Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 207
Перейти на страницу:

Я прытрымаў каня, злез на абочыну каля некалькіх іржавых нітак калючага дроту і доўга не мог сказаць ані слова. Я глядзеў на яго, а ён таксама моўчкі глядзеў на мяне, але ў адрозненне ад мяне не здзівіўся. Ён ужо перастаў здзіўляцца, але, відаць, зразумеўшы, што маўчаннем не абысціся, сказаў пасля цяжкога ўздыху:

— Вось як яно атрымліваецца!

— Як жа гэта здарылася? — запытаў я.

У яго сумных вачах не было ні злосці, ні адчаю, была толькі ціхая пакора лёсу, на які ён неўзабаве спаслаўся.

— Што рабіць? Такі лёс.

Потым мы пагаварылі трохі. Ён папрасіў закурыць і коратка паведаміў сумную і адначасна страшную ў сваёй знішчальнай прастаце гісторыю. Аказваецца, у тым памятным баі на плацдарме ён не быў забіты, а быў толькі паранены і трапіў у палон. У лагеры, дзе ён апынуўся, сотнямі паміралі з голаду, а ён хацеў жыць і, надумаўшы абхітрыць немцаў, запісаўся ва ўласаўскую армію з надзеяй знайсці момант і перабегчы да сваіх. Але, як на тое ліха, здатнага моманту ўсё не было, фронт знаходзіўся ў жорсткай абароне, а за ўласаўцамі строга сачылі немцы. З самага пачатку нашага наступлення яму давялося прыняць удзел у баях супраць сваіх, хоць, зразумела, ён страляў угору: ці ж ён вораг сваім? — суцяшаў ён сябе. Урэшце аказаўся ў палоне, вядома ж, здаўся сам, інакш бы тут не сядзеў…

Я слухаў яго і верыў яму: ён гаварыў праўду. Безумоўна, ён не быў з ліку тых, якія прагнулі служыць ворагу, яго асабістая храбрасць і воінскае майстэрства былі пацверджаны высокай узнагародай. Проста, апынуўшыся ў палоне, ён вышэй за ўсё паставіў уласнае жыццё і вырашыў абхітрыць фашыстаў. I вось варты жалю вынік гэтых хітрошчаў…

Такі не вельмі складаны, хоць і не просты шлях прывёў мяне да асэнсавання той маральнай ідэі, якая паслужыла асновай аповесці «Сотнікаў». Для мастацкага ажыццяўлення яе патрабаваліся адпаведныя характары і прыдатныя для іх абставіны. Можна было б спыніцца на вышэй прыведзенай гісторыі або на падобным матэрыяле з франтавой рэчаіснасці, але мне больш прывабным здалося партызанскае мінулае з яго меншай рэгламентаванасцю, значна большай доляй выпадковага, стыхійнага, са стракатай рознахарактарнасцю яго чалавечай масы. У якасці асноўных герояў я ўзяў двух партызан, амаль таварышаў, але не сяброў, не добрых і не благіх — розных. У кожнага з іх свае прынцыпы, абумоўленыя выхаваннем, маральнай і духоўнай сутнасцю. Сотнікаў па натуры зусім не герой без «страху і дакору», і калі ён сумленна памірае, дык перш за ўсё таму, што яго маральная аснова ў дадзеных акалічнасцях не дазваляла яму зрабіць інакш, шукаць іншы канец. Рыбак таксама не нягоднік па натуры: складзіся абставіны інакш, магчыма, праявіўся б зусім іншы бок ягонага характару і ён прадстаў бы перад людзьмі ў іншым святле. Але няўмольная сіла ваенных абставін вымусіла кожнага зрабіць самы рашучы ў чалавечым жыцці выбар — годна памерці або застацца жыць подла. I кожны выбраў сваё.

У пераважнай большасці сваіх водгукаў чытачы становяцца на бок Сотнікава, хоць некаторым і не зусім па душы яго чалавечая жорсткасць, аскетычны максімалізм, якія некалькі сушаць вобраз, збядняюць яго жыццёва. Але нельга выпускаць з-пад увагі тое, як шмат давялося перажыць гэтаму яшчэ маладому чалавеку (разгром палка, палон, уцёкі, хвароба, раненне і новы палон), каб зразумець, як разцялася ягоная душа. Некаторым больш імпануе прагматычная натура Рыбака, які амаль да канца наогул цярпіма адносіцца да Сотнікава і ў жахлівых умовах палону не траціць надзеі на выратаванне, хоць, можа, і не зусім прыстойным чынам. Са свайго боку, я б мог заўважыць толькі, што «прагматызм» цярпімы, калі ён не пераступае сацыяльна-маральных асноў нашага чалавечага супольнага жыцця. Так, зразумела, цяжка патрабаваць ад чалавека высокай чалавечнасці ў абставінах бесчалавечных, але ж існуе мяжа, за якой чалавечнасць рызыкуе ператварыцца ў сваю процілегласць!

1 ... 111 112 113 114 115 116 117 118 119 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)