БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Абсяг кампэтэнцыяў беларусаў у адміністрацыйным апараце кожнай з названых частак Беларусі быў розны. Беласточчына і Гарадзеншчына лічыліся часткай нямецкага Райху і там уся адміністрацыя была нямецкая. Беларусы кіравалі толькі часткова беларускім школьніцтвам і некаторымі харытатыўнымі арганізацйямі.
Зараз па далучэньні гэтай часткі Беларусі да Райху прыбыўшыя сюды ўкраінскія дзеячы распачалі яе ўкраінізацыю. У павеце Белая Падляская яны ўплынулі на нямецкае кіраўніцтаа і распачалі адчыняньне ўкраінскіх школаў заместа беларускіх, а праваслаўных сьвятароў змушалі ўжываць украінскую мову. Мяйсцовыя беларусы супрацівіліся гэтым намаганьням украінцаў і ў шасьці валасьцёх (Янаў—Церасполь) гэтая дзейнасьць была спыненая і былі адчыненыя беларускія школы па вёсках. а ў цэрквах была ўведзеная беларуская мова.
На тэрыторыі Беларусі з Вільняй, далучанай да Летувы, адміністрацыя была ў руках летувісаў аж да летувіскіх Мужоў Даверу пры гэнэральным камісары Летувіскай акругі. Аднак немцы спынілі найбольш дзікія праявы летувіскага шавінізму ў дачыненьні да беларусаў. Ужо пару дзён па заняцьці Вільні нямецкімі войскамі там арганізаваўся Беларускі Нацыянальны Камітэт. Гэты камітэт быў афіцыйным прадстаўніцтвам беларусаў у Гэнэральнай акрузе Летувы. Беларуская мова была прызнаная немцамі ў Вільні за адну з афіцыйных моваў у краі, побач з летувіскай і польскай. Урадавыя нямецкія паведамленьні аб прабегу вайны падаваліся і ў беларускай мове.
Падобнае палажэньне было на беларускіх тэрыторыях, далучаных да Гэнэральнай акругі Латвіі і Гэнэральнага камісарыяту Украіны.
Афіцыйная назва для Беларусі была — Беларуская гэнэральная акруга (Weissruthenische Generalbezirk). На чале яе ў ліпені 1941 году быў пастаўлены Гітлерам гэнэральны камісар Беларусі Вільгэльм Кубэ. Сядзіба яго была ў Менску. Беларусь Остлянду была падзеленая на пяць галоўных акругаў (Hauptbezirke) з цэнтрамі ў Менску, Баранавічах, Магілеве, Віцебску і Смаленску. На чале іх у зоне цывільнай адміністрацыі былі вызначаныя нямецкія камісары галоўных акругаў. Галоўныя акругі дзяліліся на акругі (Gebiet) з нямецкімі акруговымі камісарамі на чале. Акругі дзяліліся на наветы, на чале якіх стаялі беларускія старшыні паветаў, прызначаныя акруговымі камісарамі. Паветы дзяліліся на воласьці, на чале якіх былі беларускія валасныя старшыні. Воласьцям падлягалі вёскі, якімі кіравалі беларускія старасты.
Нямецкая цывільная адміністрацыя прыбыла на Беларусь 1 верасьня 1941 году. Гэта былі нацыянал-сацыялістычныя партыйцы ў брунатных уніформах. Яны перебралі ўладу ад нямецкай групы арміяў «Цэнтар» і ад беларускіх цывільных установаў вышэйшага ўзроўня, ад акругаў і акруговых гарадоў, пакідаючы на мейсцы беларускую адміністрацыю паветаў і валасьцей ды вёсак.
Галоўнае кіраўніцтва нямецкай паліцыі, аддзелаў СС і ўстановы СД было ў Менску, а па акруговых цэнтрах былі ўстаноўленыя аддзелы нямецкай паліцыі,( якім былі падпарадкаваныя нямецкія паветавыя аддзелы паліцыі. У паветах былі арганізаваныя аддзелы беларускай паліцыі, падпарадкаваныя нямецкім аддзелам. У валасьцёх нясьлі службу парадку беларускія паліцэйскія. Палітычная паліцыя (СД) мела свае аддзелы ў акруговых цэнтрах і важнейшых паветавых цэнтрах. Аддзелы СС былі стацыянаваныя каля Менска і высыланыя для карных экспэдыцыяў па ўсім краі.
На Беларусь былі прывезеныя немцамі адмысловыя летувіскія карныя батальёны, якія стаялі каля Менска і Сьвіра. Яны былі ўжываныя для карных экспэдыцыяў супроць мяйсцовага насельніцтва. Падобны славацкі батальён стаяў у Будславе Глыбоцкай акругі. Аднак славакі хутка навязалі адносіны са сваімі «братамі» — савецкімі партызанамі і іх вярнулі ў Славакію. На беларускай Віленшчыне, далучанай да Гэнэральнай акругі Летувы, быў арганізаваны немцамі беларускі батальён пад камандай капітана Сазыкі.
Для забясьпячэньня даставак з Беларусі для Нямеччыны ў харчох і іншых таварах па ўсіх акруговых, паветавых і валасных цэнтрах, як і большых прадпрыемствах, былі нямецкія крэйсляндвірты, зондэрфюрэры і іншыя ўраднікі. Для спраў гандлю былі прысланыя аддзелы нямецкай арганізацыі ЦТГО. Для выконваньня будаўнічых работ для закватэраваньня і камунікацыі для вайсковых патрэб былі прысланыя аддзелы нямецкай арганізацыі ТОДТ. У гэтай арганізацыі працавала шмат польскіх фольксдойчаў, якія выкарыстоўвалі гэтую арганізацыю для польскай субвэрсыйнай працы.