Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 122 123 124 125 126 127 128 129 130 ... 192
Перейти на страницу:

У кожным акенцы было нешта чырвонае і непрыгожае. Кожнае непрыгожае муляла нечым, зусім непадобным на рот.

– Патрымайце, гэта трэба.

Ён трымаў гэтае, цёплае, праз тканіну, а жанчына падтрымлівала. І ён баяўся, што заламае гэта ці возьме неяк не так.

І раптам гэтыя, як па камендзе, расплюшчылі вачы. Вочы былі шэрыя і ўжо доўгія. Ці, можа, гэта так здавалася? Шэрыя і доўгія. Ягоныя.

– Глебавічна, мне здаецца, я іх люблю.

Жанчына недаверліва глянула на яго:

– Ідзі-ідзі. Не хлусі.

…Перад сабою, на высокіх падушках, ён бачыў пацямнелае маленькае аблічча за пакусанымі вуснамі.

– Прыехаў? – хутчэй загадаўся, чым пачуў, ён.

Ён проста стаў на калені і асцярожна прынік галавою да яе рукі:

– Даруй мне.

Ён не чуў яе слоў. Толькі бачыў няўлоўныя рухі вуснаў:

– Я цярпела… Суткі… А потым не вытрымала і застагнала. Не магла ўжо, – вочы яе заззялі. – І раптам мне стала лягчэй. Я зразумела: з’явіўся ты. І чамусьці мне стала зусім лёгка.

Ён глядзеў на яе з нямым пытаннем.

І атрымаў нямы адказ: нічога не змянілася. І не зменіцца.

У бібліятэцы гарэла святло. Дзед не спаў. Яму забылі паведаміць. І ён чакаў.

Ускінуў падбароддзе насустрач унуку. І той зразумеў, на што дзед перш за ўсё чакае адказу.

– Адмовілася.

– Я ведаў, – сказаў дзед. – Хто?

– Двайняты.

– Што-о? – Вежа выпрастаўся.

– Хлопчык і дзяўчынка, – Алесь сеў да каміна і наліў сабе віна.

Было маўчанне.

Ад віна, ці, можа, яшчэ ад чагосьці, нібы матляла.

– Бацька будзе кумам, – сказаў дзед. – Клейна – кумою. Каб не было падазрэння на імёны.

– Якія імёны?

– Юры і Антаніда. Якія ж яшчэ?

– Дзядуля, – сказаў Алесь. – Я думаю, ёсць бог на свеце.

Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон.

– Так часам у нас бывае. Разумееш, як ад нечага забытага кліч. Калі-небудзь я пастараюся расказаць табе пра другія патаемныя нашы веды, выпадкі, дзівы. Гэтага ніхто не разумее, але гэта ёсць. Пры чым жа тут бог? Гэта твая трывога, жаденне, еднасць душ на адну хвіліну. Часам, у бойцы, шалёныя прыступы ярасці ў нашых людзей. Калі сілы нібы ў дзесяць разоў узрастаюць. У нарвегаў – “берсеркерства”, у нашых – “пaна”. Бачыш, нават словы асобныя ёсць. Рознасць нерваў ці яшчэ нешта? Або, кажуць, індусы могуць часам болю не адчуваць. Або наш інстынкт да дрыгвы. Восем з дзесяці дзяцей, нават упершыню трапіўшы, не праваляцца. Як, ты скажы, вядзе іх нешта. І што ўжо там бог? Мы самі багі. Сёння вось – багі. Бываем свінні, а сёння – багі.

– Але сон…

– У матулю ты пайшоў, – няўхвальна сказаў Вежа і наліў келіхі. – Пі. Хто п’яны – з тым бог… Не як свіння, вядома, п’яны.

І нечакана трохі ўскіпеў:

– Сон! Забабоны гэта. Не чакаў ад цябе. Ракавіна забабонаў: схавайся і сядзі. А ўсе людзі торкаюцца туды-ы-сюды-ы, не разумеючы, што прыкутыя да жыцця, у якім усё сказана. Баяцца – таму і бог. Помніш словы з радавой клятвы… “няма нічога, акрамя магіл”…Адны вераць у магілу Хрыста і дзеля яе здзекуюцца з жывых. Бо мярцвяк кажа, і яны не могуць адмовіцца, паляць на агні… Другія вераць у доктара Гільятэна і над яго магілай ляскаюць ягоным вынаходніцтвам. Ці не дурасць, калі трэба верыць у жывых, у тое, што сёння здарылася?

– Але ўсё гэта…

– Першае, што сведчыць супраць рэлігіі, гэта тое, што ў людзей розныя багі.

– Не тое, дзед, не тое. Не аб верах. Аб тым, што ўва мне, аб маёй мэце, аб тым, уто ўратавала нас усіх.

– Самі мы сябе ўратавалі, – сказаў стары. – А калі загінем – дык таксама самі. Ніхто ў гэтым не будзе вінаваты, акрамя нас саміх… Зямлёй і людзьмі рухае дух змагання. Я не ведаю, ці ёсць у гэтага змагання нейкая надзея. Але з веку ў век людзі змагаюцца. І таму яны – людзі, а не быдла.

Чырвонае полымя трапятала на твары дзеда.

– Сёння – праўда, заўтра – хлусня. Сёння – Брут, заўтра – ён жа, Нерон. Сёння бог – заўтра плесня, а потым другі бог. Вучэнні, усе вучэнні – лухта. Ёсць адно вучэнне, пакуль над чалавекам праўда думак, пачуццяў, любві.

Наступнай восенню студэнт імператарскага Санкт-Пецярбургскага універсітэта Аляксандр, Георгіеў сын, Загорскі, не даслухаўшы курса навук па пісьменству і гісторыі, здаў, аднак, пры добрых паводзінах, усе належныя іспыты па гэтых дысцыплінах і, падаўшы ўстаноўленыя дысертацыі на ступень кандыдата, быў заслужана зацверджаны ў гэтай ступені панамі прафесарамі і папячыцелем Санкт-Пецярбургскай вучэбнай акругі.

Студэнт, аднак, не пакарыстаўся ніводным з правоў і прывілеяў, дадзеных імператарам ступені кандыдата, а застаўся пры прафесары Сразнеўскім для ўдасканалення ў навуках, адначасова запісаўшыся на слуханне лекцый па медыцыне і філасофіі з правам наведваць, як раней, лекцыі славеснасці, гісторыі і прыгожых мастацтваў.

Аборона гістарычнай дысертацыі (“Сялянская вайна ХVII стагоддзя на тэрыторыі беларускага Прыдняпроўя. Па матэрыялах радавых архіваў тамтэйшых дваран і прыдняпроўскіх “Кронік”), дзеля якой ён усё лета прасядзеў у архівах Вежы, Сухадольскага замка, Раткевічаўшчыны, Кісцянёў і фондаў былога Збароўскага кастальянства, прайшла без перашкод.

Затое на абароне “Прыдняпроўскіх песень, паданняў і легенд” ледзь не было скандалу. Сабралася зашмат народу, з “Агула” і проста так землякоў. Усе, найбольш, дрэнна апранутыя, у чаравіках, што прасілі кашы, у сурдутах, ледзь толькі не перашытых з хатніх чугаў і світак. Некаторыя ў акулярах з “аконнымі” шкельцамі. Большасць, праз адсутносць паліто, у зацяганых пледах, зробленых з самай таннай шатландкі ці нават з даматканых, у шашачкі, посцілак. Усё з тых людзей, што апладзіравалі Чарнышэўскаму і аб якіх хадзіў жарт:

– Што гэта ты, хлопча, з хадніка сабе плед зрабіў?

– З рызаў пакуль што не дазваляюць.

– Чаго гэта ў цябе ручнік замест гальштука?

– Добра, што пакуль не вяроўка.

Гумар быў змрочны. Сапраўды, гумар шыбеніка. Але самі хлопцы былі вясёлыя, хоць і вечна галодныя. Адкуль прасачыліся да іх чуткі аб дысертацыі – невядома. Магчыма, праз Кастуся, бо Алесь, слухаючыся парады Сразнеўскага, пра змест яе, пакуль тое, памоўчваў.

Гэтая аўдыторыя сустракала кожнае “небяспчнае” месца ўхвальным гулам. Апаненты, магчыма, пабойваючыся непрыемнасцей, спрабавалі былі аспрэчваць занадта “левыя” палажэнні працы. Асабліва стараўся прафесар Платон Рунін, найбольш заядлы са славянафілаў універсітэта. Крычаў нешта аб “славянскай душы”, якой чужы мяцеж і ўласцівая, з самых першых часоў, рахманасць і пошукі бога ў сваёй душы і душы таго, хто кіруе. Дагаварыўся, урэшце, да таго, што толькі пад эгідай моцнага славянін адчувае раскошу і замілаванне, што духу славянскіх народаў не ўласцівыя ўсе формы парламентарызму і дэмакратыі, прыдуманай бязбожнымі французамі, што заўсёды яны будуць адчуваць духоўную патрэбу ў манархіі.

Алесь, успамінаючы свае нядаўнія разважанні, чырванеў ад слоў Руніна, нібы яго білі па шчоках. А студэнцтва гуло:

– Веча! Разін! Копныя суды! Вашчыла!

Сразнеўскі ўрэшце быў вымушаны спыніць іх.

А Рунін бубніў далей. Усё нешта аб тым, што абаронца, тэндэнцыйна падбіраючы песні, выстоўляе самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў бандай мяцежнікаў, рабаўнікоў і гуляк, неўтаймаванай вольніцай, бязбожнікамі, якія прагнуць вечнага бунту.

Параўноўваў работу Алеся з “Песнямі шатландскай мяжы” Вальтэра Скота і нагадваў усім аб шматлікіх непрыемнасцях і абвастрэннях, якія нарадзіў гэты безадказны эксперымент, гэтая гальванізацыя трупа неўтаймаванай і д’ябальскай ідэі свабоды, што даўно скампраметавала сябе.

Студэнты распачалі абструкцыю. Ізмаіл Іванавіч заклікаў да парадку і Руніна і студэнтаў і пачаў навальвацца на ўсе доказы апанентаў, крышыць і ламаць іх, аж пакуль не раскідаў усяго, не пакінуўшы каменя на камені.

А потым, калі дысертацыю прынялі, расцалаваў “падвойнага кандыдата” і згадзіўся пайсці разам з сябрамі, якіх набралася чалавек пяцьдзесят, адсвяткаваць у Барэля нараджэнне новага “мужа навукі”.

1 ... 122 123 124 125 126 127 128 129 130 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)