Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
У бары на першым паверсе стаялі пяць-шэсьць столікаў, заўжды занятыя чыстымі румянымі мужыкамі, якія падоўгу сядзелі там пасьля мыцьця. Ціхія і ўлагоджаныя, прыемна стомленыя, яны паважна пілі піва з бутэлек ці з аднаразовых куфляў і гутарылі. Лявона вабіў гэты лянотны пасьлялазьнёвы дух, хацелася таксама пасядзець за столікам і выпіць, з асалодай праз пустэчу ў галаве. Лявон падыйшоў да стойкі, спытаў у буфэтніка пакуначак апэльсінавага соку і агледзеўся, шукаючы месца. За бліжэйшым столікам сьпіной да яго сядзеў хлопец зь цёмнымі валасамі і ў беласьнежнай кашулі-пола. Вакол яго стаяла колькі вялікіх плястыкавых талерак са сьлядамі кетчупу і дзьве піўныя бутэлькі. Лявон наблізіўся і запытальна дакрануўся да крэсла насупраць. Хлопец падняў галаву і кіўнуў. Лявон пазнаў тога парыльнага майстра, што паддаваў жару і наступіў яму на нагу. Ён адсунуў крэсла і сеў, паставіўшы заплечнік на падлогу. На яго зышоў той настрой, калі хацелася з кімсьці гутарыць, павольна, падрабязна, пра сябе ды пра яго.
– Добра сёньня было! – Лявон усьміхнуўся Рыгору, вылушчыў плястыкавую саломку і ўторкнуў яе ў пакуначак. – Чым ты пырскаў у печ, півам ці квасам?
– Піва трохі да вады дадаў. Чыстае піва на камяні ліць нельга, смаленым будзе пахнуць, – ахвотна адказаў Рыгор і глынуў з бутэлькі. – Навак?
– Так, у гэтай лазьні я ўсяго пару разоў быў, ды і то ўнядзелю. Лявон, – назваўся Лявон.
– Рыгор.
Рыгор ссунуў талеркі адна на адну, каб было месца для Лявона. Ён ужо разгледзеў суразмоўцу, адзначыўшы ягоную маладосьць і просты, але не бязглузды твар. «Машыны ў яго вядома няма, і жонкі няма. Студэнт», – зьмеркаваў ён.
– А ў саўну ходзіш? – працягваў Лявон.
– Не люблю я яе, кволая. Гэта для ўсялякіх там спарцмэнаў і для хворых, каму грэцца пажыўна, але хто ў сапраўднай лазьні памерці можа.
– Дакладна! – Лявон усьміхнуўся зноў, быццам згаджаючыся. Калі задумацца, дык ён і насамрэч быў згодны, але Лявон не задумваўся. Рыгоравы словы нават не адпалі ў ягоную памяць; зараз яму проста падабалася слухаць гук голасу і разумець, што ён зьвернуты менавіта да яго.
Яны пагаварылі пра лазьню, потым пра сок, чаму Лявон п'е сок, а ня піва. Лявон сказаў, што нічога супраць піва ня мае, здароўе ў яго таксама добрае, проста ён звыклы да апэльсінавага соку і любіць яго. Тады Рыгор усхваліў тутэйшыя бутэрброды – і хлеб, і каўбаса, і сыр сьвежыя. Лявон адказваў, што таксама абавязкова паспрабуе, толькі трошкі пазьней, зараз яму да тога хораша, что нават жаваць ня хочацца. Потым за столікам у дальным куце нягучна засьпявалі, і іхная гутарка перайшла на музыку. Высьветлілася, што Лявон музыку любіць, але пэўных музычных прыхільнасьцяў ня мае і нават цяжарыцца ўзгадаць хоць бы колькі сваіх улюбёных запісаў. Рыгор дапіваў другую бутэльку піва, ён ужо прыхмялеў і не зьдзіўляўся на такія дробязі. Ён спытаў Лявона, што той думае пра клясыкаў, рамантыкаў і мадэрністаў, і Лявон аддаў ім усім роўную пашану. Калі Лявон глядзеў яму ў вочы, Рыгору рабілася добра, утульна і лёгка, ён адчуваў увагу да сваіх слоў і праз гэта казаў яшчэ болей і лепей.
Падыйшоў буфэтнік, каб прыбрацца са стала. Рыгор напаўголасу спытаў яго, што за песьні сьпяваюць за столікам у куце, незнаёмыя нейкія. Гэта ціхія песьні, адказаў буфэтнік. Лявон падняў вочы да столі, успамінаючы, дзе ён ужо чуў пра іх, а Рыгор засьмяяўся:
– Я чую, што ціхія, а ня гучныя! Хто напісаў іх, вось я пра што, – буфэтнік ня ведаў, і Рыгор махнуў рукой. – Ну дый добра, ня ведаеш дык ня трэба. Прынясі мне яшчэ пару бутэраў з каўбасой, зрабі ласку. І два «Сябра». Вып'емо «Сябра», Лявон? Я частую.
– Не, мне соку, – папрасіў буфэтніка Лявон. – Даруй, Рыгор, я ўсё-ткі соку. Няма сёньня настрою на піва, дзякуй. А дзе ты працуеш?
Ягоная ўсьмешка была такая добрая і чыстая, што Рыгору і ў галаву не прыйшло крыўдаваць на адмову. Ён сам зьеў абодва бутэрброды, шчодра іх запіваючы, і ахвотна расказаў Лявону пару пацешных выпадкаў з жыцьця аўтасьлесара. Потым Рыгор сказаў, што ўжо заседзеўся і хоча надвор, да паветра. Калі яны выйшлі вонкі і спыніліся на прыступках, Лявон звыкла падняў галаву і загледзеўся на нябёсы. Цела было ў прыемным паслабленьні, кожны збытны рух патрабаваў намогі. Шлях дадому здаўся Лявону непамерна доўгім, замарылася пра ровар. Рыгор глядзеў на юны Лявонаў профіль на фоне вечаровых нябёсаў і таксама думаў пра вяртаньне дадому, але з раздражненьнем і бадай што з агідай. Асабліва непрыемнымі зараз былі думкі пра тату і пра сваю несвабоду.
– Гэх, Лявон, дзе грошай здабыць? – чула ўздыхнуў ён. – Дужа патрэбна ўжо кватэру купіць нарэшце. Зрабіцца гаспадаром і сабе самому, і сям'і. Вось ты глядзіш на мяне дый цяміш – дарослы мужык? Самастойны? А вось і не, дружа, не. Табе яшчэ гэта незразумела, але чым ты старэйшы, тым горай ад некага залежаць...
– Дзе наогул людзі грошы бяруць? – задуменна і адасоблена спытаў Лявон, не адрываючыся ад нябёсаў. – Я б таксама не адмовіўся. Купіў бы сабе ровар, езьдзіў бы.
Рыгора насьмяшыла гэткая дробязь, ровар, і ён, забыўшыся пра свой сум, глынуў яшчэ піва, рагатнуў ды прапанаваў абрабаваць банк. Лявон ветліва і запытальна ўсьміхнуўся, быццам не разумеючы, пра што гаворка.
– Чаму не? Рызыкнем аднаго разу, затое потым! Усе праблемы адразу вырашацца. Я куплю хату, куплю хай-эндавую апаратуру, выпішу па каталёгу вагон фірмовых дыскаў, – Рыгору відавочна спадабалася ягоная ідэя, ён натхніўся.
Лявон паківаў галавой і з сур'ёзным выглядам пагадзіўся:
– Давай абрабуем, я ня супраць. Толькі як? Падкапаем пад суседняй вуліцай? Ці пераапранемся ў інкасатараў? Ці заскочым з аўтаматамі?
– Першыга разу лепей зрабіць усё проста: з калашамі, газавымі шашкамі і закладнікамі, – Рыгор склаў рукі, нібы страляючы з уяўнага аўтамата. – І абавязкова трэба на галаву надзець панчохі, каб не пазналі! Ці шапку вязаную, толькі вочы прарэзаць.
– Гэта ўсё зразумела. Але ты ведаеш, што ў кожнай касыркі пад сталом чырвоны гузік? Як толькі мы ўвойдзем, яна зараз жа націсьне і паведаміць міліцыянтаў.
– Пакуль міліцыянты прыедуць, мы пасьпеем усё зрабіць! Не турбуйся! Раней, ніж хвілін празь дзесяць-пятнаццаць яны ніяк ня зьявяцца.
– Адвольнае дапушчэньне. Могуць і празь пяць хвілін прыехаць. Акрамя таго, звычайна тамака яшчэ і ахоўнікі. Сам я ў банках не бываў, але чытаў недзе.
Лявон казаў гэта з сумным выглядам, быццам шкадуючы на гэтае рабаваньне, якое загадзя асуджанае праваліцца. Але Рыгор быў упэўнены, што Лявон толькі падыгрывае ягоным жартам і на ўсю моц весяліўся, ягоныя цёмныя вочы п'яна і буяна гарэлі.
– Ахоўніка завалім адразу. Дый наогул усіх завалім. Разам батальён не прыедзе. Спачатку дваіх-траіх дашлюць, ня больш, – Рыгор махаў бутэлькай, – А мы стаімся і хоп! Мяшок на галаву ды ў калодзеж!
Лявон скрывіўся:
– Лепш абысьціся без ахвяраў. Брыдка гэта – забіваць некага. Тым больш дзеля грошай.
– Сьмяротнай кары баісься?
– Не, я пра гэта на’т ня думаў. Непрыемна проста. Гвалт – гэта не пра мяне.
Рыгор адчуў, што Лявон гаворыць сур'ёзна. Ня ведаючы, што дадаць, ён нагнуўся і правёў пальцамі па прыступку, спрабуючы, ці не запэцкаюцца сьветла-сінія джынсы. Пальцы засталіся чыстымі. Рыгор прысеў. Дапіў апошні глыток з бутэлькі і апусьціў яе ля сьметніцы. Тым часам Лявон разважаў услых:
– Але зь іншага боку, якая розьніца, заб'ем мы іх сёньня ці яны самі памруць праз дваццаць гадоў? Усё роўна ж памруць, і перашкодзіць гэтаму немажліва, – Лявон памаўчаў. – Больш таго, мне зараз прыйшла ў галаву выдатная думка! Можна зірнуць на пытаньне па-хрысьціянску... Ты ж хрысьціянін, Рыгору?
Рыгор няпэўна кіўнуў. Ён дастаў з торбы новы пачак цыгарэт і вылушчыў яго з празрыстай плеўкі. Плеўка, нібы прылепленая, трымалася на ягоных пальцах і не хацела ляцець у сьметніцу.
– Ну дык вось, па-хрысьціянску для душы чалавечай вельмі карысна, каб цела памерла крыху раней. Удумайся: чым раней чалавек пакідае зямныя юдолі, тым менш пасьпявае награшыць. Бо верагоднасьць, што аднойчы ён адумаецца і перастане грашыць, зьнікнавенна малая. З кожным днём чалавек умацоўваецца і касьцянее ў грэху.