Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
– Але. Толькі ён не мой, а свой.
– Ухваляю, ухваляю, князь. Рэферат ваш аб народных песнях упадабаў. Выключна. Верце слову бітага этнографа. Прашу, прашу да мяне.
У невялічкай гасцёўні з мяккай мэбляю i ciнiмi сценамі, упрыгожанымі медальёнамі з эмалі i ідылічнымі гравюрамі з народнага побыту, было поўна людзей. Курылі, пiлi каву ля кутняга століка, спрачаліся. Раздаваліся выгукі, смех, воплескі — відаць, узнагарода камусьці за трапнае слова. Змешваліся польская, французская, беларуская мовы.
– Дав-вайце, маладыя людзі, будзьце як дома, – гасцінна запрашаў Кіркор, робячы, магчыма, занадта выразныя pyxi маленькай зграбнай рукой.
Відаць было, што ён – не без славалюбства – ганарыцца i гэтым зборышчам, i гасцёўняй, i людзьмi, сабранымі ў ёй, i атмасферай дасціпнасці, лёгкай ігры мазгавых звілін, спрэчак i ўсяго іншага.
На вялікае сваё засмучэнне, хлопцы амаль адразу ўбачылі аднакласніка, графа Ігнацыя Лізагуба. Ён стаяў з нейкім хударлявым, сухотным на выгляд чалавекам і ледзь адказаў на прывітанне. У чорным бездакорным сурдуце, вельмі стрыманы, вельмі выхаваны. Ён гаварыў i ўсміхаўся белымі зубамі, а ўсмешка была халодная, абыякавая. Валасы бліскучыя ад брыльянціну, нібы карова ягоную галаву лізала. Вочы тытунёвага колеру, абыякава-ўважныя. Нібы не семнаццаць яму, а ўсе пяцьдзесят, такі карэктны.
– Вам пашанцавала, маладыя людзі, – мякка сакатаў Кіркор. – Сёння ў мяне якраз найбольш цікавыя госці. Рэдка бывае так, каб у кожнага знайшоўся вольны вечар. Але сёння вы ўбачыце цвет новай віленскай грамады. Прашу быць як дома.
І пабег да іншых людскіх колцаў, улагоджваць, змешваць людскія плыні, там кінуць досціп, там іранічны сказ, нібы вядро вады на занадта зыркае полымя. Хлопцы асталіся адны.
– А ты ведаеш, – сказаў Алесь, – мне ён не падабаецца.
– Нешта праўды тут ёсць, – пакруціў цяжкай галавою Грыма. – Хоча, каб усе былі адзін у адзін: святыя ды божыя. Бач, унь Ходзька Ігнацый сядзіць. Паэтаў цёзка па прозвішчы. Багатыр! 3 ім ён аб залатым веку пагаворыць. А той – граф Тышкевіч, чалавек добры, адукаваны. Археалагічныя раскопкі вядзе. 3 гэтым пагамоніць аб тым, як цяжка было жыць нашым продкам. 3 Ходзькам, з Тызенгаўзам.
– А што тут Лізагуб робіць?
– Правае крыло суполкі змену сабе рыхтуе.
– Каго ты яшчэ ведаеш?
– Унь той, бычыш? З нервовым, тонкім абліччам?
У кутку, асобна ад ycix, сядзеў худы высакалобы чалавек у бутэлечнага колеру сурдуце і шырокім белым гальштуку. Рукі з доўгімі пальцамі нервова гулялі брэлокамі гадзінніка, перабіралі ix, як ружанец. Калі спрэчка выбухала раптам пагрубелымі ад запалу галасамі — чалавек моршчыўся, як моршчыцца меламан з абсалютным слыхам, пачуўшы скрогат цагліны аб цагліну. Мяккае, вельмі беларускае аблічча чалавека было тонкае i жоўчнае. Доўгія, трохі блізка адно да аднаго пасаджаныя вочы глядзелі сумна i засяроджана. I буйнымі добрымі хвалямі падалі на плечы русыя валасы.
– Хто такі? – спытаў Алесь.
– Сыракомля. Паэт.
– Па-польску піша?
– I па-беларуску таксама.
– А той? – Алесь паказаў на невялічкага чалавека, які піў каву ля кутняга століка i, здаецца, быў заклапочаны больш за ўсё тым, каб не паказаць сваёй ніякавасці перад yciмi гэтымі людзьмі, каб узяць i паставіць кубачак з належнай годнасцю. Занадта інтэлігенцкі шыракаваты твар з добрымі, відаць, блізарукімі, вачыма. Такому б сядзець у хаце, такому б замест сурдута, нават тут, больш пасаваў бы шлафрок.
– Чакай, – сказаў Алесь. – Гэтага я даволі часта бачу на вуліцы. Ён што, таксама жыве недзе на Нямецкай?
– У доме на рагу Нямецкай i Дамініканскай. Не, у другім ад рога. А на рагу Сыракомля жыве.
– Ён хто?
– Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус.
– I прозвішча не ведаеш?
– Яно табе нічога не скажа. Манюшка.
Алесь усміхнуўся.
– Сапраўды, смешнае прозвішча... Нібыта маленькі манюка.
I раптам усплыла ў памяці размова дзвюх жанчын, якую выпадкова пачуў на вуліцы краёчкам вуха. Жанчыны былі ў глыбокай жалобе, i гэта – а таксама іхнія заплаканыя вочы, i маладосць, i пекната – прымусіла Алеся прыслухацца i запыніць.
– Грыма, – сказаў Алесь, – я чуў аднойчы, як святаянскага арганіста назвалі богам.
– Пэўна, касцельныя дэвоткі,— буркнуў Грыма.
– Ну, не кажы. Кожны горад гэта, брат, горад казак. Iдзe артылерыйскі паручнік, а ў патэнцыі ён – Напалеон. Памipae ў багадзельні стары, выкідаюць з-пад ягонага сенніка спісаную паперу. Потым частка гэтых паперак, разам з газетамі, трапляе між дзвярыма i цыратай, якою ix абабілі. А праз сто год мяняюць цырату i выпадкова знаходзяць паперкі, i тады выяўляецца, што ў багадзельні памёр найвялікшы паэт часу. Прырода любіць хаваць брыльянты i золата ў тленны глей i смешную абалонку.