпер ён ізноў адчуў прыцягненьне да Андрона; каб утрымацца і не паклікаць яго з сабой у банк ці ў лазьню, ён узгадаў сонна-нябытны Лявонаў твар. Паглуміўшыся, Андрон паведаў пра аднаго знаёмага прапара з вайсковага гарадку ўва Ўруччы, які захапляецца жывапісам, зьбірае альбомы і за добры альбом можа вынесьці са складу амаль што мінамёт.