Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Дзед з сілай кінуў канцом у агонь качаргу. Абодва маўчалі, гледзячы, як у пырсках жоўтага полымя наліваецца чырванню, нібы крывёй набракае, метал. Жалеза стала вішнёвым.
Потым пляснуў рукамі па каленях:
– Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца – добра. Не згодзіцца – праз шлюб кагосьці за нашчадкаў – звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы… Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.
І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:
– Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву…
– Дзеду, – пачырванеў Алесь. – Няма нічыёй віны… Віна жыцця.
– Віна? – вочы старога Вежы ззялі. – Ду-рань! Гэта слава жыцця!… Бяжы туды!… Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў – да парадзіхі. Квіты!…
Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй… І – мяжа. Нельга далей.
Ён то сядзеў на падвоканні і глядзеў на яе дзверы, то хадзіў узад і ўперад.
Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.
– Як жа гэта вы надумаліся?
– Так, – сказаў ён. – Што там?
– Цяжка, князюхна, – сказала яна. – Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. “Дурніца… Радасць у свет нясеш”. Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.
– Не ведаю.
Жанчына знікла.
Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.
Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.
Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.
– Сыне, мілы, – сказаў бацька. – Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.
Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.
Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.
– То як? – спытаў бацька. – Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць – на выкуп?
Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.
– Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? – спытаў бацька.
– Здарожыўся, – сказаў Вежа. – Ану, патрымайся трохі, Алесь.
Але ён мог бы не казаць гэтага.
“Калі толькі ўсё будзе добра – трэба ўсё аддаць”, – успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.
– Па-мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.
– Пойдзем, сыне, – сказаў дзед. – Потым.
– Не. Хай скажа, – вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. – Як?
– Не трэба землеўласніцтва, – сказаў Алесь. – Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы… Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.
Пан Юры ліхаманкава падлічваў.
– Па столькі валок! – сказаў ён. – Па… У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям’ю. А дзе і болей. Запусцяць!
– Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.
– У старцы нашчадкаў? – ускінуўся пан Юры. – З розуму выжыў, сту-дэнт.
– Чакай, – насцярожана сказаў дзед. – Хай даводзіць…
– Хай фермерствуюць, – сказаў Алесь. – Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае – мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.
– У старцы нашчадкаў пусціць? – зноў гнеўна спытаў пан Юры.
– У старцы, бацька, пойдзем, калі так не зробім. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі? Маёнткам усё адно галеча з такой сістэмай, і пытанне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца.
– Буды… гуты… У купцоў ператварыцца?
– У купцоў – не ў старцоў. Толькі надзел не падушны, а пасямейны. Тады вялікія сем’і вымушаны будуць частку людзей пасылаць на цукроўні… па вольным найме. Можа, так. А можа, і гэтага не трэба. Расце патрэба ў грашах. Узрасце цесната на надзелах. Ды яшчэ – машыны. Тады трэба ўвесці заахвочвальныя цэны на бурак, лён, каноплі, бульбу… Фабрыкі будуць расці, а багацце будзе ва ўсіх.
А сам думаў: “Лухта! Якая лухта! Перад гэтым, што насоўваецца, такая лухта. Бурак, каноплі, торба мукі”.
– Я б на таваім месцы падумаў, – сказаў сына Вежа. – Нешта ва ўсім гэтым ёсць. – І, паглядзеўшы на ўнука, злітаваўся, сказаў пану Юрыю: – Ідзі адпачывай. Я вось яму пару слоў скажу і таксама паганю спаць. А галовы ў нас дзеці, га, Юрась?
– Галовы, – наіўная і хітрыя вочы пана Юрыя смяяліся. Ён торгаў хвалісты вус, прыкрываючы ўсмешку.
Пайшоў. Дзед і ўнук сядзелі моўчкі.
– Пачакай ты тут. Не пакутуй – не паможаш… Сам прыдумаў?
– Сам. Я пайду.
Дзед зразумеў: трэба супакоіць. Хоць на хвіліну адцягнуць думкі.
– Як думаеш Гелену забяспечыць?
– Хіба ўсё будзе добра?
Стала цiшыня.
– Мнямля, – сказаў дзед. – Першынцу!… Зямлю тых двух маёнткаў, што за Сухадолам. Дом у Ведрычах.
Алесь ускінуў вочы:
– Дзядуля.
– Што “дзядуля”? Дам, нічога не зробіш.
Схіліўся да Алеся:
– Хадзем, вып’ем з табою.
Гадзінай пазней Алесь зноў хадзіў туды і сюды па калідоры. Вакол была тая самая нясцерпная цішыня.
Здалося? Не, не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Яшчэ стогн… Яшчэ… Стогны былі ціхія, стрыманыя, але кожны працінаў сэрца.
Не ведаючы, куды схавацца, Алесь адчыніў дзверы. Нявялікая, амаль пустая камора. Акенца ў дзве далоні.
Ён стаў між пустых бляшанак і торб з мукою і гарохам і чакаў. Стогны… стогны… Ці гэта ў вушах?
Вітахмоўцы, кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты, ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэвы. І жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе.
Потым, як заўсёды, ад гэтага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў “браць на сябе”, але ў пушчу ўсё адно ішлі… Гэта звалася кувада… Няўяўнай старадаўнасці звычай…
…
Ён не ведаў, як пакінуў камору, як арынуўся зноў ля дзвярэй. Была цішыня, і ён зразумеў, што стогны яму толькі здаваліся і, магчыма, даўно ўжо адбылося горшае.
Адчыніліся дзеры. Не заўважыўшы яго, выскачыла і пабегла некуды сядзелка. Праз шчыліну ён на імгненне ўбачыў лекара. Лекар стаяў і трымаў у руках нешта чырвонае.
І раптам пралунаў калідорам крык. Слабенькі, але на ўсесь палац, на ўвесь свет – крык.
З дзвярэй выйшла павітуха, прыкрываючы ручніком балейку.
Голас у пакоі нібы дзіўна перабіваўся, распадаўся і зноў злучаўся:
– А-а! А-а-а! А! Э-э-э! Гэ! Гэ! А-а-а!
Еўфрасіння выкацілася з дзвярэй. У яе трэсліся вусны.
– Двайняты! Князюхна, мілы! Хлопчык і дзяўчынка.
Спляснула рукамі, пабегла некуды. Дзве сядзелкі пабеглі назад у пакой. Пачалася мітусня. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, і ён сеў на нізкае падвоканне.
Густа сцямнела за акном, як заўсёды перад золкам.
…Зноў Глебавічна. Аж захлынаецца:
– А божа ж мой! Вырастуць дзеткі! Прывядзе яна іх пад грушку. Будзе для іх сяпяжаначкі рваць. А тыя будуць есці ды смяяцца на сонейка.
З усмешкай праз слёзы зірнула на Алеся і раптам шырока расплюшчыла вочы:
– Паніч! – і пацалавала ў лоб…
Зноў заплакала:
– Такая ўжо мне радасць! Не было ж у мяне дзетачак. Ні ад мужа-нябожчыка, ні потым…
Выцірала кулакамі вочы. Так, як ніколі не рабіла пры пану Данілу.
Два скруткі ў руках Глебавічны. У верхняй частцы кожнага скрутка было нібы акенца.