БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
23 жніўня 1939 году ўрады Нямеччыны і СССР падпісалі акт узаемнага ненападаньня і сакрэтную ўмову аб распадзеле іх сфэраў уплываў (Акт Ріббэнтроп — Молатаў). Гэтая ўмова дала магчымасьць Нямеччыне бесперашкодна напасьці на Польшчу 1 верасьня 1939 году і на працягу трох тыдняў заваяваць яе. 17 верасьня 1939 году арміі СССР напалі на Польшчу з ўсходу і занялі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. Польская дзяржава перастала існаваць. Акупаваную Польшчу немцы назвалі Гэнэральнай губэрняй. Мяжа паміж уладаньнямі Нямеччыны і СССР праходзіла цяпер па этнаграфічнай «лініі Курзона», аддзяляючай абшары палякоў ад земляў беларусаў і ўкраінцаў. Горад Беласток з акругай быў далучаны да Заходняй Беларусі.
У Вільні зараз-жа пачала выходзіць газэта «Беларуская Праўда", выдаваная журналістамі, прыехаўшымі з Менска. Хутка быў скліканы савецкімі ўладамі вялікі грамадзкі сход, на якім савецкія прамоўцы і мяйсцовыя беларусы, як А. Луцкевіч, жадалі далучэньня Вільні да БССР. Аднак хутка з Масквы прыйшла іншая дырэктыва і гэта акцыя была спыненая, а газэта «Беларуская Праўда» перастала выходзіць.
На аснове ўмовы паміж урадамі СССР і Летувы ўрад СССР перадаў Вільню з беларускай акругай Летувіскай дзяржаве. Гэта быў абшар 2750 кв. міль з насельніцтвам 457 500 чалавекаў. На аснове ўмовы аб гэтай перадачы ўрад СССР атрымаў права на вайсковыя базы ў Летуве для арміі і флёты марской і паветранай. Камісар замежных спраў СССР В. Молатаў высьвятліў гэтую справу ў прамове на 5-й надзвычайнай сэсыі Вярхоўнага Савету СССР наступна: «Віленская тэрыторыя належыцца Летуве не дзеля яе насельніцтва. Не, мы ведаем, што бальшыня насельніцтва на гэтым абшары не летувіская. Але гістарычнае мінулае ды імкненьні летувіскага народу цесна зьвязаныя з горадам Вільня і ўрад СССР уважаў за неабходнае шанаваць гэтыя маральныя фактары». Цынізм гэтага выясьненьня вочавідны, бо, аддаючы Вільню Летуве, урад СССР падрыхтаваўся да заняцьця ўсяе Летувы.
Яшчэ перад перадачай Вільні Летуве савецкія ўлады НКВД правялі масавыя арышты беларускіх дзеячоў у Вільні і вывезьлі іх у СССР. Арыштаванымі былі і наступныя выдатныя беларускія дзеячы: Аляксандра Уласаў, Антон Луцкевіч, Вячаслаў Багдановіч, Антон Нэканда-Трэпка, жонка Радаслава Астроўскага Антаніна і яго сын Віктар, У. Суліма-Самойла, Макар Косьцевіч, С. Бусел, В. Грышкевіч, К. Глінскі, Шнаркевіч і іншыя.
Пасьля выхаду савецкіх войскаў з Вільні туды 28 кастрычніка 1939 г. прыбыло з Ковенскай Летувы летувіскае войска, некалькі родаў паліцыі, уключна з хутка зьненавіджанай паліцыяй бясьпекі (Саўгума), і тысячы літоўскіх урадоўцаў. У гэтым часе ў Вільні было каля 8% мяйсцовага летувіскага насельніцтва. Летувіскі ўрад неадкладна распачаў гвалтоўную летувізацыю насельніцтва брутальнымі мэтадамі. Беларусам летувіскія ўраднікі гаварылі, што яны не беларусы, а загубленыя летувісы; ім трэба толькі зьмяніць прозьвішча, дадаючы летувіскае заканчэньне на -ас, -іс, і г. п. ды навучыцца летувіскае мовы. Прозьвішчы прымусова змяняліся, напр.: Мінкевіч на Мінкявічус, Астроўская на Астраўскайтэ, Врубэль на Жвірбліс і г. п.Беларускае выдавецтва цяпер ня мела магчымасьці разьвівацца, выходзіла толькі адна ўзноўленая беларуская газэта «Крыніца» і тая, хоць займала ў дачыненьні да летувісаў лёяльнае становішча, вельмі часта канфіскавалася. Беларускіх школаў на правінцыі летувісы не далі магчымасьці адчыніць. Там працавалі далей школы польскія, або летувіскія, і ў іх настаўнікі ў гутарцы з дзецьмі, роднай мовай якіх была беларуская, карысталіся расейскай або польскай мовай, падтрымліваючы такім парадкам далей варожыя беларусам і летувісам расейскія і польскія ўплывы. У Вільні, праўда, на месцы беларускае гімназіі летувісы дазволілі стварыць беларускую прагімназію і пры ёй пачаткавую школу, але прагімназія бяз большае колькасьці пачаткавых беларускіх школаў ня мела даплыву вучняў і прызначалася, відаць, на заміраньне. На разьвіццё беларускае каапэрацыі беларусы таксама не атрымалі магчымасьцяў.
Беспрацоўная беларуская інтэлігэнцыя як была, так і засталася беспрацоўнай. Беспрацоўе сярод беларусаў нават павялічылася. Так прыкладам, за палякамі на пошце ў Вільні працавала 12 беларусаў, а за летувісамі ніводнага на працу не прынялі. Працу ў летувісаў хутчэй атрымлівалі палякі, чымся беларусы. Пры гэтым тыя беларусы, што не радзіліся ў горадзе Вільні або ў ейнай акрузе, не маглі атрымаць летувіскага грамадзянства. Аднак беларусы саматужна праводзілі нацыянальную беларускую працу, гуртаваліся каля Беларускага Навуковага Таварыства, а таксама каля заснаванага ў Вільні Беларускага Цэнтру, ладзілі лекцыі, сходы і наагул рыхтаваліся да вялікіх падзеяў і зьменаў, якія ўжо можна было прадбачыць.