Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Ночы на Плябанскіх Млынах
Ночы на Плябанскіх Млынах - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Ночы на Плябанскіх Млынах

Электронная книга - «Ночы на Плябанскіх Млынах». Краткое содержание книги:

Ночы на Плябанскіх Млынах
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 31
Перейти на страницу:

Упершыню жаль да няшчаснай дзяўчыны крануў сэрца воя… Але млынароўна ўжо схаладнела.

Даніла выйшаў на бераг Сьвіслачы, дастаў меч і пачаў раскідваць ім вільготную зямлю ля самага млынавага кола… І вось ужо ён стаіць, і поўня робіцца чырвонай ад каменя ў ягоных руках. Размахнуўся Даніла – і кінуў бясцэнны камень у ваду. Хвалі на нейкі момант напоўніліся барвай, потым згасьлі, пачарнелі… І раптам узьняліся, пагрозна зашумелі…

Так пачалася страшная паводка, якой ня памяталі дагэтуль. І тыя паводкі будуць паўтарацца, пакуль на дне Сьвіслачы ляжыць сьвяты карбункул, чырвоны, як сонца на захадзе, камень…

— Дык усё-ткі пад якім млынам быў закапаны карбункул – архіерэйскім ці касьцёльным? – пацікавіўся Улад, які, здавалася б, ня вельмі ўважліва слухаў Дароту. Тая паціснула плячыма.

— Ніхто ня ведае…

У акулярах пана Беларэцкага люстраваўся агеньчык пахавальнай сьвечкі, нібыта агнём гарэлі ягоныя інтэлігенцкія вочы.

— Цікава, гэта даволі распаўсюджаны ў сьвеце, так званы магістральны сюжэт. Нешта падобнае я чуў у Англіі, пра тры кароны, якія кароль саксаў загадаў закапаць на ўзьбярэжжы краіны – нібыта ў якасьці ахоўнага талісману ад нарманаў… Што, дарэчы, не перашкодзіла нарманам захапіць Англію і асіміляваць саксаў.

— Бацька казаў, што ў добрае надвор’е з мосту можна разгледзець, як у вадзе блішчыць карбункул… — задумліва прамовіла Дарота. — І калі-небудзь зьявіцца рыцар, які яго дастане і верне на абраз Маці Божае Менскай…

— Тады спадзе паводка, і сюды заявіцца камуністая навалач, — зьдзекліва прамовіў Улад.

— Чаму адразу “навалач”? Ня трэба агулам абражаць людзей, якія змагаюцца за сваю ідэю, – ускінуўся Ной. – Ідэя рэвалюцыі справядлівая. Няўжо ты хацеў бы, каб тут раскашаваліся чарнасоценцы з нагайкамі? Проста кожная добрая ідэя, нібы карабель – ракавінамі, абрастае дурнямі, якія ўсё псуюць.

— Вось гэтыя дурні і выставяць нас на вуліцу… А мяне яшчэ і расстраляюць, як сына арыстакрата… — дадаў Улад.

Зося фыркнула.

— Таксама мне, вялікі арыстакрат твой бацька… Начальнік паштовага аддзяленьня, чыноўнік дзясятага класу… А што, палякі, якія за адно беларускае слова садзілі, або немцы, былі лепшыя за тых камуністаў? А можа, твае эсэры, з якімі быў зьвязаўся? Добра, бомбу кінуць ні ў кога не пасьпеў…

Пан Беларэцкі зьдзіўлена зірнуў на маладога чалавека.

— Вы былі эсэрам?

Улад прыкусіў губу.

— У эсэраў свае вартасьці… Прынамсі, усё сумленна – навалач мусіць адказваць за свае гнюснасьці… А ў бальшавікоў я і сам паверыў быў – пакуль не разагналі наш зьезд.

Ной упарта патрос галавой.

— Вось пабачыш, усё наладзіцца! Прынамсі, ня будзе такога, як было – калі я, габрэйскі хлопчык, каб паступіць у гімназію, мусіў вывучыць літаральна на памяць дзесяць падручнікаў, каб ня даць сябе “зрэзаць”…

Улад сумна ўсьміхнуўся.

— А помніш, як мяне выкладчык граматыкі лупіў лінейкай за тое, што я назваў сябе беларусам? А пасьля, дома, яшчэ і бацька дадаў… А я проста ўбачыў выступленьне трупы Буйніцкага, і зразумеў, што гэта – маё, мая мова, мой народ… Настаўнік у школе крычаў, што я мушу ганарыцца тым, што я – рускі. А бацька крычаў, што мы – палякі, народ слаўны і горды. А я паказваў яму нашу сямейную рэліквію – прывілей на маёнтак, падпісаны каралём Жыгімонтам Аўгустам, чытаў: “І датоле дзяржаці з ласкі гаспадарскай маець за ўласным вызнаньнем”…, і пытаўся: якая гэта мова? Польская? Руская? І сышоў з дому. Бо займеў тое, што даражэй за любое багацьце – радзіму...

— Та-ак, няхутка яшчэ прагучыць адказ на словы Купалы “Ці доўга будзе нам заломам Варшава панская і царская Масква”… — прагаварыў Андрэй Беларэцкі. – Мы ўсе хутчэй жывем паводле словаў Гарэцкага: “Я ня ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікога неўтралітэту і ашукваю тых і гэтых і самога сябе… І адна палова яго, каторая разумела белых, маўчала, зьнямела. І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала…”

— Не разумею гэткіх хістаньняў, — прамовіла Зося. – Гэта ўсё ад лішку. Ад багацьця… Хаця… здараюцца выключэньні. Вось карбункул, пра які расказвала Дарота… Патрымаць у руках такі камень – гэта вартае, можа быць, усяго жыцьця!

Ной, пачырванеўшы, вымавіў:

— Калі б ён толькі існаваў, я б паспрабаваў дастаць яго для цябе.

— Ты і плаваць ня ўмееш, спадар, — перабольшана ласкава вымавіў Улад. – Але патануць табе не давядзецца: Даротка ў нас выдумшчыца.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 31
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)