Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
— Пан Мікола... Я толькі хацела сказаць... У пана Міколы такія вершы...
— Ве-ершы? — Шпадаровіч пагрозна наблізіўся да дзяўчыны.— Ты хто такая?
— Пан Мікола чытаў мне вершы... Там, у замку...
— А, «лясны дух»! Ты адкуль тут? Цікуеш за мной? Хто цябе выхоўваў? Хіба прыстойна паненцы чапляцца да незнаёмага мужчыны? Ат, што з іх узяць! «Дзяроўня!» А туды ж, «вершы»... У труне я бачыў тыя вершы з табой разам...
Апошнія словы пан Мікалай гаварыў ужо за зачыненымі варотцамі. Назаўтра ён з’ехаў да месца вучобы і ў горад Б.* не вярнуўся ніколі. Не прыехаў нават на пахаванне бацькі. Казалі, што ён выгадна ажаніўся з дачкой свайго прафесара, кінуў літаратурныя высілкі і трымае сваю клініку, дзе з задавальненнем лечацца багацейкі ад атлусцення, істэрыі ды астэніі.
Ганулька па-ранейшаму гандлявала ў бацькавай краме. І нават калі зрабілася сталай кабетай, маці пяцярых дзяцей, па-ранейшаму перахоўвала таямнічы кавалак паперы, спісаны словамі, што перакрэслілі жыццё і яе, і ейнага бажаства, і да самай сваёй смерці не даведалася сэнсу гэтых слоў.
А калі б змагла, дык прачытала б у запаветным лісце наступнае: «Уважаемый г-н Шподарович! Прочитал Ваши стихи, которые Вы мне прислали, как Вы изволили выразиться, на беспристрастный суд. Не обнаружил в них ни чувств, ни мыслей. Право, можно подумать, что вы живете под стеклянным колпаком в обществе нескольких романтических книжек. От всей души советую — займитесь полезным обществу делом и не тратьте душевный пыл и бумагу на гимназические литературные практикования».
Подпіс неразборлівы.
Сідон і Траяніцы
Падчас Траянскай вайны грэк Сідон перабег да траянцаў і пераканаў іх увесці ў Трою драўлянага каня са схаванымі ў яго чэраве ахейцамі.
Старажытнагрэчаскі міф
У горадзе Б* было трое могілак — праваслаўныя, каталіцкія і габрэйскія.
І калі нехта сумняваўся ў тым, што тутэйшыя жыхары шануюць памяць продкаў, яму варта было прайсціся сярод крыжоў, пафарбаваных бронзавай фарбай, каменных анёлкаў ды каменных дрэў з абсечанымі галінкамі, пачытаць кранальныя надпісы ў вершах... А як урачыста ўспаміналі шаноўных памерлых у касцёле з жоўтай цэглы, драўлянай беленай царкве і аздобленай бурачковай кафляй сінагозе!..
Жыхары горада Б* любілі сваіх памерлых. Яны пілі за іх вечны супакой і куплялі ім штучныя кветкі. Што яшчэ могуць патрабаваць нябожчыкі ад жывых? Калі гэта не ёсць памяць, дык на якую халеру яна трэба, істэрычная слязлівая паненка?..
Пан Бурдэйка з’явіўся ў горадзе Б* спачатку ў выглядзе афішы. З платоў і сцен пазіраў мефістофельскага тыпу мужчына ў дзіўным квадратным капелюшы, з аднаго рога якога звісаў шнурок з кутасом. «Толькі адзін сеанс! — хорам чыталі цікаўныя жыхары горада Б*.— Вялікі медыум Альфонс Бурдэйка з асістэнткай Амандай Дэльмар! Галасы з таго свету! Завеса таямніцы прыадкрываецца!»
Хто расклеіў тыя афішы, і калі — сапраўды засталося за завесай таямніцы.
Тры дні ля касцёла, ля царквы і ля сінагогі жыхары горада Б* абмяркоўвалі нешараговую падзею, што мусіла адбыцца.
— Нізавошта не пайду! — крычала цётка Крыся, шаноўная ўдава ціхмянага ветэрынара Юзькі.— У Бібліі сказана — пакарай сідонскую вядзьмачку! Не пайду губіць сваю вечную душу! — і чорная, з блішчынкамі хустка цёткі Крысі ўзвышалася на сабраных у высокі вузел валасах, як востраў непадкупнай дабрадзейнасці.
— Звычайнае шарлатанства! — паблажліва тлумачыў наведнікам кавярні выкладчык мужчынскай гімназіі пан Вабішчэвіч, які любіў памарыць за філіжанкай кавы ў згаданай кавярні пра сваё таемнае каханне да гордай дачкі губернатара, вядомае ўсяму гораду Б*.— Наш былы супрацоўнік пан Капуцкі ўчыняў спірытычны сеанс. Пасадзіў усіх за круглы стол, прымусіў трымацца за рукі, запаліў эфірнага спірытусу, і пачуўся голас Напалеона. Высветлілася, за парцьерамі стаяў настаўнік фізкультуры... Дурнота, панства! — рамантычныя тонкія вусікі Вабішчэвіча скептычна варушыліся.
— Тры рублі білет! Траціць такія грошы на ўсякае страхоцце! — паціскала плячыма мадэмуазэль Гарабец, чарнявая незамужняя таўстуха, якая нядаўна перабралася ў горад Б* аднекуль з-пад Чарнаўцоў і адчыніла маленькую швейную майстэрню пад шыкоўнай шыльдай: «Пашыў элегантных сукенак і ўрачыстых касцюмаў».— Такія сеансы вельмі небяспечныя! На іх адбываюцца рэчы, невыносныя для слабых нерваў. Мой дарагі бацька, палкоўнік кавалерыі, не ўхваліў бы падобныя экзерсісы!