Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 5-9691-0074-9
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
Кольку Бурава нібы падмянілі ў той лістападаўскі дзень, аўтамабіль для яго стаў марай, ён пільнаваў кожную машыну на вуліцы, хоць іх было яшчэ мала, і яму яшчэ мо разы чатыры шчасціла бачыць іх пераважна на станцыі, ля грузавога двара. Яшчэ гады праз чатыры, калі ён добра падрос, на машыне стаў працаваць дзядзька Ігнат, бацька ягонага аднакласніка Стася, і тут ужо Колька ўвесь вольны час прападаў на сядзібе сябра, пільнаваў ягонага бацьку, калі той прыязджаў на абед, і яны мелі кароценькую магчымасць пасядзець трохі ў цеснай, напечанай сонцам, але такой утульнай кабінцы. Але Стась не дужа захапляўся машынай, яму болей даспадобы былі трусы, якіх была працьма ў іхняй варыўні і якія зусім не цікавілі Кольку. І калі неяк летам дзядзька Ігнат узяўся за рамонт свае трохтонкі, яго першым дабраахвотным памочнікам стаў Колька. Спярша ён адціраў ад гразі рысоры, пасля мыў у газе балты і гайкі, памагаў дзядзьку Ігнату разбіраць задні мост — дзе патрымаць ключ, дзе падаць шплінт і шайбу, а то і падлезці дзіцячай рукой туды, дзе не пралазіла рука дарослага чалавека. Затым яны тыдзень корпаліся ў рухавіку, і дзядзька Ігнат тлумачыў хлопцу, навошта патрэбны шатуны і поршні і як яны круцяць каленчаты вал, як перадаецца ягоная энэргія на колы, адкуль і куды ідзе электрычнасць і як яна запальвае гаручае ў цыліндрах. Коля быў хлопец кемлівы і запамінаў усё да драбніц — слава богу, тады ўжо вучыўся ў сёмым класе. Праўда, затым у яго шафёрскай адукацыі настаў перапынак, аж гады тры ён рабіў у леспрамгасе, затое, прызваны на вайсковую службу, адразу папрасіўся ў аўташколу: сказаў камандзіру, што ведае будову аўтамабіля, трэба толькі навучыцца ездзіць. Камандзір трапіўся добры, і месяцы праз чатыры маладога чырвонаармейца Бурава залічылі ў аўташколу, дзе ён паказаў найлепшыя здольнасці і па сканчэнні атрымаў шафёрскія правы і па два трохкутнічкі ў пятліцы. Пасля ён ужо ні пра што іншае не марыў, як атрымаць машыну і ездзіць на ёй хоць да скону жыцця.
У жыцці, аднак, усё сталася болей складана і меней шчасліва, чымсь у марах. Пасля дэмабілізацыі ён вярнуўся дамоў, у мястэчка, але машын у раёне было ўсяго чатыры і на ўсіх сядзелі шафёры. Яму машыны ўжо не дасталося, і ён стаў чакаць. Каб было з чаго есці хлеб і карміць маці з сястрою, наняўся грузчыкам у райпо, там ён з год цягаў мяхі і скрынкі, нагружаў і разгружаў свае і гарадскія машыны. Неяк увосень часова падмяніў на трохтонцы Хвастова, калі той захварэў і яго старэнькая «АМО» засталася без вадзіцеля. Але Хвастоў неўзабаве паправіўся, і Бураў зноў мусіў падацца на апрыклы яму склад, грузіць нарыхтаваную за лета кару лазы і крушыны. І ён чакаў, упарта і настойліва, з роспаччу і надзеяй, аж пакуль аднойчы пад восень старшыня райпо Падабед не паклікаў яго ў кантору і не загадаў ехаць у Віцебск на станкабудаўнічы: рабочыя-шэфы выдзелілі райпо грузавы аўтамабіль. Выправіўшы дакументы, Бураў, нібы на крылах, паляцеў у Віцебск. З вакзала на завод ён ішоў пехатой і быў нібы ў тумане ад радасці, не заўважаў ні гарадскіх дамовак, ні трамваяў, ні пешаходаў, ва ўяўленні яго ззяў такі новенькі, зграбны грузавічок, што ён гатовы быў несці яго на руках да свайго райпа. Канешне ж, ён неўзабаве паедзе на ім па шашы, будзе даганяць, абганяць фурманкі, і ўсе будуць глядзець, як ліха і спраўна ён кіруе машынай. Не, вядома ж, ён не ліхач, ён не будзе ганяць машыну без толку, ён будзе ашчаджаць рухавік, не перакручваць яго, божа барані — не пераграваць, ён ужо ведаў шмат якія шафёрскія сакрэты — што спасціг сам з падручнікаў, чаму навучылі на службе, а што ўчуў ад старых спрактыкаваных вадзіцеляў. Ён толькі баяўся, каб не адбылася памылка, каб на заводзе не павярнулі яго назад — ён ужо ведаў, што могуць прыдрацца да дакументаў або сказаць, што спазніўся і аўтамабіль перадалі каму другому. Якой інакшай арганізацыі ці калгасу.
Памылкі, аднак, не адбылося. У цесным заводскім пакойчыку з кратамі на акне вусаты надзьмуты начальнік у белай талстоўцы, падпяразанай чачэнскай, з мноствам дробненькіх бляшак, дзяжкай, праверыў яго дакументы і павёў цераз заліты мазутам двор на заводскія зады. Яны ішлі доўга, завод быў вялікі, праціснуліся вузкім пераходам між дзвюма глухімі сценамі, пералезлі цераз гару ржавай жалезнай арматуры і тады ў кутку за трансфарматарнай будкай нерашуча спыніліся. Ля плота стаяла яго прыгажуня, яго паўтаратонка славутай на ўвесь свет горкаўскай маркі «ГАЗ-АА».
Убачыўшы яе, Бураў знерухомеў, у яго адняўся язык, ён не мог вымавіць слова. Мусіць, бачачы яго збянтэжанасць, дзядзька ў талстоўцы бадзёра вымавіў: «Вось, калі ласка, прашу любіць і жалаваць, ваша аўто. Наладжвайце і язджайце» — і пайшоў у сваю кантору. А Бураў усё разгублена стаяў на ранейшым месцы — такога ён не прадбачыў. Гэта быў не аўтамабіль — то быў аўтамабільны труп, аўталамачына, рэшта ржавага металу і паламанага дрэва. Абедзве фары не лбе гэтага трупа былі без шкла і без лямпачак, тонкая паласа бампера жахліва сагнулася, мабыць, у аварыі, левае крыло хістка трымалася, мусіць, на адным болціку, дзверцы кабіны, канешне ж, не зачыняліся, бо былі без ручкі. Да таго ж яны былі праламаны, таксама як і ўвесь левы борт кузава, з якога тырчэлі канцы абламаных дошак. Брудныя скаты напалову сплюснуліся без паветра, а ў кабіне валялася на падлозе завадная ручка побач з пустою бутэлькай, на абадраным сядзенні ляжаў хвост селядца ў парудзелай ад сонца паперыне. Шкала спідометра была выдрана з мясам, аголеныя правады віселі пад рулявой калонкай. Убачыўшы ўсё тое, Бураў ледзь не заплакаў ад расчаравання, пакратаў тугі абаранак руля. Думаючы, што нікуды яму адсюль не крануцца, што гэтую дэрбіну можна хіба парэзаць аўтагенам ды здаць ва ўтыль, ён падняў палавінку капота, зазірнуў на замаслены і запылены рухавік, які не праціралі, мабыць, з часу яго ўстаноўкі на аўтамабіль. Свечы, аднак, былі ўсе на месцы, у радыятары нібыта штось пляскалася. Трохі падкачаўшы бензіну, ён уставіў ручку ў храпавік каленвала, дужа крутануў — раз, другі, трэці… І во дзіва: на чацвёртым павароце рухавік падхапіў абароты, затросся, зачхаў — Бураў таропка павярнуў рычажок дроселяў, і поршні захадзілі весялей — падобна, рухавік завёўся. Аднак, яго шафёрская радасць была заўчаснай: неўзабаве абароты пачалі змяншацца, рухавік затросся, затузаўся і заглух. І колькі затым Бураў ні круціў ручкай (аж змакрэла спіна), як ні тузаў падсос, рухавік не азваўся, маўчаў, нічога з ім нельга было зрабіць.