Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 106 107 108 109 110 111 112 113 114 ... 153
Перейти на страницу:

– Гэтак і запсець можна. У мядзведжай глушы.

Трынаццацігадовы хлопец ішоў цяпер з Кандраціем на паляванне, адчуваючы, што ён развітваецца з гэтым сонечным днём, з грывамі сярод азёр і балот, з аблокамі.

Грывы цягнуліся адна за адной. Кандрацію і Алесю трэба было прайсці імі вярсты тры, а потым заглыбіцца ў лес. З аднаго, правага, боку да грыў падыходзілі старыкі Дняпра. Злева цягнуліся залітыя вадою балоты – Равека выйшла з берагоў, – зарослыя шпажнікам, або мечнікам, як завуць яго ў Прыдняпроўі, аерам і высокімі сітнягамі. Там, у раскошы, гадаваліся, пакраквалі і часам цэлымі чародкамі ўзляталі качкі.

Паласа грыў сям-там, у тых месцах, дзе лішка вады пералівалася ў Дняпро, рассякалася пратокамі з чыстай вадой і пясчаным дном. Там можна было падсачыць кулікоў-турухтанаў. А можна было і проста збочыць у балота і ісці, чэрпаючы ваду вышэй халяў, адчуваючы, як цёпла ў ёй нагам, палохаючы качак, якія лянотна ўздымаюцца ў паветра.

– Які гэта бандзюк тут ходзіць?.. Рап-рап… Пасядзець спакойна не даюць… Рап… рап…

Кандраці і Алесь ішлі, падзеленыя верхавінай грады, нябачныя адзін для аднаго.

Алесь трымаў стрэльбу напагатове, крочыў па травах насустрач поўным снежным аблокам, цені якіх часам спакойна прапаўзалі па сітнягах, па рабізне сіняй вады, па грывах, па ім самім.

Зрэдку сустракаліся нізкарослыя дубкі, кучаравілася хваткая шыпшына, расшытая аранжавымі ягадамі. А потым зноў былі травы ды вада, вада ды травы.

Верасовыя пустэчы, аблітыя сонцам, так цвілі, што павольныя аблокі, адбіваючы іх несамавітае цвіценне, былі афарбаваныя знізу ў лёгкі пурпур.

Алма бегла наперадзе, часам азіралася на Алеся. І ўвесь гэты камячок калматай плоці аж дрыжаў ад паляўнічай страсці. А шагрэневы чорны нос лавіў тысячы пахаў: пахі вод, пахі траў, а сярод усяго гэтага – дамавіты пах качкі, дзікаваты павеў дупеля і востры – аж мутарна – смурод вадзянога бугая.

Алесю не хацелася стрэламі парушаць велічна-ласкавай цішыні. І толькі пачуўся стрэл Кандрація, ён зразумеў, што трэба пачынаць і яму. Алма якраз успудзіла з сітнягоў чырка, і Алесь зрэзаў яго. Потым ён збочыў у залітае вадою балота, нават не балота – ногі цяпер адчувалі гэта, - а мокры поплаў, напалову сажня заліты высокай іллінскай вадой.

Сабака плыў, а там, дзе было плытка, скакаў, робячы часам асабліва высокі падскок над сітнягамі, каб убачыць, дзе гаспадар. А потым зноў толькі непрыкметнай змейкай варушыўся мечнік ды далятала з яго характэрнае броханне – жыватом па вадзе – спаніэля.

І раптам гэта броханне сціхла. Цвёрда ведаючы, што, каб гэта быў падранак, Алма на мокрым месцы спаймала б яго і прынесла гаспадару, а не проста віляла задам над здабычай, як гэта робяць спаніэлі на сушы, - Алесь пайшоў туды, дзе замёр у мечніку сабачы бег.

І спыніўся, уражаны. Алма стаяла і глядзела ў хмыз, затоплены вадой.

На галіне, угнуўшы яе сваім цяжарам, віселі над самай вадою вышываныя саквы, якія носяць аўчары, гожыя саквы з чорнага лямцу, расшытага белай воўнай. З адной саквы тырчала рукаяць пісталета, відаць, дарагога, аздобленага старым матавым срэбрам. Не падобна было, каб саквы нехта павесіў: занадта неахайна, на адзін бок, яны звісалі. Схіліся галіны яшчэ трошкі – і пісталет выпаў бы ў ваду. Відаць, нехта проста спяшаўся ўначы цераз балота і, згубіўшы саквы, не меў часу вярнуцца і адшукаць іх у цемры.

Алесь зняў саквы і, перакінуўшы іх цераз левую руку, стаў мераць вачыма: куды бліжэй за ўсё было невядомаму чалавеку выбрацца на сухое.

Грывы канчаліся трохі наводдаль, а за імі, над межытокай, барвелі ў густой зелені плямы ўжо чырвоных асінак. Алесь перайшоў уброд межытоку і заглыбіўся ў лес, не думаючы аб тым, што Кандраці будзе шукаць яго.

Алма вяла кудысьці, шнырачы ў траве. І вось бяга яе паскорылася, а потым яна стала і насцярожана напялася спінкай.

– Туба, Алма, – шэптам сказаў Алесь.

Расхінуўшы галіны, ён убачыў чалавека. Чалавек ляжаў ніцма, і ногі ягоныя вышэй калень былі аблеплены гразёю, карычневай скарынкай высахлай гразі. Раскінутыя рукі абдымалі зямлю. Густой грывай ляжалі на траве чорныя валасы, перавітыя цэлымі жмуткамі сівога павуціння.

Алесь прысеў над чалавекам на кукішкі і крануў яго за плячо. Крануў і спалохаўся, бо той з раптоўным пакутлівым стогнам кінуўся ўбок, і пад яго целам аказалася стрэльба з прыкладам, залітым крывёй.

Алесь працягнуў чалавеку саквы.

– Твае? – спытаў ён.

І асекся, убачыўшы знаёмы твар.

– Война, – сказаў ён.

Рука чалавека схапіла саквы і пацягнула іх да сябе.

– Чаго ты хапаеш? – сказаў Алесь. – Ты бяры. Адбіраць не буду.

1 ... 106 107 108 109 110 111 112 113 114 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)