Чырвоная брама
- Автор: Карамазаў Віктар
- Год: 101
- Язык: белорусский
- ISBN: some
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Чырвоная брама». Краткое содержание книги:
Тэатр абсурду аблiваўся потам — ад веку ў век.
Мастак усё i ўсiх бачыў. Аднымi захапляўся, з другiх сьмяяўся, усiм, як хрысьцiянiн, хацеў пасобiць, нават халуям i кесару, даючы адным — крылы, другiм — розум. А сам працаваў дзень пры днi. Былi i ночы — адпачынак. Спаў, як Харытон, бацька, да раскулачваньня, кулак падклаўшы пад галаву, напрацаваўшыся, аж сiлаў ня маючы дайсьцi да ложку. Анёлы над iм ня спалi, сон мастака ахоўвалi ад злыдняў, а ён i ў сьне ткаў працягi жыцьця — сюжэты, вобразы, каляровыя кiлiмы. Чуў пошум крылаў. Лёталi анёлы цi птушкi? Цi сам ляцеў далёка i высока? I сам, вядома. Бо ведаў, што мастак бяз крылаў — Сiзiф, якi нiколi ня ўскоцiць на Алiмп свой камень.
То ляцеў, то плыў.
А куды плыў?..
Дняпром — у Кiеў
Параход быў ну проста дзiва: сам бялюткi, труба над iм чорная, яе працяг у небе — чорны дым, па борце справа — вялiзнае кола, як у Пампеевым млыне на Брагiнцы, з лапамi-клацамi, каб ваду грэбсьцi, па рацэ — пялёх, пялёх, пялёх. Ад Камарына па Дняпры ў Кiеў ён, небарака, пялёхаў ноч i дзень — суткi. Вёз у старажытную сталiцу палешукоў з мяхамi, хатылямi, скрынямi.
Была ноч першага лета пасьля вайны, лiставаў трэцi ад вайны месяц — жнiвень. Людзей на параходзе — што селядцоў у бочцы. Гаўрыла зьнёс драўляны чамадан па вузкай лесьвiцы ў трум, пралез памiж людзей да трубы, якая гнала дым у неба. Труба была добра цёплая. Пад ёю паставiў чамадан, сеў на яго, загарнуўся ў салдацкую коўдру, якую мама зьмяняла на малако i, як зьбiраўся ў дарогу, паклала ў чамадан, сьпiною прыхiнуўся да трубы i заснуў.
Сьнiў тое, што якраз выдалася надоечы, нiбы хто ў галаве пракручваў нявыдуманую кiнастужку. Як выйшаў з мацi за парог роднага дому, як разьвiтаўся i пайшоў, як азiрнуўся, зьдзiвiўся, што брама за сьпiной чырвоная, нiбы ў агнi палала, хутчэй пакрочыў, каб не гадаць, не вагацца, iсьцi альбо вярнуцца, спужаўшыся той чырванi. А тым часам сутонела. Сьпяшаўся i на параход, каб не спазьнiцца. Як падыходзiў да Камарына, з дарогi ў змроку зьбiўся, шукаючы наўпрост шлях карацейшы, блукаў, праз малую рачулку пераскокваў i пакаўзнуўся, у касьцюме з чамаданам шаснуў у ваду па пояс. Адразу — i бяда, i радасьць. Бяда, што выкупаўся ў вопратцы, а радасьць — чамадан уратаваў, пасьпеўшы выкiнуць на бераг, не замачыў сухары, якiя мама сушыла яму ў дарогу. Мокры прыбег у Камарын на прыстань, а параходу нямашака — цяпер ужо ён пазьнiўся.
Сон i ня сон — усё як было.
Прачнуўся ад рогату. Усхапiўся: хлопец з дзяўчынаю над iм стаялi. Чым ён быў сьмешны? Тым, што пара ад яго ўгару валiла, як дым з трубы? А коўдры на плячах ужо не было. Звалiлася, як спаў? Не было i пад нагамi. Садралi ўначы з плячэй? Укралi?
Да ранiцы ў цяпле абсох. Падняўся з трума на палубу — сонца зьзяла над Дняпром, i чайкi кружылi над вадою, узьляталi і сыпалiся на ваду — лавiлi рыбу. Енк, вiзгат.
На палубе дзень прастаяў, любуючыся вялiкаю ракою.
У Кiеў параход прыплыў на схоне ночы. Агнямi былi ўсыпаныя абодва берагi i неба, i ўсе агнi, што там, па берагах ды небе, адбiвалiся ў рацэ. Усё навакольле здавалася адным неверагодным пажарам — палалi вада, зямля i неба.
Над параходам, памiж iм i небам, насустрач, адзiн за адным, плылi масты — даўжэзныя, ад берагу да берагу, залочаныя ручнiкi. Вiталi параход.
Усё бачылася загадкавым i новым, нiбы ў казцы. Пра коўдру ўжо ня думаў.
За кармою, над параходам i побач з iм, ляцелi, быццам варта, чайкi, як тыя самыя, што з Камарына праводзiлi, вялi ўсю дарогу, нiбыта лоцманы, каўчэг палешукоў. Крычалi, ранiцы ды сонцу радыя. I супакойвалi. Як сапраўды свае — крылатыя палешукi.
Пазьней, праз шмат гадоў, ужо ў сьвятле грунтоўнай сiвiзны, мастак згадае той час — прызнаецца:
— Я быў для Кiева як чысты аркуш паперы.
Тым аркушам, на якiм славянская сталiца пiсала свае аўтографы i чула за гэта толькi ўдзячнасьць, была найперш маладая душа. Яна нi з чым не спрачалася, адкрытая да новага жыцьця. На ёй ужо стаялi аўтографы Палесься? Ну, так. Але ж i Кiеў жыў з Палесьсем у згодзе, бо сам — Палесьсе.
— Я нi тады, нi пасьля не сумняваўся, што выбраў шлях i горад, якiя ня мог ня выбраць.
I ўсё жыцьцё дзiвiўся: адкуль, з якiх глыбiняў памяцi i генаў, узьнiкла тая маладая iнтуiцыя выбару?
Лёс? Рок? Наканаваньне? Яны вялi, цi ўсё гэта — прывiд, мiраж? Гаданьнi на картах?