Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I
Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I». Краткое содержание книги:

«Груша цьвіла апошні год». Гэты незабыўны сказ уводзіць нас у незабыўны сьвет раману ў двух кнігах Уладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Раман прысьвечаны падзеям напярэдадні паўстаньня 1863-1864 гадоў у Беларусі. А першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, чытаючы адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку». Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману «Каласы пад сярпом тваім», і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет кааб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 153
Перейти на страницу:

Праводзіць абоз павінен быў Алесь. Па-першае, людзі з канторы былі ў разгоне, па-другое, хай звыкае да спраў, па-трэцяе, час хлопцу, наогул, паглядзець свет. Цэлую зіму яшчэ сядзець яму ў Загоршчыне ды ў Вежы, перш чым пойдзе ў гімназію. Цэлую зіму вучыцца, цэлую зіму практыкавацца ў мовах, слухаць Фельдбаўха, monsieur Jannot і іншых. Бацька і той здзіўляўся сынавым поспехам і доўгацярплівасці… Хай едзе, хай паглядзіць свету.

І пачалася далёкая дарога.

Рыпелі колы вазоў, ішлі каля іх мужыкі. А малады Загорскі то ехаў ля абозу на мышастай Касюньцы, то зварочваў з дарогі і скакаў мяккімі прасёлкамі, праязджаючы вёскі і хутары, то ляжаў на возе, высока-высока, і глядзеў на залатыя аблокі.

Якія бясконцыя дарогі! Якія заблытаныя раздарожжы за дзесяткамі сцежак, што ўліваюцца ў іх! Якія пахілыя драўляныя крыжы, усе шэрыя і ў глыбокіх трэшчынах, стаяць на скрыжаванні шляхоў.

Цягнуцца паўз іх вазы, ідуць вандроўнікі з трохграннымі вострымі кіямі і клункамі за спіною. Ідуць баркалабаўскія старцы з сінявокімі хлопчыкамі празрыстай іканапіснай прыгажосці.

Бабы нясуць за спіной паклажу, з вузлом закруціўшы на грудзях канцы хустаў. І вузкімі, нейкімі асабліва жаноцкімі і пададзенымі наперад здаюцца іхнія плечы, сціснутыя жорсткай тканінай, у якой ляжыць нерухомы цяжар.

Спявае ліра пад прыдарожным вязам. Часам сонца закрые дымна-агатавая завеса мімалётнага дажджу. І тады ногі месяць дарожную гразь, – тысячы ног, – і корчмы робяцца асабліва цёмныя, а паловая шкура коней робіцца гнядой.

І на ўсё гэта – колькі ўжо год! – глядзіць абведзенымі сінькай вачыма, увесь у падцёках, пафарбаваны вохрай і мядзянкай распяты Хрыстос.

…Свіслач, аб якой Алесь дагэтуль нават не чуў, была маленькім мястэчкам.

Сярод будынкаў ці не самым вялікім здаваўся будынак прагімназіі. Але і ён быў запушчаны, як амаль усе астатнія будынкі мястэчка. Там, дзе калісь былі пляцоўкі для гульні ў мяч, куртыны і баскетныя агароджы, цяпер – і на двары і на вуліцы – цягнуліся зарасці пахучых дробных рамонкаў ды трыпутніку, сярод якіх губляліся сцежкі.

Мястэчка рыхтавалася да гадавога кірмашу, які меў пачацца паслязаўтра, пятнаццатага жніўня, і таму на пляцы было ўжо даволі густа і людна. Стаялі запакаваныя вазы, цюкамі ляжала воўна, жавалі жвачку валы.

Цётчын дом быў за нейкія паўвярсты ад канца мястэчка: вялікі, драўляны, пад саламянаю страхою – на галерэях і шчапяным дахам – над жылымі пакоямі. Вялікі сад спускаўся ў вільготны, звонкі ад шматлікіх ручаін, цяністы яр.

Старасвецкія ўтульныя пакоі з нізкаю столлю.

На вокнах акрамя першых рам былі і другія, з каляровымі шкельцамі. Яны замянялі аканіцы. А ў саміх пакоях стаяла даўняя мэбля: пузатыя арэхавыя сакратэры, дубовыя разьблёныя скрыні ля сцен і кутнія – адна на чатыры пакоі – вельмі цёплыя печкі, выкладзеныя галандскімі кафлямі. На белых плітках плылі пад усімі ветразямі сінія караблі.

Цётка, маленькая, рухавая жанчына ў акулярах, сустрэла Алеся абдымкамі.

– Прыехаў, сынок… Ну, вось і добра ўжо, што прыехаў… Кірмаш пачнецца, наедуць навакольныя з хлопцамі і дзеўкамі… Будзе і ў нас весела.

Насенне загадала перамераць і пассыпаць у свірны, але ад грошай адмовілася:

– Дзякуй богу, галадаць не давядзецца. Абнасенімся вашым збожжам, а астатняе можна пусціць на хлеб. Мне што? Ежа – свая, наліўкі – свае. Вопраткі – поўныя скрыні. І нічога мне не трэба, хіба што калода карт – адна на тры месяцы: у “хобаля” згуляць ды часам пасьянец (яна так і сказала – “пасьянец”) раскласці.

Мітусілася, збіраючы на стол разам з дзеўкай:

– Дзякую пану Юрыю. Такое ўжо няшчасце! Проста хоць сядай на зямлю ды спявай “Ой вы, гробы, гробы, сусветныя домы”…

Пасур’ёзнела:

– Хай пан Юры не думае. Насенне на тую восень аддам. Дзеля спакойнага сну. Не хачу, каб мне ўначы д’яблы сніліся ды яшчэ, крый божа, язычнікі-салдаты.

– Злітуйцеся, цётухна, – засмяяўся Алесь, – якія ж салдаты язычнікі?

– Язычнікі, – упэўнена сказала Тацяна Галіцкая. – Хто ж гэта, акрамя язычніка, будзе страляць у людзей, толькі з-за гэтага зброю насіць ды яшчэ і клясціся нячыстай клятвай, што будзе страляць і не будзе пручацца, калі загадаюць… Язычнікі і ёсць!.. Ну, а каб Хрыстос другі раз прыйшоў? То ж бо! Так бы яны і стаялі са сваёй клятвай другі раз каля крыжа, як, не раўнуючы, рымскія галаногія бандзюкі.

Цётка Алесю спадабалася. Паказвала гаспадарку: чатырох коней, два з якіх былі пад выезд, трох галандскіх кароў, пекінскіх качак і курэй-легорнаў.

1 ... 101 102 103 104 105 106 107 108 109 ... 153
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)