Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
1 ... 112 113 114 115 116 117 118 119 120 ... 207
Перейти на страницу:

Аб гэтым аповесць.

Фон, як я ўжо казаў, мог бы атрымацца болей канкрэтны, хоць ва ўсім, што датычыць абставін, акалічнасцей, я стараўся быць максімальна дакладным. Здаецца, наогул гэта ўдалося, я пазбег прыблізнасці, тым больш недакладнасці ў дэталях і абставінах. Пасля некалькіх публікацый чытачы не знайшлі колькі-небудзь сур’ёзных пагрэшнасцей, апроч хіба адной. Чытач-астраном з Масквы паведаміў, што малады месяц, які тою парой паяўляецца ў небе вечарам, не можа свяціць і ноччу: да поўначы ён павінен зайсці. Гэта правільна, і я пасля гэта выправіў.

Аповесць гэтая, як ні дзіўна, калі мець на ўвазе вышэйсказанае, пісалася адносна лёгка. Уся работа ішла строга паслядоўна. Адштурхнуўшыся ад першага, шчасліва знойдзенага, хоць, магчыма, і не новага ў літаратуры вобраза начной зімовай дарогі і наогул ведаючы сваіх герояў, адчуваючы іх характары, я ўяўляў сабе іх мінулае, лёгка кіраваўся логікай іх паводзін, іх рэакцыяй на падзеі. Як заўсёды, галоўная цяжкасць была ўпачатку. «Адкуль пачаць?» — вось пытанне, якое звычайна займае празаіка больш за якія іншыя. Пачаць трэба так, каб гэта не было не занадта далёка, але і не занадта блізка. У першым выпадку экспазіцыя пагражае зацягнуцца, з’явяцца не заўсёды абавязковыя падрабязнасці, у другім — не паспее чытач прыгледзецца, прывыкнуць да герояў, як пачынаюцца рашаючыя падзеі. Паколькі дзеянне гэтай аповесці развіваецца няспынна (або амаль няспынна) і працягваецца якіх-небудзь двое сутак, давялося канцэнтраваць падзеі, часам фарсіраваць сюжэт, каб кожная гадзіна літаратурнага жыцця герояў была максімальна насычана сэнсам і дзеяннем.

Я не вёў запісных кніжак, папярэдне не запасаўся дэталямі, але задуму стараўся абдумаць грунтоўна і так распрацаваць сюжэт, каб да пачатку работы над аповесцю мне было ўсё аб ёй вядома. Зразумела, у ходзе работы сталі непазбежнымі некаторыя адступленні ад першапачатковага плана, з’явіліся нейкія новыя, больш выйгрышныя хады, ад нейкіх, нават вельмі зманлівых момантаў давялося адмовіцца. Так, першапачаткова ўся перадгісторыя дзяўчынкі Басі была пададзена асобным раздзелам, але потым прыйшлося гэтым раздзелам ахвяраваць — перадаць словы самой гераіні.

Як правіла, рабоце над кожным творам у мяне папярэднічае, акрамя максімальна распрацаванага плана, яшчэ і скрупулёзна прадуманы фінал. Без яснага ўяўлення аб тым, чым павінна закончыцца аповесць, я не прыступаю да яе пачатку. У тых некалькіх выпадках, калі давялося брацца за работу, адклаўшы распрацоўку фіналу «на потым», рэчы рашуча не ўдаліся менавіта па прычыне незадавальняючага фіналу. Зразумела, гэта толькі маё асабістае правіла, магчыма, што іншыя працуюць інакш і метад іх работы болей для іх паспяховы, але для мяне лепшы мой, у тым я дастаткова пераканаўся. Наогул жа, паколькі проза, як вядома, патрабуе думак, кожны сюжэтны паварот, кожны вобраз у ёй трэба асэнсоўваць максімальна, да самых малых драбніц, не спадзеючыся на ўладарную сілу няхай сабе і верна ўгаданых характараў. Наша асэнсаванне характараў і абставін і ёсць наш дыктат над літаратурнай мадэллю, у якой усё або амаль усё вызначае аўтар адпаведна са сваёй мэтай, ідэяй, мастацкім густам. Вядомую пушкінскую фразу пра свавольства Таццяны, на мой погляд, не варта разумець літаральна — яна не болей чым жарт, да якога часам схільны пісьменнікі.

У «Сотнікаве» я з самага пачатку ведаў, чаго хачу ў канцы, і паслядоўна вёў маіх герояў да сцэны пакарання смерцю, дзе адзін дапамагае вешаць другога. Не жадаючы таго, амаль пакутуючы. Але такая ўжо логіка фашызму, які, ухапіўшы сваю ахвяру за мезенец, не спыніцца да той пары, пакуль не праглыне яе цалкам.

Напісаная па-беларуску, аповесць гэтая спачатку з’явілася ў перакладзе на рускую мову і толькі праз паўгода была надрукавана ў беларускім часопісе «Полымя». Для таго было некалькі прычын, і адной з іх з’явілася праблема мастацкага перакладу, якая заўсёды востра стаіць перад нашымі брацкімі літаратурамі. Я назаўжды ўдзячны перакладчыкам, што нямала зрабілі для папулярызацыі маіх твораў сярод шматмільённага ўсесаюзнага чытача, але мой асабісты вопыт дастаткова пераканаў мяне ў тым, што перакладаць на рускую мову павінен па магчымасці сам аўтар. I справа тут не ў ступені літаратурнага майстэрства аўтара або перакладчыка, — як правіла, апошні валодае рускай мовай больш дасканала, — але ў недастаткова яшчэ вывучаных асаблівасцях перакладу на рускую мову з блізкіх да яе моваў. Уяўная лёгкасць перакладу, значнае падабенства беларускай і рускай моў уладарна трымаюць перакладчыка ў палоне прыблізнасці, нараджаючы ў выніку нешта «трацічнае», пасрэднае і бескаляровае што хоць і напісана па-руску, але нясе на сабе ўсе прыкметы сырога падрадкоўніка. Але ж самы дасканалы падрадкоўнік яшчэ не пераклад, і каб ператварыць яго ў твор рускай літаратуры, трэба нанова пераасэнсаваць вобразны строй арыгінала, надаць яму новае ўвасабленне на сучаснай рускай літаратурнай мове. Канешне, гэта цяжкая і складаная праца, і яна наўрад ці пад сілу каму, апроч самога аўтара, калі ён адчувае ўпэўненасць у тым, што ў дастатковай ступені валодае рускай мовай.

1 ... 112 113 114 115 116 117 118 119 120 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)