Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
Былi i карты.
Вёска гадала на тых, што выштукаваў-вымаляваў ён, Гаўрыла, бо iншых тады не было. Гадалi на вайну i мiр, што пераможа, на жыцьцё i сьмерць, на хлеб i галадуху, хто з прорвы вайны прыб’ецца да роднага парогу, а хто ўжо без вайны, як у вайну, вiрам накрыецца. Гадалi, каму куды дарога сьвецiць: у заробкi, у прымы цi замуж, у вучэльню цi пад крыж Гасподнi? Вясковым хлопцам, такiм, як Гаўрыла, сябрам па школе, вучэльня выпадала адна — чыгуначная ў Гомелi. Цi вiнаватыя карты, што кожнаму сьвяцiлi сталёвыя рэйкi? Картам верылi: рэйкi дык рэйкi — рамантыка дарогаў. А што самому паказалi? Калi ўжо здаў экзамены i быў залiчаны ў студэнты-чыгуначнiкi, раскiнуў перад сабою на зямлi тузоў, дам, каралёў, вальтоў, а там вада жывая, блакiтны шлях i птушкi над вадою. Дняпро, Прыпяць, Сож? Цi чаратовая Брагiнка? Кранула, як не кранала раней, прыгажосьць дам, вальтоў, каралёў, iх вопратак ды збройнай амунiцыi — сэрца заныла, нiбы iм здрадзiў. Вярнуўся ў вучэльню, забраў дакументы i — на параход.
Першая сустрэча з Кiевам запомнiлася Дняпром шырокiм, высокiм берагам. Як узышоў на тую вышыню, як глянуў за Дняпро, а там — лугi, старыя рэчышчы, гаёчкi. Падалося, што i не адплыў далёка ад вёскi, што тут — Палесьсе.
Адшукаў вучэльню прыкладнога i дэкаратыўнага мастацтва. Экзамены iшлi — спазьнiўся? Паперы паказаў. Дык вы, сказалi, усё здалi, што трэба, у Гомелi, яшчэ адзiн прадмет здаць — сьпецыяльнасьць. Што выбiраць? Керамiку альбо ляпнiну? Падацца ў разьбяры па дрэве? Цi ў жывапiсцы-альфрэйшчыкi? А што такое альфрэйны жывапiс? Спыталi: малюеш — пакажы работы? А дзе iх узяць? Дома на Брагiнцы маляваў вербы — суседзi хвалiлi: як жывыя. Аднак па iх не пабяжыш у Чыкалавiчы. Раскласьцi тузоў, дам, каралёў, вальтоў — малюнкi таксама ад душы. А раптам скажуць, што карцёжнiк-шулер? О не, тут у дурня не згуляеш — ня вёска. Паставiлi нацюрморт: збан, каласкi ў збане, яблыкi. Дыхнула родным садам, полем за вёскай. Збан з малаком у руках у мамы ўбачыў — супакоiўся. I маляваў, як сваё, роднае. Настаўнiк падышоў, узяў з-пад рук малюнак: вы — наш студэнт.
Палала жаўцiзною восень. Па рацэ плылi белыя параходы i вохрыста-чырвонае лiсьце каштанаў. Цяпер iх зноў убачыў, нiбы ў сьне, i запялёхала вада, пасыпалiся ў яе сьпелыя плады цi жвiр, а там — вiр-яма i ён наўколенцах, студэнт, усё роўна як гогалеўскi бурсак, над ямаю чуб зьвесiў, утаропiў вочы, поўныя ня то сьлёз радасьцi, ня то жарствы. А зьверху — лагодны голас:
— Там першая падлога хрысьцiянства. Ёй тысяча гадоў.
Сафiя?.. Божухна!..
Рука цягнулася на дно той ямы, куды iмкнулi вочы, але ж было там цёмна, зямлёю жахлiвых скiфаў тхнула.
З-за сьпiны стрэльнуў прамень сьвятла, зьверху, адкуль быў голас, на камень звалiлася малая плямка, руку лiзнула i паплыла нiжэй, яшчэ нiжэй, на брыжыку плiты павiсла, затрымцела. Рука схапiла плямку, а ў ёй жменя каменьчыкаў i кожны з жывым бляскам, кожны не адшчыкнеш — сплаў на вякi.
— Вы будзьце асьцярожныя. Там, памiж першай i апошняй падлогай, на якой стаiм, два метры глыбiнi...
Плямка сьвятла паўзла ўгару з плазу на плаз, з падлогi на падлогу, па разломе агромнiстага пiрагу, i ты, твая рука, таксама, не адстаючы, з плазу на плаз, з падлогi на падлогу — па ўсiх стагоддзях Кiеўскай Русi.
— Ну?.. Вы бачылi там першую падлогу?..
Гаўрыла з захапленьнем глядзеў на Мiкалая Адрыянавiча Прахава, свайго загадкавага настаўнiка, гiсторыка тысячагоддзяў, прафесара, бачыў яго iнтэлiгентную бародку i думаў: якое блiзкае далёкае, якое простае сьвятое, як моцна, у маналiт, яднаецца такое рознае, як дзiўна з усiмi ды ўсiм паяднаны ты сам, гомо, з усёй цывiлiзацыяй, трымаеш у руках аж цэлае тысячагоддзе, калi з табою побач мудрэц, калi сьвятло яго лiхтарыка — табе ў рукi.
Першыя пасьля вайны зiму ды вясну Кiеў ляжаў у развалiнах. Студэнты сноўдалi па iм галаднейшыя за бяздомных шчанюкоў. Быў люты мор. Кавалак, калi зьяўляўся ў каго з сяброў, цяжка было дзялiць на шмат ратоў, але здабыць можна было толькi гуртам. Гурты галодных студэнтаў, як заканчвалiся заняткi, брылi па вулiцах у пошуку таго кавалка. З вулiцы Арцёма, дзе вучылiся, звычайна падымалiся ў багацейшы Верхнi Горад, адтуль спускалiся на дабрэйшы, з рабочым людам, Падол, а далей была апошняя надзея — Дняпро i рынак, рыбакi i гандляры, мянялы. Знаходзiлi цi не знаходзiлi, што зьесцi, а на ноч вярталiся да вучэльнi, бо iншы прытулак меў мала хто. Актавая зала на трэцiм паверсе ператваралася ў начлежку, а там усе, як мухi на са лодкае, цягнулiся да батарэяў ацяпленьня, хоць цяпло ад iх было сiмвалiчным. Аднойчы ранiцай, калi начлежнiкi прачнулiся, пазгортвалi шмоткi, каб актавая зала выглядала прыгоднай для заняткаў, нехта пад батарэяй усё яшчэ ляжаў, не варушыўся. Студэнта паднялi — быў мёртвы. У той дзень хавалi i студэнта, i начлежку. На яе дзьверы адмiнiстрацыя павесiла замок.