Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі

Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:

“Запіскі афіцэра чырвонай арміі” – пераклад з польскай твора Сяргея Пясецкага. Твор напісаны ў Англіі ў 1948 годзе. У ім аўтар спрабуе пераўвасобіцца ў савецкага афіцэра. Аповяд ідзе ад першай асобы. У ім пісьменнік прадстаўляе свет вачыма свайго героя, разважаючы ягонымі катэгорыямі. Твор таленавіты, густа перасыпаны чорным гумарам, па-сапраўднаму смешны (часам да слёз), часам гэты смех вельмі горкі і нават балючы. У рамане шмат сарказму, абнажэння голай рэчаіснасці, якую гадамі прыкрывалі пад пелерынай “адзіна слушнай” ідэалогіі. Аўтар прыклаў максімум намаганняў, каб мова рамана была як мага больш грубай і прымітыўнай, што яскрава перадае і характар героя, і сітуацыю, час, у якіх ён апынуўся. “Запіскі” – найбольш вядомы раман Сяргея Пясецкага, які найчасцей з усяе творчай спадчыны пісьменніка выдавалі незалежныя выдавецтвы ва ўсім свеце. (Афіцыйныя дагэтуль староняцца гэтай публікацыі, уважаючы яе за злобны пашквіль.) (Н.Г.)
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 46
Перейти на страницу:

Усхапіўся я з ложка і пайшоў да ўмывальні. А Ліпа мяне апярэдзіў. Ужо галіўся там.

– Як здароўе, чырвоны камандзір? – спытаўся ён.

Гляджу я яму ў твар і стараюся зразумець: пойдзе ў НКВД з даносам ці не пойдзе? А тым часам адказваю:

– Галава ў мяне дужа баліць.

А ён кажа:

– Дурная галава ад гарэлкі два гады баліць.

Што б гэта магло значыць? Чаму ён пра тыя два гады ўзгадаў?… Што мае на ўвазе?… Можа, зняволенне ў лагеры на два гады? Ды за такую размову не на два гады, найменей на восем гадоў засадзяць, а пасьля адбыцця тэрміну, калі не здохнеш, яшчэ столькі ж дададуць.

Ну я і гавару:

– Зашмат выпілі мы ўчора. Ні слова нават не памятаю, пра што размаўлялі.

А ён рассмяяўся (у мяне ад таго смеху ажно калені саслаблі) і кажа, галяк на далоні гострачы:

– Ат, мянцілі нештачкі па-сяброўску. Як на сёння, дык і я не дужа памятаю.

І адкашляўся. Але як адкашляўся!

“Так, я загінуў!” Зразумеў я, што дакладзе ён пра нашу ўчорашнюю антыдзяржаўную размову.

Дужа кепска мне сталася. Падумалася: я, чэсны афіцэр, і – можна сказаць – герой Чырвонай Арміі, мушу загінуць з-за гэтай подлай, польскай (прабачце – зараз беларускай) гадзіны!… Што рабіць?… Можа, хутчэй бегчы, каб першым данесці! Раптам траплю ў добрую хвіліну і мяне не заарыштуюць. Няхай бы ўжо білі колькі захочуць. Заслужыў я гэта з-за сваёй дурноты. Толькі шкада, што не буду мець магчымасці працаваць як афіцэр у гонар Расіі, партыі й нашага любімага ПРАВАДЫРА, таварыша Сталіна.

“Так, – вырашыў я, – дакладу першым! Не апярэдзіш мяне, буржуйскі паслугач! Атрымаеш адпаведна сваёй дурноце і браку бальшавіцкага характару!”

Выйшаў я з умывальні й паспешна апранаюся. А Ліпа праз хвілю крычыць з калідору:

– Гэй, камандзір, месца вольнае. Прашу мыцца й галіцца.

– Дзякуй, – кажу я. – Троху пазней.

А сам як мага хутчэй апрануўся, яго каб апярэдзіць, і гайда на вуліцу. Калі звярнуў на шашу, дык азірнуўся й заўважыў, што Ліпа таксама з дому выйшаў. Ну я тады стаў збоку, за парканам і думаю сабе: “Зараз трэба прасачыць, куды ён пойдзе”.

Хутка Ліпа мяне прамінуў і не ў горад, а да чыгункі пайшоў. Троху мне лягчэй сталася, бо я і тое заўважыў, што ён ішоў у рабочым камбінезоне і пад пахай нёс сумку з інструментам.

“А можа, не закладзе?… Можа, сапраўды не памятае, аб чым мы ўчора размаўлялі?… Выпіў жа ён ці не ў два разы больш за мяне!…”

Пайшоў я за ім далей. Недалёка была чыгуначная электрамайстэрня. Ліпа зайшоў туды, я ж збочыў з дарогі. Знайшоў сабе зручнае месца між стосаў чыгуначных шпалаў і залёг там. Думаю сабе так: “Калі за дзве гадзіны не выйдзе ў горад, дык пэўна ўжо не данясе. Мусіць, ён сапраўды запамятаваў пра што мы ўчора пад гарэлку размаўлялі”.

Але чакаў я да палудня. Пачуўся гудок. Хутка пасля гэтага Ліпа выйшаў з электроўні і скіраваўся дадому. Пэўна, на абед пайшоў. А я пацягнуўся за ім на адлегласці, на наш двор уступіў і паціху да свайго пакоя пракраўся. Там лёг на ложак. Ад страху я моцна саслабеў, спатнеў і ў лытках дрэнна пачуваўся. Праз нейкі час той кляты Ліпа да мяне пагрукаў. У мяне нават сэрца прыпынілася, але я папрасіў увайсьці. Увайшоў Ліпа са шклянкай гарэлкі ў руцэ.

– Трымай, чырвоны камандзір, найлепшы лек ад галаўнога болю. Клін… клінам!

– Не, – адказваю я. – Піць не буду. Ваша гарэлка нейкая дзіўная: па галаве б’е і памяць адымае. Увесь час намагаўся прыгадаць, пра што мы ўчора размаўлялі, але нічога ў галаве не засталося. Можа, ты памятаеш?

– А навошта пра гэта думаць? Ад такога і мозг можа ўспухнуць. Няўжо чалавек усё ўзгадвае, аб чым па п’яной справе вярзе?… Размаўлялі аб усім і ні аб чым.

– А ты не хлусіш? – спытаўся я.

– Навошта я мушу табе хлусіць?… Ці ты сапраўды з глузду з’ехаў? На, выпі гарэлкі, і табе лепей стане.

Лягчэй мне зрабілася. Зразумеў я, што ён не данясе, бо нічога з нашай рэакцыйнай размовы не памятае. Выпіў я гарэлкі і потым заснуў. Але толькі праз тры дні цалкам супакоіўся. І цвёрда вырашыў, што болей ніколі і ні з кім аб палітычных справах размаўляць не буду. Ніколі!

29 лістапада 1939 года.

Ліда.

Сёння я ад Дуняшкі пісьмо атрымаў. Піша яна:

“Любы Мішачка!

Вялікі дзякуй за тваё пісьмо і за фатаграфію. Я не магу на яе наглядзецца. Цяжка вачам сваім паверыць, што гэта сапраўды ты. Усе людзі з нашага калгасу па вечарах, пасля працы, да мяне прыходзяць, фатаграфію разглядаюць і таксама ёй дужа здзіўляюцца. Толькі не могуць паверыць, што гадзіннікі, якія ты маеш на руках і ў кішэнях, дык сапраўдныя. Але я веру табе, мой ты арол і герой, і дужа табой ганаруся.

Хачу і я табе маю фатаграфію даслаць. Нават склала з гэтай мэтай заяву ў НКВД, каб дазволілі выезд на адзін дзень у мястэчка. Дапускаю, што могуць дазволіць, хаця ўсе кажуць, што не чулі тут пра такія выпадкі. Але я прыклала засведчаньне ад старшыні калгасу аб тым, што вырабляю па 150 працэнтаў нормы і належу да камсамолу. Шкада толькі, што я не маю сукенкі, ёсьць толькі вельмі старая ватоўка. Але старшыня калгасу нам казаў, што паколькі наш калгас быў адзначаны за выдатную працу, дык могуць ва ўзнагароду прадаць троху матэрыі на ўбранне. А паколькі казаў ён гэта ў 1936 годзе, дык магчыма, што хутка і дачакаемся. Тады я сабе пекную сукенку змайструю.

Нядаўна прыехалі з НКВД і забралі ўсю сям’ю Маргалава, якога саслалі ў лагер за тое, што па п’яной справе казаў, быццам будзе вайна з немцамі. Я табе ўжо пра гэта пісала. Дык мы потым зрабілі сход і даслалі падзяку ўладам за ахову нас ад контррэвалюцыйных элементаў. Бо, вядома, калі Маргалаў казаў, што будзе вайна з немцамі, дык і хтосьці з ягонай сям’і мог гэта пачуць. Трэба нішчыць тых фашысцкіх гадаў і англійскіх агентаў.

Я дужа ўсцешаная, што да вас дайшлі тыя эшалоны з надпісамі “ХЛЕБ ДЛЯ ГАЛАДАЮЧАЙ ПОЛЬШЧЫ” і што вы не маеце зараз праблемаў з выжываньнем. Вельмі прыемна, што наш урад так дбае пра геройскую Чырвоную Армію. Толькі баюся я дужа, каб тыя крывасмокі палякі цябе дзе-небудзь не забілі альбо не атруцілі злачынна. Сачы, міленькі, за сабой і будзь дужа асцярожны.

Прымі паклоны ад усёй сям’і і моцна цалую цябе.

Твая да самай дамавіны,

Дуня”.

Прачытаў я гэта пісьмо і вырашыў адразу, што набуду для Дуні сукенку і чаравікі. Пайшоў я ў горад, але ў карамах ужо амаль нічога няма. Вядома, нашы хлопцы ўсё выкупілі, а гандляры новых тавараў не завезлі і пазамыкалі крамы. Але ёсць затое шмат камісійных крамаў, у якіх троху даражэй можна набыць усё што толькі душа запрагне. Гэта тутэйшыя буржуі распрадаюць свае рэчы, бо ім грошай на жыццё стала не хапаць. Гэта для нас дужа карысна, і мы з таго дужа цешымся.

Вось купіў я для Дуні сукенку, але спецыяльна таннейшую выбраў, бо і так увесь калгас будзе ёй зайздросціць. Купіў таксама ўжываныя чаравікі, ну і бялізны дзве пары, бо памятаў, што бялізны яна ўвогуле не мела. А паненка, якая ў краме тыя рэчы прадавала, спыталася ў мяне:

– Напэўна, для жонкі?

– Не, – адказваю. – Для нарачонай. Яна – артыстка ў тэатры.

А другая пытаецца:

– Няўжо ў вас у Расіі няма крамаў з адзеннем і абуткам, каб яна магла сама сабе па памеры набыць?

Зразумеў я, што подлая фашысцкая гадзіна ў палітычную размову мяне ўцягвае і хоча злачынным чынам з Савецкага Саюзу пакпіць. Таму я адказаў:

– У нас усяго ёсць багата і ўсё лепей і танней, чым у вас. Вы нават не ведаеце такіх рэчаў, якія мы маем!

– Дык навошта вы тут усё выкупаеце?

– Як гэта, навошта?… Каб падарунак паслаць, як доказ памятання. Вось будзе гэта ў доме для бруднейшай работы выкарыстоўваць. На вячоркі альбо сход які ці на гулянне дык нашае, савецкае адзенне апране.

Адна з іх паведаміла мне:

– У нас ёсць добрыя ядвабныя панчохі. Можа і іх таксама купіце для камплекту?

Падумаў я: “Канешне, варта Дуняшы панчохі даслаць”. А прадаўшчыца кардонку на прылавак паставіла і паказвае мне розныя панчохі. Агледзеў я ўсе і сказаў так:

– Што гэта за панчохі: як павуцінне! У нас панчохі вырабляюць моцныя і вялікія. А гэтыя, дык я і не ведаю, як яна на нагу нацягне.

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)