Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
– Навошта табе дадому? Заставайся тутака!
– Не, дружа, мне ісьці трэба абавязкова, – Рыгор пачаў тлумачыць пра тату, адначасна думаючы пра тое, што добра было б застацца. Але адразу ж бліснула думка пра рабаваньне ды пра Лявона і адсунула ўсё іншае. Антось зразумела паківаў, адкрыў адзін з халадзільнікаў і выцягнуў рондаль, да сьмешнага маленькі ў параўнаньні з паліцай, на якой ён стаяў. Ён усталяваў рондалец на фаерку, што зьмесьціла б яшчэ пяць такіх, і ўключыў пліту.
– Пакуль будзе грэцца, я схаджу за аўтаматамі. Табе якія? Ёсьць АК-74М і АКС, скарочаны.
– Нясі скарочаныя! Мне чым меней, тым лепей.
– Аптычны прыцэл парэбны? Ці ночны прыцэл? Ці гранатамёт?
– Не, гэта ўжо занадта, ня трэба.
– Пільнуй боршч, каб не ўскіпеў. Калі ўскіпіць, дык увесь колер істраціць. Я хутка, – і Антось пайшоў.
Рыгор паглядзеў на гадзіньнік, была палова на трэцюю. Наблізіў палец да фаерцы, на якой стаяў рондаль, але сьпякоты не адчуў і дакрануўся. Фаерка ледзь цяплела. Мда, пакуль такая грамада раскачыгарыцца, раніца надыдзе. Ён пацягнуў за клямку халадзільніка, спачатку трошкі, а потым з усёй намогі. Халадзільнік з глухім цмоканьнем адчыніўся. Усярэдзіне стаялі радамі слоікі з тушонкай і чырвонай фасольлю, асьветленыя слабай жоўтай лямпачкай. Рыгор узяў два слоіка фасолі і паклаў у торбу, каб зьесьці на зваротным шляху. Пачаў шукаць відэлец, каб таксама прыхапіць яго з сабой, ня жэрці ж фасолю рукамі. На стале ляжалі колькі нажоў і чарпак. Зазірнуў пад пакрыўкі вялізарных чанаў каля пліты; яны былі пустыя і пахлі мэталам. Усё было пыльнае, здаецца, кухняй не карысталіся.
Рыгор звык уночы спаць, і зараз адчуваў, як дзіўна працуе галава: асаблівая чысьціня і яснасьць думкі дзіўным парадкам спалучалася зь непасьлядоўнасьцю і нелягічнасьцю: прыкладам яго чамусьці вельмі насьмяшыла невялічкая калекцыя каўбасных этыкетак, налепленых збоку пліты. Усе этыкеткі былі круглыя або авальныя, і абавязкова чырвоныя ці ружовыя. Ён выйшаў у залю сталоўкі і патрапіў там на цэлы паднос з лыжкамі і відэльцамі. Потым прысеў за адзін са сталоў каля вакна. Стол быў накрыты клятчастай цыратай, шэрыя клеткі перамяжоўваліся з ружовымі, і на іхніх сутыках нараджаліся чырвоныя палосы. На вуглу цырата прадзіравілася, і відаць былі белыя валокны ейнага тканкавага падложку. Рыгора моцна хіліла ў сон, і, каб не папусьціцца, ён устаў і зноў рушыў на кухню. Пад рондалем ужо пачало шыпець, пацягнуўся саладкаваты ядомы пах. Рыгор голадна праглынуў.
Бразнулі дзьверы, пачуліся крокі. Зьявіўся Антось. Ён скінуў з пляча два аўтаматы і падаў іх Рыгору, а да ягоных ног паставіў сінюю поліэтыленавую торбу з напісам «Nivea».
– У пакеце патроны. Карыстайся. Як там наш боршч? Мяркуючы па паху, яго трэба есьці. Абяры стол, а я зараз.
Рыгор цёр вочы і пазяхаў. Ён схаваў зброю ў торбу, адхілена падзівіўшыся на ўласную абыякавасьць: яму нават не цікава было патрымаць аўтаматы ў руках. Ён паслухмяна выйшаў у залю і сеў за бліжэйшы стол; зараз трапілася цырата з галінкамі чорнае парэчкі на фоне сіне-жоўтае клетачцы. Праз хвіліну зьявіўся Антось з падносам у руках, на ім стаялі дзьве глыбокія сталёвыя міскі з баршчом, сподак з зубкамі часныку і няпоўная чарка гарэлкі.
– Ты як хочаш, а я вып'ю. Тады мая муза прачнецца і прыляціць на пах. Алькаголь і часнык! – Антось адпіў паўчаркі. – Дарэчы, старажытныя грэкі ня мелі музы выяўленчых мастацтваў. Але ўсё роўна хтосьці прачынаецца ўнутры!
Рыгор засьмяяўся на жарт і ўзяўся за боршч. Асноўным складнікам баршчу была фасоля, але згаладнеламу Рыгору нават спадабаўся гэткі варыянт. Ён глытаў гарачы боршч, крыху злаваў, што няма сьмятаны, і глядзеў на Антося, як той зьлёгку нахіляе галаву да кожнай лыжцы, як ходзіць у яго пад скурай невялічкі акуратны кадык. Антось чамусьці ня еў гушчы, а толькі цадзіў у лыжку булён. «Пэўна, ён потым яе асобна зьесьць», – меркаваў Рыгор.
– Ты чаму часныку не бярэш? – у сваю чаргу заўважыў Антось.
Сам Антось зьеў ужо зубкоў пяць, ня меней. Рыгор адказваў, што ня вельмі шануе часнык праз пах, які потым застаецца.
– Зусім не ясі часныку? – казаў Антось са зьдзіўленьнем. – Як жа табе тады атрымоўваецца нешта разумець у выяўленчым мастацтве?
Рыгор прыняў гэта за чарговы жарт, і хоць ён здаўся яму нязграбным, ветліва рагатнуў. Антось дапіў гарэлку і пачаў расказваць, што добры часнык набыць за грошы немажліва, трэба гадаваць яго самому, вось ён, прыкладам, спэцыяльна разьбіў градачкі каля стадыёну. Але і выгадаваць слушны часнык таксама няпроста.
– Магу навучыць цябе, як за ім прыглядаць. Навошта набіваць сабе гузы, калі можна пераняць чужы досьвед. Заходзь як-небудзь у сьветлы час, пакажу градачкі.
– Абавязкова зайду наступнага тыдню, – пагадзіўся Рыгор, думаючы пра сябе, што і сапраўды б зайшоў, калі б ня гэты непрыемны часныковы пах з Антосева рота.
– Так, прыходзь ува ўсякі дзень! Я тут заўсёды, – Антось адклаў лыжку і сядзеў, падпёршы галаву кулаком. Сподак быў пусты. Рыгор памятаў, што гаворка ішла яшчэ і пра чакаляд, але ўмацаваўся ды палічыў за лепшае ня згадваць пра яго, бо Антось і бяз тога вельмі яму дапамог. Сумленьне трэба мець. Лепей пра іншае.
– Чаму ты свае альбомы захоўваеш у скрынях? Зрабіў бы якія паліцы ці стэляжы?
– Усё проста – каб не пыліліся. Не выношу выціраць пыл з кніг.
– А чаму ты на абстрактныя карціны назіраеш, калі кацянят малюеш? Што гэта за мастак быў?
– Кандзінскі... Так проста гляджу, выцягнуў з адной скрыні выпадкова. Вывучаю яго апошнія колькі дзён. Нешта ў ім кранае мяне, але вызначыць, што менавіта, не магу, – Антось стаў задуменны. Мабыць, ён таксама захацеў спаць.
– Слухай анэкдот! – падміргнуў яму Рыгор. – Паклікаў аднойчы цар Левітана, Пятрова-Водкіна ды Кандзінскага – і загадаў, каб намалявалі яму па карціне, за царскі ўзнагарод. Левітан намаляваў пэйзаж з манастыром на беразе ракі – цару так спадабалася, што ён узнагародзіў Левітана дзесяцьцю куфрамі золата. Пятроў-Водкін намаляваў партрэт царскае дачкі ў вобразе Боскае маткі – цару так спадабалася, што ён выдаў прынцэсу за Пятрова-Водкіна замуж. А Кандзінскі намаляваў абстрактовую кампазыцыю. Цар глядзеў-глядзеў дый кажа – гэта што? Кандзінскі адказвае – вось гэтыя лініі ўтвараюць замкнёную вобласьць, антаганічную да фону, а вось гэтае кола захапляе гледача ў роўніцу палатна і ёсьць цэнтрам успрыманьня; карацей, гэта карціна. Цару спадабалася, і ён дае Кандзінскаму моркву. Кандзінскі кажа – гэта што? Цар адказвае – вось гэта аранжавая вось, прыгняцёная цьвёрдай паверхняй, а вось гэта зялёныя адрэзкі, якія імкнуцца зь яе; карацей, гэта палова царства.
Антось кіўнуў, паказваючы, што зразумеў анэкдот, але нават не ўсьміхнуўся. Рыгор зьмеркаваў, што пара ісьці. Ён устаў і коратка, але душэўна падзякаваў Антосю, пажадаў добрай ночы і папрасіў не праводзіць. Антось сядзеў і ківаў – падаецца, у яго нават не было сілаў варушыцца. Рыгор закінуў торбу на плячо і пакрочыў да выйсьця. На парозе ён азірнуўся і ўбачыў, што Антось сьпіць, паклаўшы галаву на рукі.
6. Як Лявон трымаў іспыт
У пятніцу Лявона чакаў іспыт. Увесь тыдзень ён узмоцнена рыхтаваўся да яго, рана падымаўся і позна клаўся. На працягу сэмэстру выкладца Адам Васілевіч выдаў яму два стосы кніжак, назваўшы кожную зь іх вельмі значнай і абавязковай чытаць. Вядома, вывучыць іх усе за тыдзень не было аніякае змогі, і Лявон укараняўся ў кнігі наўздагад: адкрываў іх на выпадковым месцы, уважліва перачытваў дзясятак старонак, а потым перагортваў адразу чвэрць або палову тома. Такім ходам ён спадзяваўся хай ня цалкам, але затое раўнамерна пазнаёміцца з усім матэрыялам. Лявон вельмі стамляўся і, каб разьвеяцца, у сярэдзіне дня прымушаў сябе каля паўгадзіны шпацырыць па вуліцы, а на заходзе браў зэдлік, пакуначак соку і выбіраўся на дах. Нягледзячы на гэтыя засьцярогі, да пятніцы ў ім скапілася моцная стомленасьць, і, прачнуўшыся, Лявон спазнаў чарговы прыступ кепскага настрою.
Ён ляжаў і традыцыйна думаў пра несправядлівасьць пабудовы сьвету і ягоных брудных аспэктах. «Як гэта зьневажальна, – ягоныя вусны грэбліва крывіліся, – што ўдыхаць сьвежае паветра прыходзіцца тым жа месцам, што і выдыхаць скарыстанае. Добра хоць на ежу ды на лайно з брулямі ёсьць абасобленыя каналы. Усё магло б быць нашмат горай». Ён моршчыўся, уяўляючы сабе створаныя баством-экспэрымэнтоўцам варыяцыі на тэму выводзячых шляхоў. Кожны сьняданак ці вячэра неўзабаве абарочваліся б кашмарам для далікатнае чалавечае псыхікі. Зь іншага боку, псыхіка звыкла б ды не была гэткай далікатнай... Гэтыя разважаньні суправаджаліся яркімі і агіднымі фантазіямі, адагнаць якія ніяк не выходзіла.