БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Бурмістр Менска, д-р Тумаш, не пагаджаўся з падпарадкаванай выканаўчай роляй, якую яму давала нямецкая цывільная адміністрацыя. Ён выехаў з Беларусі ў Нямеччыну, але перад выездам прадставіў кандыдата на сваё мейсца. Паводля стараньняў д-ра Я. Станкевіча гэтае становішча згадзіўся абняць праф. Вацлаў Іваноўскі, які тады пражываў у Вільні. Немцы згадзіліся на кандыдата і прызначылі яго бурмістрам Менска. Праф. Іваноўскі быў старэйшы векам і грамадзка выраблены праз сваё папярэдняе жыцьцё. Ён дастасоўваўся да нямецкіх вымаганьняў і стараўся павялічваць свае ўплывы. Сярод беларусаў Менска ён меў мала даверу. Яго шматгадовая праца прафэсара польскага ўнівэрсытэту ў Варшаве, трыманьне здалёк ад беларускага нацыянальнага руху ў Польшчы ды рыма-каталіцкае веравызнаньне выклікалі недаверу многіх. Ён акружыўся рыма-каталіцкімі працаўнікамі, а пры зачыненых дзьвярах у яго габінэце часта гучэла польская мова. Ён часта гаварыў Ю. Сабалеўскаму, што яго наведваюць польскія дзеячы з Гэнэральнай губэрні і тэрорызуюць яго. Дзеці Іваноўскага, якія прыяжджалі з Варшавы, уважалі сябе за палякоў, ня ведалі беларускай мовы і гаварылі па-польску. Дачка Іваноўскага адчынена казала, што яе бацька выдумаў (ураіў сабе), што ён беларус, а не паляк. Сярод невялікай часткі беларусоў, пераважна рыма-каталіцкага веравызнаньня і асабліва з Заходняй Беларусі, Іваноўскі цешыўся даверам і супрацоўніцтвам.
Неўзабаве па абняцьці ўлады нямецкая цывільная адміністрацыя арганізавала ў Менску акруговы суд пад кіраўніцтвам Мікалая Наваградзкага. У кожнай акрузе быў устаноўлены першы міравы судзьдзя якому падлягалі міравыя суды ягонай акругі, над якімі ён меў бліжайшы адміністрацыйны нагляд. Праз год быў створаны другі акруговы суд у Баранавічах. У пастанове гэнэральнага камісара Кубэ ад 12 верасьня 1941 году гаварылася; «гэнэральны камісар паклікае на акруговых і міравых судзьдзяў беларусаў...»
Беларускім судам былі перададзеныя цывільныя справы ўсяго насельніцтва, за выняткам нямецкіх грамадзян, падлягаючых нямецкім судам. Крымінальныя справы беларускім судам пачаткова не падлягалі, але пазьней ім былі перададзеныя драбнейшыя справы. У 1943 годзе кампэтэнцыя судоў у крымінальных справах мела быць яшчэ больш павялічаная.
У цывільных справах існавалі законы, якія абавязвалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў часе панаваньня там Польшчы - гэта значыць з аднаго боку польскія законы, выдадзеныя пасьля адбудовы Польшчы па першай сусьветнай вайне, або расейскія законы, якія не былі адмененыя да канца існаваньня Польскай дзяржавы.
Была створаная спэцыяльная Беларуская Юрыдычная Камісія для папраўкі і выданьня новых тэкстаў законаў. Гэтая камісія пасьпела апрацаваць толькі тэкст Цывільнага працэсуальнага кодэксу.
У другой палове верасьня 1941 году ў Менск прыехаў з Жыровіцкага манастыра япіскап Берасьцейскі Вэнэдыкт Баброўскі. Ён хацеў запазнацца з магчымасьцямі адбудовы Праваслаўнай Царквы на Усходняй Беларусі Іераманах Фінькоўскі не прызнаў яго за свайго духоўнага кіраўніка і стараўся перашкодзіць яп. Вэнэдыкту ў ягоных царкоўных захадах. Р. Астроўскі, кіраўнік Менскай акругі. па нарадзе з беларускімі сьвятарамі, якія яго наведвалі, прыняў яп. Вэнэдыкта. Астроўскі зажадаў, каб арганізаваная Царква была ў беларускім нацыянальным напрамку. Яп. Вэнэдыкт згадзіўся з гэтай патрэбай. Тады Астроўскі зьвярнуўся да гэнэральнага камісара Кубэ з пісьмовай просьбай аб прызнаньні мітрапаліта Панцялеймана Ражноўскага Галавой Праваслаўнай Царквы на ўсёй Беларусі. Гэнэральны камісар выклікаў яп. Вэнэдыкта і даў яму ўмовы для арганізацыі Праваслаўнай Царквы на Беларусі. Там сьцьвярджалася, што мітр. Панцялейман, як Галава, будзе самастойным і не будзе падпарадкавацца праваслаўным мітрапалітам маскоўскаму, польскаму ні нямецкаму. Да мітр. Панцялеймана быў скіраваны адмысловы ліст гэнэральнага камісара, у якім пісалася: 1) Праваслаўная Царква на Беларусі мае кіравацца сваімі канонамі і.нямецкая ўлада ня будзе мяшацца ў яе нутраное жыцьцё; 2) Царква мае называцца: «Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Нацыянальная Царква»; 3) пропаведзь, навучаньне рэлігіі л адміністрацыйнае справаводзтва царквы маюць быць на беларускай мове; 4) назначэньне япіскапаў, благачынных і сьвятароў ня можа адбывацца бяз ведама нямецкіх уладаў; 5) Статут Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Нацыянальнай Царквы мае быць прадстаўлены гэнэральнаму камісару; 6) богаслужэньні маюць адбывацца на царкоўна-славянскай мове.