За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Бацька, ты б падлогу наслаў ці плот новы ўсчаў,— не раз казаў ён, аддаючы старому сярэбраныя i медныя куны, што назапашваў на службе. Шчодры быў княжыч, нічога не шкадаваў для малодшых отракаў; i ўсё аддаваў Алекса ў сям ю. Але за гэты час амаль нічога не змянілася ў хаце, адно замест жоўтых бычыных пузыроў блішчалі ў вузенькіх акенцах слюдзяныя пласцінкі ды стаяла ля палацяў вялікая распісная скрыня, дзе штогод прыбаўлялася дзявочых убораў, упрыгожванняў ды ручнікоў — што ладзілі сёстры ды куплялі бацькі. Стары Таміла цяпер меўся выдаць дачок не за простых смердаў — як-ніяк, сын отрак у княжацкай дружыне! А сёстры, Радасць i Ручаіна, апошнім часам выцягнуліся, як маладыя гонкія дрэўцы, i, нібы дрэўцы, наліліся сакавітай сілай. «Па чатырнаццаць вёснаў — хаця б не заседзеліся ў дзеўках!» — бедавала маці. «Не заседзяцца! — суцяшаў бацька.— Не знойдзем багатага, знойдзем хоць беднага, свайго. Як ёсць грошы, то i крывую, i сляпую возьмуць. А нашы ж гладкія, што цялушкі, a вачмі ажно стрыгуць. Толькі б на якім ігрышчы не ўмыкнулі куды далёка».
Маці ўздыхала. Яна заўсёды як баялася чаго, нават хадзіла бліжэй да сцяны i рэдка пярэчыла ў чым гаспадару i дзецям. Я на верыла, што дочкам пашчасціць у жыцці — нездарма ж калі гад^лі на жыта Радасці, то кінуўся певень не да вады, а да зерня, значыць, будзе ў яе гаспадар добры, не п’яніца. A ў Ручаіны будзе муж багаты, бо, калі гадалі на яе, надышоў певень да залатога пярсцёнка — а як яна баялася, што падыдзе да меднага — к жабраку-мужу было б тое!
Але ў пяты дзень пасля Вялікадня ўдалося Алексу выбрацца дадому з самай раніцы. Прыехалі сваты да Брачыслававай дачкі, i вялікая мітусня ўсчалася ў княжым двары. Старэйшая дружына рыхтавалася да гасціны, але спачатку наладзяць спаборніцтвы — хто лепей валодае лукам i стрэламі, хто дужэйшы з вояў. Хай глядзяць заморскія госці, дзівуюцца, што за асілкі жывуць тут на Полаччыне. Ганьба, ганьба будзе ім, калі не знойдзецца хто падужацца з Гастамыслам, любімым воем Брачыслава! А малодшыя дружыннікі будуць глядзець на ўсё гэта здаля. I таму, сунуўшы старшаму отраку вавёрчыну шкурку, каб не казаў нічога сотніку, падаўся Алекса дадому, дзе малады Ярыла, святкуючы пачатак сяўбы, будзе ездзіць па палях на белым кані i ў белай кашулі. Пазалетась меліся выбраць Ярылам яго сястру, ды пабаяўся Алекса — дазнаюцца ў двары, не пашкадуюць лазін! А хацелася ж Ручаіне адчуць сябе маладой багіняй, што ў вянку з вясенніх палявых кветак, са жменяй жытняга калосся ў руцэ святкуе вясну, прымаючы песні Ярыліны, вянкі i карагоды. Але асуджае царква бесаўскія ігрышчы, блудам называв i карагоды, i частаванне брагаю, i вясёлыя гульні. I ўсё роўна цягне Алексу на Ярыліна свята над Дзівіну горку, асабліва ў такі дзень, калі маладая нясмелая зеляніна густа апушыла дрэвы, неба сіняе-сіняе i высокае, аж звініць яго крыштальная цвердзь, а вецярок ласкава студзіць твар, разгарачаны чаканнем i хадзьбою! Скінуў Алекса каптан i боты, босы пайшоў па сыраватай яшчэ дарозе — пакуль ніхто не бачыць, хаця трохі адчуць нагамі зямлю. Эх, лапцікі б сюды — мяккія, з лазовай кары, што, здаецца, самі імчаць наперад, ды дзе там — пальцамі пачнуць паказваць людзі: маўляў, дружыннік княжыча, а абуты, як простая чадзь! А боты нешта цеснаватыя сталі, мазолі націраюць, папрасіць жа новыя саромеецца Алекса, a купіць — як да бацькі без кунаў прыйдзеш?
На Дзівінай горцы, рэдка парослай цёмна-зялёнымі хвойкамі, густа, як проса, насыпана народу. Белыя вышываныя сарочкі, порты, вянкі — усё стракатае, каляровае, i ўсё гэта рухаецца вакол нечага, што цяжка Алексу разгледзець здалёку. Але падышоў бліжэй i разгледзеў: стаіць на палянцы белы конь, а побач тонкая дзявочая постаць — відаць, тая, каму выпала сёлета быць за Ярылу, таксама ўся ў белым, а на галаве вяночак з першых вясновых красак. Стаіць дзяўчына, прымерваецца відаць, нязвыкла ёй з канем упраўляцца, i тады высокі русявы юнак падхапіў яе i мігам пасадзіў на каня. I тут жа зайгралі гуслі, загулі валынкі, i ўслед за белым канём, якога вёў за аброць русявы юнак, усе рушылі вакол гары,— прыпяваючы, хто-ніхто ўжо i скачучы. I Алекса пайшоў за імі — трэба ж паглядзець на Ярылу, разам з усімі павесяліцца ў карагодзе. Дагнаў ён каня, што вёз Ярылу, зірнуў на яе. Беленькая галоўка з раснушчанымі валасамі, сінія вочы... Тварык бледны, амаль дзіцячы. Відаць, i пайшоў бы сабе далей Алекса, але азірнулася ў той момант дзяўчына i ўсміхнулася — можа, i не яму зусім, а людзям навакольным. Але ўсмешка як асвятліла яе — бліснулі белыя зубкі, мілым, бездапаможна дзявочым павеяла на хлопца, i ён спыніўся, як ударыла нешта яго ў грудзі, а пасля... пасля ўжо не зводзіў позірку з дзяўчыны, лавіў кожны pyx яе, i вянкам, якія кідалі пад ногі беламу каню травы, зайздросціў. А пасля, калі, аб'ехаўшы гару, вярнулася шэсце на старое месца, пад вялізны дуб, i пачала дзяўчына-Ярыла ўсім брагу хмельную падаваць — ён сярод першых праціснуўся да яе, адведаў брагі, але не адчуў смаку. Затое адчуў, беручы чару, дотык тонкіх яе пальцаў — i спалымнеў увесь. Калі адышоўся, хрыплавата запытаўся ў нейкай кабеты: