Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 123 124 125 126 127 128 129 130 131 ... 192
Перейти на страницу:

За вокнамі курыльні хвастаў чорны лістападаўскі дождж. У доме Сашальскіх на Ліцейным праспекце, чакаючы, пакуль сыдуцца госці, сядзелі людзі, што сабраліся раней, каб паспець пагутарыць. У кутку, ля чэзлага – адна назва, што агонь! – пецярбургскага каміна сядзелі Зыгмунт Серакоўскі, Ямант, Валеры Урублеўскі і Хвэлька Зянковіч, усе курцы. Іх усеагульным плебісцытам пагналі да агню, каб адцягвала дым. Кастусь дамогся. Па-першае, “спявак” Эдмунд Вярыга цярпець не мог шкоднага дыму. Па-другое, Віктара нядаўна прымусілі кінуць курыць. Ён ужо ведаў аб сваёй хваробе. Алесь увесь час клікаў яго да сябе, знайшоў братам кватэру ў Пецярбургскай часці, у доме нумар шаснаццаць па Вялікай Пасадскай (два цёплыя і сухія пакоі), і маліў, каб браў грошы, бо тут, пры сур’ёзнасці справы, зусім ужо не да гонару.

Віктар згадзіўся і часам браў дапамогу. Затое Кастусь з самай гэтай хвіліны не згаджаўся браць ані капейкі. Аднойчы праз гэта сябры пасварыліся і нават месяц не размаўлялі ні аб чым, акрамя справы.

Алесь з тым самым велічэзным сорамам за сваё багацце прапанаваў Віктару грошы, каб той паехаў куды-небудзь лячыцца. Той адмовіўся, спаслаўшыся на тэрміновую работу для віленскай археаграфічнай камісіі (ён сапраўды працаваў для Кіркора і Маліноўскага і не лічыў магчымым кінуць без дапамогі, і нібы без вачэй, сляпога гісторыка). Алесь сказаў, што Віктар падарве-такі свае сілы. Віктар адказаў, уто гэтая работа дасць яму грошы, каб паехаць, а не, дык проста каб жыць. Браць жа ў сябра, не спадзеючыся аддаць, ён не можа сабе дазволіць. Алесь крычаў на яго, што ён ёлуп, што ніхто яму не прапануе дарагой Італіі, што паездка звычайным парусным суднам у Егіпет або на Мадэйру каштуе, як усякі водны шлях, не дорага і гэта можна сабе дазволіць.

Ад злосці на легкаважнасць Віктара ледзь не паліліся з вачэй слёзы. Віктар паглядзеў на Алеся, раптам пасур’ёзнеў і сказаў, што калі бліжэйшыя некалькі месяцаў не прынясуць палёгкі – ён паспрабуе скарыстаць Алесеву прапанову.

Але лягчэй відавочна не рабілася, і Алесь злаваўся на Віктара і на сябе, што не здолеў адразу зламаць супраціўленне гісторыка.

Віктар з Эдмундам Вярыгам і Кастусём сядзелі ля дзвярэй пры цёплай грубцы. Гаварылі вельмі ціха аб неафітах, нядаўна прынятых у “Агул”. Колькасць людзей узрастала, і нават на месцах, у Літве і Беларусі, не кажучы пра Польшчу, узнікла сетка залежных арганізацый. Нядаўна на пасяджэнні вырашылі, што пасля універсітэта і інстытутаў большая частка моладзі, у мэтах агітацыі, раз’едзецца на пасады настаўнікаў, пасрэднікаў, пісараў, выхавацеляў у дваранскіх дамах. Нельга ўжо было абмяжоўвацца работай сярод інтэлігенцыі.

– Што ў цябе? – пытаў Кастусь.

– Дваццаць пяць новых, – казаў Вярыга. – Свежаспечаных. Дзіва, кумок, а не хлопцы. Усе чырвоныя.

– Бяда пафарбавала, – кашлянуў Віктар. – Як, ты скажы, ракаў. Дык я запісваю, Эдмунд… А ў цябе, Кастусь?

– Малавата. Дзесяць чалавек.

– Хто? – пісаў Віктар. – Запісваць іх як распарадчыкаў сталоўкі для бедных?

– Давай так. Пішы: Сапоцька Пятро – студэнт, Янус Ахілес – студэнт, Дыміна Ціхон – семінарыст, Дашкевіч Кандрат і Зэмбоўскі Стэфан – студэнты. Здановіч Ігнацы – студэнт…

– Вільнянін?

– Ага.

– Сям’я неблагая… але спалоханая. А сын нішто хлопец… Дрэна, што бацька супраць. І яшчэ, што ў Вільні сёе-тое пра нас ведаюць. Нават асабіста пра нас з табою, Віктар. Папярэджваюць дзяцей: вар’яты, Рабесп’еры, карбанарыі…

– Нічога, – сказаў Віктар. – Ведаюць і ведаюць. Нашы людзі не даносчыкі.

– І ўсё ж трэба больш сцерагчыся.

– Згода. Будзем.

За спіною Серакоўскага сядзелі яшчэ два чалавекі. Ніжэйшы, даволі невыразны з твару, але разумны, калі меркаваць па вачах, чалавек адганяў дым цыгары рукой. Другі, з жарсткаватым абліччам, нервова шаптаў на вуха Зыгмунту: ці абураўся нечым, ці спрачаўся. Гэта былі члены верхняй рады арганізацыі, удзельнікі “літаратурных вечароў” – Аскар Авейдэ і Стэфан Баброўскі[111].

Алесь знаў іх значна горш за астатніх і Авейдэ недалюбліваў. Сам не ведаючы, з якой прычыны.

А Баброўскі чамусьці вылучаў яго, Алеся. Усміхаўся пры сустрэчы, моцна паціскаў руку, затрымліваў паразмаўляць, і адразу відаць было, што размова яму прыемная. Вось цяпер ён раз-пораз паказваў Зыгмунту вачыма на Алеся. І Зыгмунт, сустракаючыся з вачыма Загорскага, смяяўся беласнежнымі зубамі.

– Ідэя паўстання і ўскраіны, – часам далятала да Алеся. – Варшава, па-мойму, вельмі памыляецца тут… Трэба спытаць у хлопцаў… Хоць бы ў яго ці ў Віктара.

З Серакоўскім, вакол шахматнага століка, сядзела пяць чалавек. Два нібыта гулялі, хоць партыя даўно была забыта, астатнія нібы глядзелі, хоць глядзець не было на што, хіба толькі на тое, як адзін з ігракоў нахіляў фігуркі і адпускаў і кожны раз нібы здзіўляўся, што яны ўстаюць на “ногі”, бо ў донца кожнай заліты свінец. На тым, што гуляў фігуркамі, быў сціплы чыноўніцкі сурдут: ён служыў на чыгунцы і нават з аблічча быў тыповы служачы – ціхі, сціплы, светлавалосы, з трохі вінаватай усмешкаю. Ніхто не мог бы падумаць, што погляды гэтага чалавека схіляюцца часам ледзь не да анархізму.

– Кінь, Ільдэфонс, раздражняе гэты стук, – сказаў яму партнёр, чалавек з рэзкім уладным абліччам. – Будзем гуляць ці не?

– Відаць, не, – змяшаў фігуркі служачы. – Зараз зноў пачнецца размова. І зноў ты будзеш бараніць ідэю шляхецтва, велічы Польшчы. Ізноў мы з табою будзем лаяцца, Людвік. І Загорскі унь пакліча на дапамогу філалогію, а Віктор – гісторыю, а Кастусь – сацыялізм. І накладзе табе гэтая беларуская тройца па самае дзесятае, а я памагу.

Алесь усміхнуўся. Ільдэфонс Мілевіч і Людвік Звяждоўскі сябравалі, але заўсёды лаяліся між сабою. Звяждоўскі шмат у чым, нават у беларускім і ўкраінскім пытанні, кідаўся да белых, і Алесь толькі таму верыў гэтаму афіцэру ў бліскучым мундзіры, што бычыў яго чысціню і поўную адданасць справе. Была ў Людвіку шчырасць памылковай думкі. Была прага ў кожную хвіліну аддаць жыццё.

– Уладзю, – сказаў Людвік. – Барані.

Адзін з гледачоў быў бадай страшны абліччам. Як Марат. Жоўты, як у хворых на печань, колер скуры, чорныя і жорсткія, як конская грыва, валасы. Шырокі і вельмі грубы плоскі твар, вузенькія шчыліны калючых вачэй.

Чалавек гэты быў інжынер-пуцявік Уладзіслаў Малахоўскі.

– Не буду, – сказаў ён Людвіку. – Вас трэба хутчэй выхоўваць. Бо каб не давялося вас вешаць.

Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды.

Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём.

Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў нібыта, нічога яго не датычылася, але чуў усё.

Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў.

У невялікім пакойчыку сядзела амаль ў поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.

– Што ж, – сказаў Дамброўскі. – Адпачылі ад крыку – бадай, час пачынаць… У гаспадара вось-вось госці збяруцца. Пачынай, грамадзянін Зыгмунт.

– Падсумуем, – сказаў Серакоўскі. – Сённяшняе пасяджэнне “левіцы” і “цэнтра” нашай арганізацыі аднагалосна згадзілася з тым, што дасягнуць нашай мэты, гэта значыць волі і дэмакратыі, нельга іначай, чым праз паўстанне.

Загорскі ўбачыў, як Кастусь схіліў галаву.

– …Таму што дабіцца чаго-небудзь лаяльнымі шляхамі ў паліцэйскай дзяржаве немагчыма. І, акрамя таго, нездавальненне народаў Польшчы, Літвы і Беларусі гнюснай палітыкай імператара і ягонай камарыллі пераходзіць у ярасць. Цярпець далей ярмо мы не можам. Кожная лішняя гадзіна рабства разбэшчвае слабых і ганьбіць моцных… Таму з сённяшняга дня мы павінны зяпэўняць усіх, што без паўстання…

– Без рэвалюцыі, – сказаў Віктар.

– …справа не абыдзецца… Акрамя таго, “левіца”, якую падтрымлівае частка “цэнтра”, прапануе, каб сацыяльная перабудова грамадства ішла побач з вызваленчым паўстаннем. Асноўныя іх тэзы: поўная раўнапраўнасць усіх грамадзян, уся зямля – сялянам, мова – народам. Прапанову ўнесла беларуская група рады ў складзе грамадзян братоў Каліноўскіх, грамадзян Вярыгі, Зянкевіча, Малахоўскага, ад імя якіх абвясціў прапанову складальнік яе, сакратар групы, грамадзянін Загорскі… Прапанову падтрымалі большасцю галасоў, хоць, улічваючы думку “правіцы” ў Пецярбургу, Вільні і Варшаве, трэба думаць, што яе праваляць.

вернуться

111

Будучыя дзеячы паўстання ў Польшчы ў 186З г. 

1 ... 123 124 125 126 127 128 129 130 131 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)