БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Забіраючы ўладу ў свае рукі ад беларусаў, якія мелі яе пад час вайсковага кіраўніцтва па акруговых і гарадзкіх цэнтрах, нямецкая цывільная адміністрацыя затрымлівала існуючы беларускі апарат, але зводзіла функцыі беларусаў да сьляпых выканаўцаў нямецкіх загадаў. У гэтым выпадку зусім ясна выступіў стан нямецкага калёніялізму для Беларусь Шэраг беларускіх дзеячоў не пагаджаліся з такім станам і адмаўляліся ад далейшай працы на мейсцы. Некаторыя з іх варочаліся назад у Гэнэральную губэрню, або ў Нямеччыну, як д-р Тумаш, а некаторыя пераяжджалі на ўсход у вайсковую зону Беларусі, як Астроўскі, Вітушка, Касмовіч і іншыя. Там былі значна большыя свабоды дзейнасьці і магчымасьці для дапамогі беларускай нацыянальнай справе, чым у зоне цывільнай адміністрацыі.
Беларускі актыў прыпушчаў, што сучасная нямецкая акупацыйная палітыка на Беларусі можа ў будучыні зьмяніцца. Аб гэтым гаварылі беларускім дзеячам нямецкія ўраднікі гэнэральнага камісара ў Менску, заяўляючы, што па сканчэньні вайны яны паедуць у Нямеччыну, а беларусы самі будуць кіраваць сваім краем. Вынік вайны ў гэтым часе ня быў да прадбачаньня. Аднак пры ўсякай сытуацыі беларусам патрэбная собская нацыянальная сіла. Пры першай магчымасьці яе трэба было тварыць у галіне павялічэньня нацыянальнай сьведамасьці ў народзе, павялічэньня грамадзкай і адміністрацыйнай арганізаванасьці ды тварэньня збройнай сілы. Беларускі нацыянальны актыў імкнуўся здабыць гэтыя пазыцыі, паколькі гэта было магчыма пры наяўнай сытуацыі.
Арганізаваную Р. Астроўскім управу Менскай акругі з ейнымі аддзеламі гэнэральны камісар затрымаў і ператварыў у дапаможнае сабе бюро (Нэбэнбюро). Яно выконвала дарадчыя і дасьледчыя функцыі па тых справах, па якіх да яго зьвярталіся ўраднікі-немцы паасобных аддзелаў гэнэральнага камісара.
Для праўнага рэгуляваньня жыцьця на Беларусі быў выдаваны друкам на нямецкай і беларускай мовах «Урадавы Весьнік гэнэральнага камісара Беларусі». У нумары першым «Весьніка» была зьмешчана адозва дзяржаўнага камісара Остлянду Лёзэ ад 1 верасьня 1941 году, у якой пішацца наступнае: «...цаной сваёй крыві нямецкая армія разьбіла бальшавіцкага сусьветнага ворага і вызваліла Вас [жыхароў Беларусі] ад гэтага бальшавіцкага тэрору. Тым самым нямецкі народ узяў на сябе права і ўважае за абавязак заснаваць такія парадкі ў вашым краі, каб ніколі больш не магла ізноў паўстаць падобная небяспека для народаў Эўропы, якая пагражала-б іхняму быцьцю...»
«Нямецкае кіраўніцтва закліча вашых прадстаўнікоў у валасьцёх і гарадох да супольнае працы, у выпадку патрэбы яно вызначыць з вашага асяродзьдзя давераных людзей, якія будуць даводзіць да ведама дзяржаўнага камісара і акруговых камісараў вашыя жаданьні і патрэбы».
20 чэрвеня 1941 году была выдадзеная пастанова Лёзэ, якая абвесьціла, што распараджэньні датычна цывільнага жыхарства выдаюць урады нямецкага цывільнага кіраўніцтва. Адначасна была выдадзеная пастанова Лёзэ аб канфіскаце ўсёй рухомай і нерухомай маемасьці СССР у Остляндзе праз нямецкае цывільнае кіраўніцтва паводля стану на 20 чэрвеня 1941 году.
Пастанова Лёзэ ад 18 жніўня 1941 году ўводзіла нямецкую мову як дзяржаўную у Остляндзе, з дапушчэньнем мясцовай мовы ў кожным Гэнэральным абшары.
Тады-ж быў пастаноўлены абавязак рэгістрацыі на біржы працы ўсіх жыхароў Остлянду; гэтыя біржы пасьля мелі вызначаць каго, у якім парадку і калі выклікаць на працу. Гэта пастанова так сама легалізавала набор беларусаў для высыланьня іх на працу ў Нямеччыну, што і распачалося ў кароткім часе. Пастанова дзяржаўнага міністра Розэнбэрга ад 19 сьнежня 1941 году абагульняла і прэцызавала ўвядзеньне абавязку працы для жыхароў усяго ўсходу ў веку ад 18 да 45 гадоў адпаведна іх здольнасьці.
Распараджэньне дзяржаўнага камісара Остлянду Лёзэ ад 26 студзеня 1942 году забавязвала ўсіх жыхароў Остлянду да павіннасьцяў даставы фурманак і работнікаў ручной працы. Перадусім гэтая павіннасьць служыла патрэбам немцаў, як: вываз лесу, направа патрэбных для гэтага дарогаў і інш.
«Урадавы Весьнік» зьмяшчаў пастановы, што датычылі Беларусі, выдаваныя дзяржаўным міністрам занятых усходніх абшараў Розэнбэргам, дзяржаўным камісарам Остлянду Лёзэ, гэнэральным камісарам Беларусі Кубэ і па іх даручэньні паасобнымі кіраўнікамі аддзелаў. Гэты «Урадавы Весьнік» выдаваўся да канца дзейнасьці нямецкай цывільнай адміністрацыі на Беларусі.