Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Мы ж, сыночак, не супраць, што ты ўлюбіўся. Дзякуй Богу, так i трэба. Але ж сэрца тваё маладзенькае палюбіла замужнюю i распусную! Няхай бы яно, сляпое, захапілася Веркай ці Даротаю! Яны абедзве, як кажуць у вёсцы, хацелі з табой дружыць. Харошыя дзяўчаты, а ты імі пагрэбаваў. Дарота сказала мне, што не хоча цяпер нават бачыць цябе, а Верка, думаю, згадзілася б з табой таварышкаваць, бо на днях ледзь не з плачам сказала мне: «Ваш Аляксей, цёця, мяне не любіць. Ён Лялю кахае».
...Сустрэўся Аляксей з Таняй перад ад'ездам у горад. Сам зайшоў у амбулаторыю. Удзень, калі Таня збіралася ісці дамоў палуднаваць i ніхто іншы не мог зайсці. Яна стаяла каля люстэрка ў туфліках, кароткай спаднічцы, у новенькай куртачцы i ў заліхвацкім капялюшыку i сёння, бадай, як ніколі, мілая сваёй мініяцюрнасцю i грацыёзнасцю. Яна як трымала каля вуснаў памаду, так i запыніла руку, зірнула на яго i радасна, i вінавата ды сарамліва. Яму ж проста жах было ўяўляць, што яна, голая, стройная i моцная, стагнала ў абдымках на гадоў дзесяць старэйшага, жывацістага i нахабнавокага, з юрлівым масляным бляскам у невялікіх вочках старшыні i, як яму, у асабліва слодычныя хвіліны шаптала-крычала, што ён ёй любы i жаданы!
— Здароў, Лёшка,— Таня павіталася першая, хацела падысці, узяць яго за рукі, але, мабыць, яе стрымліваў яго адмысловы позірк.— Які дзень дома, a ні разу не зайшоў! Я i чакала, i каля вашых акон наўмысна праходжвалася!
— Бачыў,— упершыню за апошнія часы ён не абняў i не пацалаваў яе.— I сюды прыходзіў. Учора. У наш час. Ты была тут, але амбулаторыя была замкнёная.
Жывыя яе вочы зніякавелі:
— Я не была тады тут.
— Была, Таня. Бачыў, як ты з ім выходзіла адгэтуль...
Яна залыпала вейкамі, закусала вусны, успыхваючы чырванню:
— Лёшка, я патлумачу...
— Не трэба,— зусім без хвалявання, спакойна i холадна сказаў ён.— Я ніколі не чакаў такога ад цябе. Каб ты шчыра сказала, што не хочаш ці не можаш больш са мной сустракацца, дык мне было б лягчэй. Але ты абманваеш мяне.
— Даруй,— яна ступіла, прытуліла галаву да яго грудзіны. Але ён не падняў рук, каб прыгарнуць яе.— Выйшла так. Нават сама не ведаю, як i чаму... Ён выпіўкай, а потым сілай разгарачыў i ўзяў мяне... А табе я казала ж, каб ты не зусім ужо сур'ёзна адносіўся да нашай блізкасці, каб болей меў яе за раман з замужняй жанчынаю, якая нічога ад цябе не патрабуе...
— I яму ты лісток з лічбамі дала?
Таня ажно сцепанулася ад удару, што ён, мусіць, неміласэрна нанёс ёй.
— Кажы толькі праўду!
— А што мне застаецца рабіць?
— Сволач! — ён з усяе сілы штурхнуў яе ад сябе, што яна кулем паляцела на канапку, упала на яе, але не падхапілася, тыцнулася тварам у падушачку.
Бачачы, як уздрыгваюць яе плечыкі, у якой яна роспачы, ён адчуў, што гнеў, крыўда адыходзяць, а замест ix паволі наплывае спачуванне. Яшчэ хвіліна-другая — i ён кінецца, стане перад ёй, графіняй ці каралевай, на калені, а яна зможа не толькі апраўдацца, але павярнуць усё на сваё, напасці i зрабіць ва ўсім вінаватым яго. Ён упершыню адчуў, што гэта за сіла, калі жанчына каецца i плача.
— Лёша, я... Ненавіджу сябе... Каб ты быў не хлапчук ці нікуды не ад'язджаў...
Пераломваючы сябе, Аляксей борздка падаўся з амбулаторыі i ў той жа вечар паехаў з вёскі, каб з'явіцца дома толькі ўвосень, пасля таго, калі вернецца са студэнцкай паездкі на цаліну.
Як уведаў, Таня не перастала гуляць са старшынёй калгаса, у яе сям'і — кожны дзень сварка ці бойка. Самалюбны, Аляксей ужо нават не набліжаўся да амбулаторыі; сустрэўся з Таняй міжволі, калі сама яна — у беленькай блузцы з заліхвацкім сінім банцікам на грудзіне, у белым прыталеным касцюмчыку, што хораша паўніў яе, з жвавым, крышку сарамлівым, ад таго i прываблівым позіркам у вачах, спакусна кволая i ў той жа час моцная — падышла да яго на аўтобусным прыпынку і, дыхнуўшы пахам добрага віна, шапнула яму на вуха: «Ляля аддае сваё цела іншым, але душа яе з табою! Ды страчанага не вернеш i не паўторыш!..»
Toe ж мог сказаць ёй i ён, але не прамовіў.
1995
МАЕ «ЎЦЁКІ» АД ЛЕАНІЛЫ
З расказу Янкі Д.
Леанілу ў нашу вёску прывёз Уладзя Емельяновіч.
З усіх сяброў i знаёмых, калі быў я падлеткам, мне найбольш падабаўся якраз ён, Уладзік,— на некалькі гадоў старэйшы, гонкі, увішны i дужы, вабны хлапечай ці, лепш сказаць дзявочай, прыгажосцю, дзёрзкі i зухаваты. Мы жылі па суседстве, добра ладзілі сем'ямі, а я з Уладзікам, хоць былі не аднаго ўзросту, разам гулялі, пасвілі каровы, лавілі рыбу, хадзілі ў грыбы: як пазней зразумеў, ён, маючы верхаводскі характар, любіў камандаваць i апекаваць мяне, а я цягнуўся да яго як да старэйшага i прызнанага вадзілы ўсіх вясковых падшыванцаў. Калі трэба было, Уладзік мог пусціць у ход кулакі i надаваць нават старэйшым. I яшчэ тое-сёе ўмеў ён, што нікому з нас гэтак добра не ўдавалася: смела размаўляць са сталымі, на жарты i кепікі адказваць амаль кпінамі, дзёрзка i зухавата паводзіцца з дзяўчатамі, хораша спяваць, танцаваць i свістаць. Свістам ён мог перадаць любую, толькі адзін раз пачутую, мелодыю. Усім гэтым, як казаў яго бацька, ён удаўся ў дзядзьку-шалапута па матчынай лініі (той пасля вайны з Нямеччыны падаўся ў Аўстралію, з яе перабраўся ў ЗША, з ix — у Аргенціну, а пасля, не ўладкаваўшыся ці прагнучы новых прыгод, ягоныя шляхі-дарогі павялі ў Афрыку, дзе ён згубіўся, дзе, як плакал i яго маці i сестры, «яго з'елі львы альбо чорныя людзі-людаеды»). Уладзікавы сестры былі зусім іншыя па характары, спакойныя, нават маўклівыя i дбайна працавітыя, як i бацька. Пасля, калі выйшлі замуж, усе яны сталі добрымі жонкамі i гаспадынямі.