Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:
Краіна была багатая. Краіну чакаў голад.
…Каля сляпога старца з лірай амаль не было людзей: не даць – грэх, а даць не было чаго. Стары спяваў: цёмны правал рота ў срэбнай барадзе. Лірнік быў такі стары, што барада яму была не ў загану. А ля яго акрамя дзвюх жанчын, якія плакалі, стаяў хлопец, можа, на нейкі год старэйшы за Алеся, невысокі, каржакаваты, з цёмна-русымі прыгожымі валасамі. Рысы ў хлопца былі няправільныя, але буйныя і нават у чымсьці прыгожыя. Цяжкаватае падбароддзе, вялікі цвёрды рот. Жарсткаваты няправільны нос. З тысяч і тысяч людзей, па адной толькі форме носа з крутымі ноздрамі, Алесь заўсёды пазнаў бы ў ім мясцовага, тутэйшага.
Невялікія, сінія з залатымі іскрынкамі, вочы хлопца былі цяпер задумлівыя і мяккія. Пасма валасоў падала на высокі чысты лоб. Ён слухаў. Слухаў, нахмурыўшы тонкія і чорныя, нібы тушшу наведзеныя, бровы.
Алесь побач з ім таксама пачаў слухаць пад тужлівыя ўздыхі баб.
Турэцкі кароль наступаў, каб узяць за сябе Андрэеву дачку. І не толькі яе.
І не вытрымала жаночае сэрца. Андрэева дачка ўцякла ў лес і, седзячы ў разгаліне дуба, рыхтавала падарункі каралю, загадвала сяброўкам вастрыць нажы, каб кроіць імі для яго ручнікі. І вось кароль падступіў з усёй сваёй чорнай сілай. І тады…
Страшна гулі струны:
Жабрак змоўк. Хлопец цяжка, быццам ад сну адрываючыся, уздыхнуў і кінуў на ліру тры медныя капейкі. Непаразумела зірнуў на Алеся. І раптам вочы сталі іранічныя і трошкі злосныя: убачыў, што гожы падлетак з шэрымі вачыма хоча пакласці на ліру срэбны паўрубель.
– Здурэў, ці што? – спытаў ён гучным кплівым голасам.
Алесь цярпець не мог, каб з яго кпілі незнаёмыя.
– Цябе не спыталі, – сказаў ён.
– Яно і відаць, што з залатых каптаноў. Галоўка, як макаўка, а розуму – як…
Загорскі ведаў, што працяг прыказкі злосны і трохі непрыстойны.
– Ты б паўтарыў, – з пагрозаю сказаў ён.
– А я не глухому гавару, – сказаў хлопец.
– То і відаць, што скнара. За такую песню паўрубля яму шкада.
– За гэтую песню мне мільёна не шкада. Ды толькі не з тваіх рук.
– А што мае рукі?
– А тое, што іншая дабрыня горшая за дурасць. А дабрыня багатага…
– Затое ты, відаць, з багатых. Сем коп лапцей…
Алесь сказаў гэта з вялікай крыўды. Але падлетак, апрануты сапраўды сціпла, здавалася, не пакрыўдзіўся.
– Люблю Сярка за звычай, – паказаў ён сляпуча белыя зубы. – Ды толькі не тыя паны, што грошы маюць, а тыя, што бога знаюць. Забяры свае бязбожныя грошы.
– Чым гэта яны горшыя?! – спытаў Алесь. – Чаго ты да мяне прычапіўся?!
– А тым, што яны дурной галавой дадзены, гэтыя грошы.
Алесь мераў хлопца вачыма. Так, той быў, відаць, дужэйшы, але ў яго было менш гнуткасці і спрыту.
– А я вось дам, дык ты і нагамі накрыешся, – сказаў хлопец.
– Ану дай. Сам пяты задзярэш.
Праз хвіліну яны малацілі адзін аднаго з усёй заўзятасцю падлеткаў.
Пыл так і курэў над месцам бойкі.
Урэшце яны стаміліся і, сапучы, стаялі, насцярожана сочачы адзін за адным.
– Атрымаў? – спытаў хлопец.
– Дый ты атрымаў.
У хлопца сапраўды распухла і без таго пухлая ніжняя губа; у Алеся вуха было чырвонае і пякло.
– Ну і што? – спытаў хлопец.
– А тое, што дурань, – ужо не так злосна сказаў Алесь.
Яны ўсё яшчэ сачылі адзін за адным, але відаць было, што бойка згасне.
– Гэта ты дурань, – сказаў хлопец. – Старога за твой паўрубель маглі б у паліцыю павесці. У бедных людзей бываюць толькі медныя грошы.
– А паперак няма? – буркнуў Алесь.
– Не ў старцоў, ёлуп хвашчоўскі.
Алесь разумеў, што хлопец кажа праўду, але вуха пякло, а незнаёмы яшчэ і лаяўся. Варожасць зноў пачала нарастаць.
– Ты хто такі? – не вельмі ветліва спытаў ён.