Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 118 119 120 121 122 123 124 125 126 ... 192
Перейти на страницу:

– А потым што – здрада?

– Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі[104] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!

– Хто яны?

– Белыя. Так мы іх называем. “Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!” Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.

– Досыць паскудна.

– Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.

– Песня знаёмая, – сказаў Алесь. – Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.

– Дзе?

– Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.

– Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.

– Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.

– Будзеш разам са мною біцца?

– А што я – сюды маліцца прыехаў?

– Добра, – сказаў Кастусь. – Руку.

– А яшчэ хто ёсць?

– Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.

– Гэтых трэба пераконваць.

– Але… Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.

– Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.

Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.

– Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы – галота. Яны лібералы, мы – якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы…

– До, – сказаў Алесь. – Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе – значыць, я з вамі. А тое, што я князь,- справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх… Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.

…Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.

Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:

– Хлопцы якія! Ну, Кастусёк – гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты… Трымайцеся за іх, паніч!

– Збіраюся.

– Вой, хлопцы!

– Што, пацалавала б?

– А што, грэх?

Аглая раптам пасур'ёзнела.

– Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?

– Абавязкова.

– Паніч… Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.

– Што, спадабаўся?

Жанчына адмоўна паківала галавою:

– Сухоты ў яго. I подаўна ўжо…

– Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.

– Значыцца, сам не ведае… Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.

– Не вярзі. У яго, у такога хлопца?…

– Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу… Думаю я, ці не позна ўжо.

Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.

Са сталовай даляцеў залівіста-вясёлы смех Віктара.

Снег. Снег. Тое надвор’е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.

Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.

Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.

Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з “Агула”, аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся-такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з “Агула” аддалі Віктару.

I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.

З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму – што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш – ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, – хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы – так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. “Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі”.

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: “Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь”.

Серакоўскі ўсміхаўся ў вусы, відочна, згаджаўся з Алесем.

– Кажаце, не дадуць, – сказаў Алесь. – А вам што, дадуць так вось проста паўстаць і перамагчы? Нехта крэкнуў.

– Значыць, гэта з’явы аднаго парадку. Ну, будуць не даваць. Што ж, так і сядзець склаўшы рукі? Баішся супраціўлення – не ўставай. А не баішся – кожную хвіліну змагайся, каб наблізіць час.

Серакоўскі схіліў галаву.

…У ляманце завірухі глух і часам знікаў ірваны голас званочкаў. Фурман спяваў песню, далёкую і даўнюю, як сама бяздольная прыдняпроўская зямля, што зараз так страшна дранцвела ў снягах:

Ой, косю мой, косю, Чаму ж ты нявесел, Чаму ж ты, мой косю, Галовачку звесіў?

Голас верыў у сваё сэрца, у сваю прыгажосць і таленавітасць і таму радаваўся нават плачучы, ганарыўся нават у тузе:

Ці я табе цяжак, Ці тугі папругі? “Ой, ты мне не цяжак, Не тугі папругі”.

Алесь слухаў і шчыльней хутаўся ў мядзведжае футра.

Вучыцца ва універсітэце было лёгка. Куды лягчэй, чым у гімназіі. Там было шмат лухты, шмат нямілых дысцыплін. Там не было, урэшце, нават адноснай свабоды.

Тут было ўсё цікава, важна, міла. Тут чалавек мог займацца тым, чым хацеў. I хоць таксама былі цемрашалы і дурні – на іхнія лекцыі можна было проста не хадзіць. Можна было шмат чытаць і пісаць, займацца справамі “Агула”, збіраць матэрыялы на слоўнік, вывучаць пад кіраўніцтвам Віктара старыя граматы, ды яшчэ заставалася трохі часу на карціны, музыку, тэатр і ўласныя, не вельмі ўдалыя, спробы корпаць вершы.

Алесь падумаў, што стаў на правільны шлях. Лічыў сябе дагэтуль бяздарнасцю і дылетантам – і раптам, усяго за пяць месяцаў, прыдбаў прыхільнасць Сразнеўскага.

Загорскі ўспомніў, як пацяплелі вочы Ізмаіла Іванавіча, калі разбіраў першы Алесеў рэферат: “Моўныя асаблівасці, што датычацца паўночна-заходняй мовы, у “Слове аб палку Ігаравым”.

– Малайчына… Што думаеце рабіць?

– Мяркую за паўтара гады падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты.

– Ну, а потым?

– Потым, мяркую, філасофія, натуральныя навукі.

– Не баіцёся раскідацца?

– Наадварот. Хачу ўсё патрэбнае паспрабаваць прывесці ў сістэму.

– Памагай бог, – сказаў Сразнеўскі.

Алесь працаваў утрапёна.

Наступныя дзве невялікія работы высунулі Алеся ў лік тых нямногіх, з якімі Ізмаіл Іванавіч гаварыў як з роўнымі, бо сапраўды паважаў у іх роўны інтэлект і роўна правільны і якасны, хоць і адметны, погляд на рэчы і з’явы.

вернуться

104

Глава кракаўскай рэвалюцыі 1846 года. 

1 ... 118 119 120 121 122 123 124 125 126 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)