Кліч роднага звона
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1997
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 985-05-0142-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Кліч роднага звона». Краткое содержание книги:
— Гэта, сын, можа, сястра твайго кулегі?
Нават на першы позірк было відаць: гэтая Леаніла — «наша», а вось вузкавокі, з шырокімі сківіцамі чарнявы Рафіль — чалавек «не з нашага боку», «здалёку», што i пацвердзіў Уладзік:
— Не, маманя. Она — моя законная жена. Брак наш зарегистрирован, о чем имеется соответствующий документ.
Леаніла, здаецца, была майго ўзросту, можа, самае вялікае толькі на год старэйшая. Емельяновічыха не кінулася, не павітала яе так, як трэба сустракаць жаданую нявестку, яшчэ раз зірнула на дзяўчо, як на штосьці зусім нечаканае i неверагоднае, а пасля запрасіла ўсіх у дом.
Калі там Уладзік кінуўся вітацца з «папанем», дык той, па-сапраўднаму рослы i плячысты, з яшчэ большымі, чым у жонкі, рысамі твару, спаважны, не даў прытуліцца да сябе свайму адзінаму сыну:
— Ну што? «Здзівіў» вёску?
— Папаня,— не вельмі збянтэжыўся той, немігатліва пазіраючы бацьку ў вочы,— кто сказал, что земля имеет форму чемодана?!
Строга-стрыманы Емельяновіч, але, бадай, аталапеў ад паводзін i чужых для янкавінцаў па духу сынавых слоў: сын — дарослы ўжо, не схопіш, не сагнеш i не апячэш яго мяккае месца сваёй далоняю! А той пераможна i нахабна скаліўся: прымайце, маўляў, мяне такога, які я ёсць! Ды я ж вам не чужы! Адзін!
Емельяновічыха — хітраватая i, бывае, для сваёй патрэбы часамі i ліслівая жанчына,— бачачы, як холадна сустрэў бацька сына, паспрабавала ўсё ўлагодзіць, паслаць мужа ў пограб па бульбу, але той так апаліў яе позіркам, што яна адскочылася i сама борздка выскачыла з хаты.
— Смотри, отец,— не разгубіўся Уладзік i, распакоўваючы клункі, пачаў даставаць з ix дарагія хусткі, кашулі, свэтры, шапкі, а таксама нямала шырокіх з прыгожымі наклейкамі i з надпісамі на замежных мовах бутэлек.— Единственный сын твой — не шалапут, не свистун, как ты думаешь, а богатый молодой человек! И это еще не всё!— I ў дадатак выклаў на стол перахопленыя паперкамі з рознакаляровымі палосамі пачкі грошай.— Здесь хватит и на мою свадьбу, и на тачку!
Емельяновіч не здзівіўся i не ўразіўся, як, да слова, я, але здаўся, утаймаваў сваю непрыязнасць да сынавых выбрыкаў.
Карацей, Емельяновічы мусілі зрабіць Уладзіку вяселле (на ім, што дагэтуль яшчэ ніколі не здаралася ў нашай вёсцы, не было бацькоў маладой: Уладзік, вяртаючыся дадому, заехаў з сябрам у смалявіцкую вёску, дзе тыя настаўнічалі, i за некалькі дзён ачмурыў іхнюю дачку, клубную бібліятэкарку, i яна паехала ca спакуснікам насупраць іхняй волі). Мы, «кавалеры», як жартавалі ў вёсцы з нас такіх, як я, гэта значыць старшакласнікаў, ці тых, хто ўжо толькі што вярнуўся з вайсковай службы, цяпер пасля школы ці работы пачалі вечарамі, a нядзелямі па цэлым дні таўчыся ў ЕмельянОвічаў, дзе да ачмурэння рэзаліся ў карты, жартавалі i кпілі адзін з аднаго, але, здаецца, усе цягнуліся не толькі да Уладзікавай прыхільнасці, але па той прычыне, што тут была Леаніла, якую ў вёсцы перахрысцілі на Лёдзю.
Я тады таксама не быў зацяты сарамлівец, але ўсё роўна не мог рабіць таго, што дазвалялі сабе некаторыя іншыя. Бачачы, што ix лагодна сустракаюць Емельяновічы, a Уладзік i Леаніла-Лёдзя прагнуць нашай, маладой кампаніі, дык вось той-сёй пры першым жа зручным выпадку нападаў, ціскаў Леаніду — канечне ж, не з грэшных намераў, а з буйнасці маладых сіл, юру, нават нібы з таварысцкасці, а яна, само па сабе зразумела, адбівалася, але не зласліва, нават весела. Я ж стрымліваўся гэтак даваць волю сваім рукам i таму, што Леаніла была жонкай майму сябру, i таму, што яна мне больш чым спадабалася, я адчуваў перад ёю, асабліва калі мы апыналіся сам-насам, незразумелае хваляванне да таго, што не мог зірнуць ёй у вочы, хоць любіў акідваць яе позіркам — русявую галоўку з праборам пасярэдзіне i з кароткімі, па танкаватую i гожую шыю, павіўкамі па абедзве скроні, нібы велаватыя, але не сонныя i не пазямныя, a ўважлівыя, запытальныя i цёплыя вочы, худаватыя плечыкі, рукі, вастраватыя грудочкі пад сукенкаю, што прыгожа звужвалася на стане,— да паясніцы яна была яшчэ кволая, юная, нібы дзяўчынка, а вось ніжэй паўшар'і клубоў i акругленасць лытачак паказвалі ў ёй ужо жанчыну. Уладзя, бывала, перахопліваў мой позірк на Леанілу, калі яна ішла стройна, легка крыху пагульваючы клубамі, i радасна ўсміхаўся-цешыўся: «Ну, Ваня, как моя зазноба? Тебе нравится? Ты желал бы иметь такую?»
Я, падлоўлены на патаемным, чырванеў, чым, здаецца, бянтэжыў i Леанілу, яна таксама пунсавелася плямінамі i намагалася менш пазіраць i размаўляць са мною, але ўсё гэта толькі пабольшвала мае жаданне чым болей побач з ёю, адчуваць нейкую страшнаватую радасць, памыснасць i яшчэ штосьці тое, што ўжо жадала мае сэрца, але чаму яшчэ супраціўляўся мой розум.