Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Козько Виктор Афанасьевич
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00519-4
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Вось апошні раз праверылі палаты дзяжурныя выхавацелі і пайшлі ў канцылярыю самі адпачываць. У канцылярыі ўспыхнулі і патухлі вокны. Нават кажаны зніклі. Час брацца за справу і нам. Пажарныя драбіны прыбіты да сцяны цвікамі, але ёсць лом. Ломам аддзерлі ад сцяны чырвоныя, а ўначы, здаецца, чорныя драбіны, пацягнулі да халупы з інвентарным нумарам 301. Прыладзілі драбіны амаль каля нумара, і адзін за адным на страху. У тры пары рук адграблі чарапіцу. Хто першы палезе ў пралом? Хто застанецца на атасе — на варце? Як заўсёды, кожны хоча быць першым і ніхто не жадае стаяць на атасе.
— Лепік?
— Ага, як ледзь што, дык адразу Лепік. А дзе ляжыць ключык, ведаеце?
Разумна: не ведаем.
— Пожня, Мыса?
— Не застануся, хоць забіце...
— Манах?
Ну вось, так я і ведаў. Дзе што б ні рабілася, калі людскае штось, я апошні. А во каб морду падставіць пад кулак... Ну, добра, чаго ўжо там, хай так і будзе. Лепік, Пожня зніклі ўжо ў праломе, спусціліся па вяроўцы. Я застаюся на варце, паседжваю на бэльцы, поўны радасці. Не, не такі я ўжо і недалыга, ліхтарык жа ў мяне, пазычыў на час у дырэктара, нямецкі, «Дайман», называецца. Свеціць, б'е, што пражэктар. Як вы там без мяне абыдзецеся. Так яно і ёсць, я ім не трэба, ліхтарык падавай. Разагнаўся, трымайце мяне, а то ўпаду. Прымайце разам з ліхтарыкам. Прыгожа, класна пазычыў у Мар'яна. Прыйшоў да яго ў кабінет, узяў і пайшоў. Павінен быў кніжку ўзяць, а ўзяў ліхтарык, прама з-пад носа ў яго, ён і вокам не паспеў міргнуць. Нахабства — другое шчасце. Але гэта я так, не ад нахабнасці. Ад перапуду і таму што дурны. Колькі ні думаў, нічога лепшага не прыдумаў, як проста вось так: прыйсці і ўзяць.
— Хто на атасе застаўся? — шыпяць на мяне Лепік з Пожнем.
— Што вы, з глузду з'ехалі, які атас, кацялкі вы медныя, чыгуны няшчасныя. Звяжыся з вамі. Ключык праз хвіліну-другую ў нас у кішэні. Кожнага, хто паткнецца да нас, адправім туды, дзе яго тры дні са свечкамі і з сабакамі будуць шукаць і не знойдуць.
Нешта я гаваркі вельмі зрабіўся. Не давядзе гэта да дабра, не давядзе — выстуквае сэрца, уключаю «Дайман». Які ж добры ліхтарык, хоць і ключык будзе ў кішэні, змагу тысячу дайманаў займець, а гэты вяртаць дырэктару шкада. Прытыру, новы Мар'яну аддам. Яркі сноп святла бяжыць па паліцах. Макароны, лапша, пярлоўка, ячная крупа, ці дубоўка па-дзетдомаўску, а яшчэ шрапнель. К чорту. Паліца з боханамі хлеба. Малайчына, Пожня, ключык ключыкам, а бохан хлеба не заважыць лішняга. Але адразу ж есці, у рот піхаць не варта. Малайчына, Лепік, за гэта трэба ў каршэнь. Мае рукі занятыя, ліхтарык трымаю... Няма ключыка.
— Быў, век свабоды не відаць.— Лепік адкідвае мяшкі з-пад мукі, што ляжаць каля стала. Ва ўсе бакі ляціць пыл, і слупом, воблакам у промні ліхтарыка.
— Вось ён, вось ён, глядзіце.
На самай справе. Някідкая скрынка, збітая з фанеры. Невялічкая, але абабітая па краях металёваю стужкай. I збоку любы, жаданы залаты ключык. Сапраўды залаты, золатам намаляваны, а пад ім для пэўнасці, мусіць, яшчэ і надпіс: «Золотой ключик». Навальваемся на скрынку, здзіраем аб стужку скуру з рук. Нічога не атрымліваецца, слабыя пальцы, не здолеюць аддзерці накрыўку. У куце сякера, малаток, лапа-жывадзёр, якраз тое, што нам трэба. I кожны мае магчымасць прыкласціся. Усе трое і прыкладваемся. Грукат, скрыгат, трэск. Але мы як глухія, нібы нырнулі ў нашу Пятлянку і плывём пад вадой. Ніякіх гукаў мы не чуем, толькі вось задыхаліся нешта. Цяжка дыхаць. Скрынку ўспаролі. Думалі, што ключык будзе адзін, вялікі і цяжкі, наўрад ці ў кішэню ўлезе, а іх тут мноства. I ўсе чамусьці маленькія. I кожны абгорнуты паперкаю, залатою, прывабнаю. На кожнага дзетдомаўца, пэўна, па ключыку. Хапаем жменямі, рагочам, але ўжо адчуваем штосьці не тое. Не можа ж таго быць, каб кожнаму дзетдомаўцу па залатым ключыку. Бязглуздзіца, чартаўшчына — усе да аднаго вакол шчаслівыя і ўсе магутныя. Гэта ж не шчасце ўжо, а поўны бардак. Сапраўдны бардак. Адчуваем, што нас ашукалі, але ўсё яшчэ спадзяёмся. Разгортваем адзін ключык, нешта ліпкае і брыдкае. Усё ясна, правялі, сукі, накалолі. Замест ключыка падсунулі...
— Суду ўсё ясна,— як гром з неба, голас Сідара Місцюка. Ён стаіць на парозе як сам суддзя. Высокі, касцісты і хмурны. У правай, выцягнутай перад сабой руцэ на ўзроўні вачэй ці трохі вышэй ліхтар «Лятучая мыш». Слабейшы за «Даймана», але і больш страшны, шкло яго забрана дротам, як кратамі. З-пад рукі Місцюка — тварык дзяжурнай выхавацельніцы, настаўніцы беларускай мовы, чырвоны і разгублены:
— Што ж вы гэта, хлопчыкі, навошта... Ніколі б не паверыла...
— А чаму тут не верыць. Канхвет захацелі. Салодзенькага. Сёння канхвет, а заўтра... Сёння кража з узломам, а потым за нож і пад мост... У горад, да пракурора, а там на электрычны стул.— Місцюк паставіў ліхтар на стол і ўключыў электрычнасць. Святло абрынулася на нас падобна горнаму абвалу. Мы замерлі, як мышы ў крупе ў дзяжы. I няма рады выскачыць, уцячы, і ўкусіць каго-небудзь — такое жаданне абудзілася ў кожным з нас. Я, напрыклад, адразу адчуў свае зубы, сапраўды як мышыныя, белыя, вострыя, здольны быў, здаецца, прагрызці сцяну. I гэтымі зубамі, чужымі мне, цапнуў-такі Сідара, які паспрабаваў наблізіцца да нас. Хапіў да крыві, хуценька, па-мышынаму, упіўся ў руку, сцяў, расцяў зубы, адчуўшы пах крыві, але не Сідара, а сваёй, што цякла з адзеравянелых губ. Сідар перацягнуў мяне таксама механічна, як я яго ўкусіў. Я бачыў, што яму зусім не баліць, а кроў, што цякла з рукі, дык нават, здаецца, і ўсцешыла яго.