Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Замест светлых ліп, ясакараў і італьянскіх таполяў паабапал алеі ўсё часцей трапляліся чорныя і нейкія зімнія яліны ды змрачнаватыя векавыя дубы. Яленец суцэльным магутным дываном укрываў палянкі, нечапаная папараць клубілася над зрынутымі дрэвамі. Парк быў ужо сапраўдным лесам.
І тут бліснуў у непралазным гушчары празрысты, відаць, ад магутных крыніц, стаў, а над ім, на цьмянай ад ценю паляне паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна.
Такой яна была на вышыню аднаго паверха. Вышэй камень быў абчэсаны, былі нават там-сям раманскія арачкі. А яшчэ вышэй, амаль да верхавін пяцісотгадовых замшэлых дубоў, узносіліся дзве карункава-змрочныя гатычныя вежкі. Змрачнаватая, значна большая ў вышыню, чым у даўжыню і шырыню, будыніна думала аб чымсьці, што не датычылася двох чалавек, якія зараз ішлі праз заценены луг да яе дзвярэй, і гэты яе спакой быў спакоем канца.
Перад ёю, у высокай траве, ляжалі па крузе сем абчасаных камянёў, а ў цэнтры круга ляжаў восьмы, з правільна круглым заглыбленнем наверсе.
– Сядай на зямлю, - сказаў пан Юры. - І слухай.
Неўсвядомлена пранікаючыся нечым страшнаватым, Алесь сеў.
– Глядзі, - сказаў бацька.
На баку цэнтральнага каменя быў выбіты няўмела парушаны ва ўсіх прапорцыях вобраз добрага пастыра, які нясе на плячах агнца.
– А цяпер уяві, што сорак доўгіх чалавечых жыццяў ляжыць паміж табою і гэтым пастырам. Сорак. А ты сорак першы.
Яны маўчалі, схіліўшы галовы. Пад вяршынямі дрэў быў такі спакой - лісток не шалахнецца.
– Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар. Будуць і тыя, каму зробіцца нясцерпна цяжка, і я малюся богу, каб гэта не быў ты. Таму што ніхто не пазбегне. Кожны павінен будзе несці на рамёнах слабага, ягоны боль і ягоную крыўду. Хто гэты слабейшы - кожны выбірае сам. Друг, вера, жанчына або яшчэ нешта, пакуль невядомае… А цяпер паглядзі: на другой грані яшчэ больш старыя рысы. Гэты маладзік - гэта серп, а гэтыя калматыя трысцінкі - каласы. Хто будзе жаць - аб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіў, памёр і не скажа… Пасядзі хвіліну, сыне, падумай або проста памаўчы.
Алесь маўчаў і так. Яго краналі не словы, а проста мёртвы сон камянёў, дрэў, будыніны, якую абкружалі, сціскалі дубы.
– Тут было паганскае капішча, - сказаў нарэшце бацька. - Якому богу яны маліліся - ніхто не ведае. Бо з іх не ўцалеў ніхто… Яны пакінулі гэтыя камяні і гэты серп маладзіка і зніклі, як аблокі. Тут яны збіраліся, а гэты камень і чаша на ім былі, відаць, ахвярнікам. Колькі год так было - невядома. А потым з Полацка прыйшоў Дняпром бліжні дружыннік Глеб, і тады гэтыя людзі ўбачылі кроў. Не варта было, калі не хацелі крыжа? Вядома. Але хто звяртаў увагу на тое, чаго хоча і чаго не хоча мурашнік? Не звяртаў і Глеб… Капішча шукалі доўга. І знайшлі… І вось пад гэтымі камянямі загінулі ўсе яго абаронцы. Да аднаго.
Бацька памаўчаў.
– Тут было раней два рады камянёў. Вонкавы ўзялі і залажылі ў падмурак будынка. Але потым Глеб раздумаў. Відаць, таму, што тут быў такі спакой і нельга было не палюбіць гэтага месца. Таму ён проста загадаў асвяціць галоўны камень вобразам пастыра, але тых камянёў з падмурка не выняў. Ты іх можаш убачыць… Спачатку пабудавалі першую частку будыніны, самы ніз. Другую трэць надбудавалі праз трыста год, калі ўжо і косці Глеба згнілі ў Куцеянскіх пячорах. Вежкі надбудавалі яшчэ праз дзвесце год… І вось усё гэта стаіць: камяні на беразе става, дубы, што ў тры разы маладзейшыя за іх, і камяніца.
– Што гэта? - спытаў Алесь.
– Гэта магільня Загорскіх, сыне.
Бацька павольна адхінуў траву ад вобраза пастыра.
– Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася. У нас - толькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі. Курганы на беразе Дняпра, капцы на сялянскіх могілках, твая і мая магільня, сыне… Вось яна…
Моўчкі, быццам усё было сказана, яны пайшлі да магільні.
Бацька адчыніў дзверы. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. У нішах, пад замком, ляжалі скруткі нейкіх дакументаў, кнігі ў драўляных вокладках. Паміж імі стаялі срэбныя каўчэгі для асабліва важных манускрыптаў.
Бацька зняў з цвіка доўгую гнуткую кальчугу.
– Бачыш, гэта пра яе сказаў Сімяон Вежа: “Бог сведка, тады было гора. Я сам бачыў чалавека, у якога на кожным дробным кольцы кальчугі была выбіта назва месца, дзе яны рабіліся: сутычкі і сечы, змовы і паядынкі… Чалавек той быў мой бацька”.
Кальчуга пералівалася ў руках бацькі.
– Бачыш, на грудзях і жываце ніводнага вольнага кольца…
Па каменных плітах падлогі пан Юры прагрукаў да адной пліты, у якой было кольца.
Пашча ямы адкрылася перад імі. Прыступкі вялі ўніз. Пан Юры першы спусціўся туды. Працягнуў Алесю руку.
Потым унізе пыхнула губа, а за ёю кнот тоўстай і высокай, у рост хлопца, чырвонай свячы ў нізкім свечніку.
Глыбокае і вузкае памяшканне было паточана на сценах нішамі, падобнымі да пячных чалеснікаў. Частка іх, не больш трэці, была закрыта - гэта былі месцы пахавання. Налой з евангеллем, свяча і нішы - больш нічога. Ды яшчэ на столі старая чырвоная фрэска: архангел з мячом у адной руцэ і царквою на далоні ў другой.
– Вось, - сказаў бацька. - Гэта ўсё яны. Гэта ніша Акіма Загорскага. А тут яшчэ дзве пустыя. Старога Вежы і мая…
Яму было цяжка гаварыць.
– У наступную… палажы гэта.
Ён выцягнуў з-за пояса жалезную скрыначку, тую самую, у якую клалі сёння сажу.
– Ідзі, - сказаў ён. - Праз сто год гэта пакладуць табе пад галаву.
Алесь падышоў да цёмнай нішы і засунуў у яе куфэрачак.
– А цяпер ідзі сюды.
Яны стаялі ля свечніка. Бацька апусціў руку на плячо сына.
Полымя свячы рабіла ягоны твар суровым, бадай велічным. Толькі гэта давала Алесю змогу не адчуваць гідоты і пратэсту супраць усяго, што тут рабілася, супраць самай думкі пра трэцюю нішу.
– Паўтарай за мной, хлопчык, - сказаў бацька.
– Добра, - шэптам сказаў Алесь.
– Я прыйшоў да вас, - шэптам сказаў бацька.
– Я прыйшоў да вас.
– У мяне няма нічога, акрамя вас.
– У мяне няма нічога акрамя вас, - ужо больш цвёрдым голасам паўтараў малады.
– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
– У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
Бацька выпрастаўся, як ад нейкага натхнення.
– Я клянуся любіць вас.
– Я клянуся любіць вас.
– Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас.
– Я клянуся… далёка ад вас.
– Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Ба мяне нельга аддзяліць ад вас.
– Бо я… з вамі… Бо мяне нельга аддзяліць ад вас.
– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
– Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.