Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Хаця ключ ад сховішча Сікорскі насіў з сабою, аксамітная папера на пасылцы ў некалькіх месцах аказалася прадзертай. Але пад ёй выявіўся слой чырвонага кардону. Пан Сікорскі доўга змагаўся з уласным грамадзянскім сумленнем, нарэшце ўзяў тонкі сталёвы нож для разразання паперы і рана ранічкай, пакуль не з’явіліся падначаленыя, забег у сховішча і праткнуў чырвоны кардон... Але нож праз якія два вяршкі наторкнуўся на нешта цвёрдае, якое нажу не паддавалася. Так было з усіх бакоў. У адчаі Сікорскі раскалупаў адну дзірку пашырэй: за чырвоным кардонам бачылася дрэва...
Капуцкі відавочна не збіраўся прыязджаць у горад Б* і на пачатку лютага запатрабаваў выслаць дакументы аб сваёй адстаўцы і пакінутыя рэчы, што змясціліся ў адным невялікім чамаданчыку. Самае жахлівае, што настаўнік (а цяпер прыват-дацэнт Гарадзенскага медыцынскага інстытута) выслаў свой новы адрас, абсалютна дакладны. Неатрыманая пасылка мусіла нераспячатанай адбыць на ранішнім цягніку разам з настаўнікавым чамаданам у Гародню.
Снег пад ліпамі быў даўно стаптаны. І вы дарэмна думаеце, што гэта зрабілі каляднікі. Жыхары горада Б* палюбілі пад вокнамі паштовага аддзялення абмяркоўваць версіі пра змесціва Чорнай Скрыні. Утварыліся нават своеасаблівыя партыі прыхільнікаў тае ці іншай версіі. Самай шматлікай была партыя егіпецкай муміі. Многа было і прыхільнікаў версіі пра мамантавыя косткі і тэлескоп. Нешматлікай, але напорыстай сталася партыя версіі пра расчлянёны труп. Яе ўзначальвала жонка паштмайстра.
Спрэчкі пра Чорную Скрыню вяліся і ў Бурыгавай карчомцы за кубкам гарбузакаўскага піва «Зосечка», і ў пакоях губернатарскага дома. Гімназісты мужчынскай гімназіі, дзе яшчэ нядаўна настаўнічаў Капуцкі, у бальшыні былі перакананыя, што пасылка ўтрымлівае нешта такое, чым аб’ектыўна мусіла карыстацца іхняя гімназія,— тэлескоп там ці косткі, ці абсталяванне для хімічных доследаў. І не адзін баявіты гімназіст спрабаваў прабрацца ў сховішча пошты, маючы ў кішэнях, ранцы ці ў руках злавеснае начынне ўзломшчыка — стамескі, свярдзёлкі, ломікі, нават порах і нітрагліцэрыну... Звестка, што Чорную скрыню адпраўляюць у Гародню, ускалыхнула ўвесь горад Б*. Пані Сікорская наляцела на свайго мужа з сапраўдным адчаем жаўнера, які ідзе ў апошюю атаку.
— Толькі з-за тваёй упартасці пакутуе ўвесь горад! Няўжо нельга было адразу распакаваць тую клятую пасылку, і мы не трацілі б нервы, час і сяброўства.
— Але мы дзяржаўныя служачыя,— слаба абараняўся пан Сікорскі.— Мы не маем права... Ёсць інструкцыі...
— Чхала я на твае інструкцыі,— закрычала раз’юшаная кабета.— Калі вы дзяржаўныя служачыя, дык даўно павінны былі западозрыць нядобрае і выкрыць злачынства. Урэшце, запрасі жандараў, скажы, што ад пасылкі сыходзіць моцны трупны пах...
— Глупства...— мармытнуў Сікорскі.— Да таго ж Скрыня не надта цяжкая... Але...
— Але! — сцвердзіла пані Сікорская, і паштмайстар, адчуваючы раптоўную душэўную палёгку, паімчаўся ў жандармерыю горада Б*.
Ці варта казаць, што сховішча паштовага аддзялення не магло змясціць усіх жадаючых прысутнічаць пры ўрачыстым моманце адкрыцця Чорнай Скрыні, а ліпы вакол пошты страцілі не толькі высакародную шэрань, але і асобныя галінкі. Знутры вокны выглядалі, як вітрына крамы па распродажы расплясканых насоў і шалёных вачэй. Чорная абгортка, скрозь прадзертая і выпацканая, амаль страціўшая фольгавыя зоркі, зляцела ў адно імгненне, расшматаная мноствам рук. Той жа лёс спасціг скрыню з чырвонага кардону, што аказалася пад абгорткай, таксама прадзёртую і нават у адным месцы прапаленую. У кардоннай скрыні была фанерная, меншага памеру. Узмахнулі сякеры, і вачам прысутных адкрылася... яшчэ адна, меншая, скрыня з зялёнага кардону. Далей было: скрыня з кардону, абклееная фольгай; яшчэ адна скрыня з фанеры; скрыня з жоўтага кардону; скрыня з сіняга кардону ў гарошак; скрынка, абклееная паперай з анёлкамі, зоркамі і сняжынкамі, скрынка ружовая; скрынка блакітная, зноў чырвоная... Нарэшце ў самым цэнтры аказалася белая пляскатая скрыначка памерам з далонь, у якой ляжаў танны партабак і ліст з наступным тэкстам: «Дарагі Генусь! Віншуем цябе з Калядамі! Не забывай старых універсітэцкіх сяброў, наша брацтва за келіхам віленскага піва і вясёлыя калядныя жарты! Антось, Вітас, Рышард, Пятро, Анцыпар».
Пакой пошты быў увесь засыпаны каляровымі шматкамі паперы, кардону і трэскамі.
— За такія жарты па пысе трэба біць, панове,— разгублена сказаў пан Сікорскі.— Гэта ж прымушаюць працаваць дзяржаўных служачых, траціць сілы, энергію, нервы для перадачы такога паскудства...